Вы тут

Жыве ў свеце Слова


Што для пісьменніка час? Тое, што ён выкарыстоўвае, ці тое, што ён узнаўляе? Хтосьці ўзнаўляе, а хтосьці выкарыстоўвае. А пісьменнікі здольныя яшчэ і памнажаць. Да таго ж пісьменнік здольны не толькі дыхаць літаратурай, але і натхняць іншых. Так падчас сімпозіума разважаў турэцкі творца, аўтар гістарычных раманаў Іскандэр Пала. У гэтым сэнсе дзейнасць Францыска Скарыны — крыніца натхнення не толькі для пісьменнікаў.


Скарынава спадчына — сапраўдны скарб, пакінуты для нашчадкаў, паслядоўнікаў. Каб трымалі руку на пульсе часу. Каб ведалі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі гасцінна расчыніла дзверы для гасцей ІІІ Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі», які прайшоў у межах ХХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Форум аб’яднаў прадстаўнікоў 17 краін Еўропы і Азіі, у тым ліку Расіі, Фінляндыі, Італіі, Кітая, Пакістана, Туркменістана, — пісьменнікаў, выдаўцоў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання, міністэрстваў і ведамстваў. Удзельнікі сімпозіума абмяркоўвалі шмат праблемных пытанняў, якія датычылі постаці Францыска Скарыны ў беларускай і сусветнай культуры, літаратурных узаемасувязей у кантэксце міжнародных агульнакультурных узаемаадносін, а яшчэ — функцый літаратуры ў сучасным свеце.

— Мы вельмі цэнім тыя літаратурныя кантакты, гуманітарныя праекты, якія рэалізуюцца нашай краінай сумесна з замежнымі дзяржавамі, — зазначыла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. — Мы ўпэўнены, што ўнёсак Францыска Скарыны ў развіццё кнігадрукавання — гэта не толькі нацыянальная каштоўнасць Беларусі, гэта каштоўнасць усяго свету. Асобы планетарнага маштабу ёсць у кожнай краіны. Гэта наша духоўная апора, наша маральнасць, гістарычная спадчына. Гэта тыя вобразы і вытокі, якія сілкуюць беларускую дзяржаўнасць.

Лілія Ананіч падкрэсліла: Францыск Скарына — чалавек свету. У нашай краіне створаны рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Запланаваная вялікая праграма: форумы, сімпозіумы, круглыя сталы, выстаўкі, канферэнцыі, у тым ліку і за межамі нашай краіны.

Паводле слоў мадэратара сімпозіума, намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча, пастаянным партнёрам і суарганізатарам форуму з’яўляецца Саюз пісьменнікаў Беларусі.

— Пяцьсот гадоў таму ў беларусаў з’явілася друкаванае слова. З тых часоў палітычная карта свету істотна змянілася, бо разбураліся і ствараліся сотні краін. А слова і літаратура, нягледзячы ні на што, жывуць і будуць жыць. Гэта і ёсць стрыжань стасункаў паміж людзьмі і дзяржавамі, — прывітаў удзельнікаў сімпозіума старшыня СПБ Мікалай Чаргінец.

Прэзідэнт Пакістанскай акадэміі літаратуры Касім Бугіо (Бугіо Махамад Касім) звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на тое, што ў Пакістане гавораць на 74 мовах. У акадэміі літаратуры ёсць аддзел перакладаў, дзякуючы якому ў Пакістане ведаюць творчасць рускіх класікаў: Фёдара Дастаеўскага, Максіма Горкага, Льва Талстога. Спадар Касім Бугіо ўпэўнены: у сучасных сродках масавай інфармацыі слова пісьменніка павінна гучаць як мага часцей.

Таксама стаў госцем сімпозіума фінскі пісьменнік Ціма Парвела. Сёлета ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет яго дзіцячая кніга «Эла і сябры», якую па-беларуску перастварыла Алена Казлова. Гэта вялікі крок наперад у развіцці беларуска-фінскіх літаратурных стасункаў. Сёння ў актыве Ціма Парвела — каля трыццаці кніг, перакладзеных на столькі ж моў. І прадаюцца яны ці не ў 40 краінах свету. А Муртазо Зайніддзінаў з Таджыкістана прадставіў на сімпозіуме цэлае даследаванне пра гістарычныя карані таджыкска-беларускіх літаратурных сувязей!

«Было время, что не было времени, / Будет время — его и не будет...» — гэта радкі з верша расійскага паэта Генадзя Фралова. Так засяродзіўся на праблеме часу першы сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Генадзь Іваноў. Дый увогуле, тэма «Пісьменнік і час» — надзвычай вострая для творцаў усіх пакаленняў.

Яна ЯВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.