Вы тут

Адчуць сябе майстрам XVI стагоддзя


Што здзівіла гасцей на ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы? Даўжэзная — на палову выставачнага комплексу — чарга па аўтографы да нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, друкарскі варштат, на якім кожны ахвотны мог надрукаваць першы аркуш Скарынавай Бібліі... Прыкметнае месца на сёлетняй выстаўцы займалі беларускамоўныя выданні, прадстаўленыя на стэндах дзяржаўных і прыватных айчынных выдавецтваў. Пляцоўкі Польшчы, Літвы, Чэхіі, Швецыі і Ізраіля таксама сустракалі гасцей беларускімі кнігамі — перакладамі вядомых твораў мастацкай літаратуры.


Каля 55 тысяч наведвальнікаў прыйшлі на выстаўку, каб сустрэцца з айчыннымі пісьменнікамі, узяць удзел у конкурсах і майстар-класах, знайсці «сваю» кнігу ў шырокім асартыменце мастацкай, навуковай, дзіцячай літаратуры. Да таго ж усе цікаўныя маглі вызначыцца з выбарам моўных курсаў, зрабіць адмысловую «аўраграму», пазнаёміцца з карэйскім пісьмом і атрымаць скрутак з замоўленым словам, напісаным на рысавай паперы.

У цэнтры ўвагі знаходзіўся стэнд Вялікабрытаніі — ганаровага госця сёлетняй выстаўкі. Фотаздымкі ля знакамітай тэлефоннай будкі ці побач з усмешлівым хлопцам у шатландскім касцюме ўпрыгожылі нямала старонак у сацыяльных сетках. Да таго ж на стэндзе можна было даведацца пра адукацыйныя праграмы для замежнікаў, згуляць у моўныя віктарыны, папрактыкавацца ў складанні пазлаў і, вядома, здзейсніць даўнюю школьную мару — паразмаўляць з «сапраўднымі» брытанцамі, якія рэагавалі на моўныя памылкі больш добразычліва, чым настаўнікі.

— Мова патрэбна, каб людзі паразумеліся, і вельмі прыемна, што мінская кніжная выстаўка дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, — адзначыў Мэл Роджэрс, арганізатар курсаў англійскай мовы Online class. — Тут шмат кніг, шмат наведвальнікаў, шмат прадстаўнікоў розных краін. Беларусы хочуць больш ведаць пра іншыя краіны і іншых людзей, а замежнікі хочуць больш ведаць пра Беларусь — і гэта вельмі істотна!

Цікавыя сустрэчы і прэзентацыі адбываліся на стэндах розных краін — але галоўнае, што сярод шматлікіх прапаноў не згубілася сваё, беларускае. Не меншая чарга, чым да друкарскага варштата, цягнулася да стэнда, дзе Уладзімір Арлоў падпісваў кнігу «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі», створаную разам з мастаком Паўлам Татарнікавым. Маленькім наведвальнікам надзвычай спадабалася тэатралізаваная прэзентацыя кнігі Алены Масла «Мяне завуць Лахнеска», а аматары мастацкай літаратуры з задавальненнем фатаграфавалі Алеся Разанава і Людмілу Рублеўскую. Непасрэдныя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і новымі кнігамі надоўга падмацоўваюць нашу цікавасць да літаратуры, да свету творчасці і ведаў!

Галоўнай атракцыяй выстаўкі быў друкарскі варштат, узноўлены Уладзімірам Ліхадзедавым па старых гравюрах і літаграфіях. Вядомы гісторык і калекцыянер заўсёды цікавіўся развіццём беларускага пісьменства і кнігадрукавання, таму і ўзнавіў варштат ХVІ стагоддзя, адпаведны таму, на якім друкаваліся кнігі Францыска Скарыны. У свеце ёсць усяго некалькі такіх варштатаў, і ўнікальнае прыстасаванне Уладзіміра Ліхадзедава — адзінае на постсавецкай прасторы.

На гэтым друкарскім варштаце было аддрукавана 12 экзэмпляраў адноўленай Скарынавай Бібліі, высока ацэненай спецыялістамі. А падчас ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу кожны наведвальнік мог адчуць сябе майстрам ХVІ стагоддзя і прынесці дадому дзве старонкі Скарынавай Бібліі, надрукаваныя на ільняной паперы, зробленай па тэхналогіі, якой ужо большза паўтысячы гадоў.

Кніжная выстаўка сталася чацвёртай прэзентацыяй друкарскага варштата ў Беларусі. Узноўленае абсталяванне разборнае, яго можна перавозіць. Уладзімір Ліхадзедаў спадзяецца наведаць са сваёй камандай іншыя святы і мерапрыемствы.

— Мы гатовыя прывезці не толькі друкарскі варштат, але і іншыя прыстасаванні, на якіх можна надрукаваць гравюру альбо літаграфію. Галоўнае, каб былі плошчы і зацікаўленыя людзі. У найбліжэйшы час плануецца стварыць у Вілейцы музей «У пошуках страчанага», дзе будзе вялікая экспазіцыя, прысвечаная беларускаму пісьменству і развіццю кнігадрукавання. Сабрана вялікая колькасць друкавальнай тэхнікі: узноўлены друкарскія варштаты ХVІ стагоддзя, адрэстаўраваны варштаты ХVІІІ, ХІХ стагоддзяў. Асаблівасць музея — яго экспанаты будуць дзейнічаць, на кожным станку можна будзе нешта зрабіць,  - адзначыў Уладзімір Ліхадзедаў.

Калі меркаваць па цікавасці да варштата, будучы музей не застанецца без наведвальнікаў. І сапраўды, чаму б не стварыць уласную калекцыю з адбіткаў старонак самых значных беларускіх старадрукаў?..

Алеся Лапіцкая

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.