Вы тут

Прыгажосць перадусім


Гран-пры 56-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» атрымала факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».


Айчынная выдавецкая галіна і ў краіне, і ў міжнароднай супольнасці традыцыйна адзначаецца за захаванне высокай культуры кнігі. Таму і Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», што ў нашай краіне прайшоў вось ужо 56-ы раз, засведчыў: беларусы шануюць кнігу, чытанне, нашы нацыянальныя каштоўнасці, якія знайшлі ўвасабленне ў літаратуры. Так, на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Рэспублікі Беларусь былі ўганараваныя 38 самых адметных кніг, а таксама мастакі і дызайнеры, якія прадставілі самыя прыгожыя выданні. Урачыстая цырымонія прайшла падчас ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. «Калі ў краіны такое паважлівае стаўленне да кнігі, яна мае выдатную будучыню», — адзначыла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

Адметна, што цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу сабрала не толькі спецыялістаў галіны, але і многіх аматараў прыгожай кнігі. Сярод іх — Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.

Пра імкненне зрабіць кнігу не толькі цікавай, але і знешне прывабнай разважаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. А пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак распавёў, што многія кнігі, якія сёлета атрымалі ўзнагароды конкурсу, былі аформленыя маладымі мастакамі.

Сімвалічна, што конкурс «Мастацтва кнігі», які праходзіць пад патранатам Міністэрства інфармацыі, сёлета быў асветлены зоркай Францыска Скарыны. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання тут прадстаўленая намінацыя «Першадрук». Яе пераможцам стала кніга Анатоля Цітова «Шляхамі Францыска Скарыны», што пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». У гэтай жа намінацыі адзначаныя адразу два праекты «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі». Так, дыплом І ступені атрымала трохтомная дзіцячая энцыклапедыя пра першадрукара, падрыхтаваная намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдатам культуралогіі Алесем Сушам, а спецыяльны дыплом прысуджаны кнізе «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку». Не застаўся без увагі і праект выдавецтва «Мастацкая літаратура» «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка»: ён атрымаў дыплом ІІ ступені.

Тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прагучала і ў намінацыі «Садружнасць», дзе адзначаюцца найлепшыя сумесныя выдавецкія праекты ў межах СНД. Тут пераможцам стала кніга Алеся Сушы «Францыск Скарына — чалавек свету».

Заўважыла кампетэнтнае журы і кнігі, што пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Дыплом І ступені ў намінацыі «Літ-фармат», дзе адзначаюцца найпрыгажэйшыя літаратурна-мастацкія выданні, атрымала кніга Міколы Мятліцкага «Скарб бяздонны», а ў намінацыі «Арт-кніга» — найлепшы выдавецкі праект па мастацтве — дыплом ІІ ступені прысуджаны альбому «Рукою майстра. Творчасць мастакоў Міншчыны». Па традыцыі былі названыя пераможцы конкурсу ў персанальных намінацыях. «Найлепшым ілюстратарам» стаў Павел Татарнікаў, а «Найлепшым дызайнерам кнігі» — Дзяніс Раманюк.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».