Вы тут

Юныя вынаходнікі прадставілі свае праекты на конкурсе BelSEF


“Мая распрацоўка можа падоўжыць жыццё літый-іонных акумулятараў прыкладна ў два разы, — абяцае вучань Дзяржынскай гімназіі №1 Максім АКУЛІЧ. — Такія батарэі выкарыстоўваюцца ў смартфонах, ноўтбуках і іншых прыстасаваннях, і большасць людзей проста выкідае іх, калі яны становяцца неэфектыўнымі. Скарыстаўшыся маёй тэхналогіяй, можна даць батарэям другое жыццё”. Праект Максіма — толькі адзін з шэрагу інавацый, што прадставілі ўвазе публікі ўдзельнікі конкурсу Belarus Science and Engineering Fair — 2017 (BelSEF), арганізаванага Паркам высокіх тэхналогій, карпарацыяй Intel, Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Найлепшыя з распрацовак у маі адправяцца прадстаўляць нашу краіну на сусветным фінале ў амерыканскім Лос-Анджэлесе.


— Пасля таго як акумулятар адслужыў сваё, мы можам выняць з яго сепаратар, а таксама алюмініевыя і медныя пласціны, — працягвае Максім. — Пасля гэтага пры дапамозе лазера (я карыстаюся звычайным DVD-прывадам ад персанальнага камп’ютара) можна апрацаваць вуглярод і атрымаць адну з яго мадыфікацый — графен. Вярнуўшы ўсё на месцы, мы атрымаем фактычна новы акумулятар. Так, напрыклад, тэставы экзэмпляр паказаў амаль стопрацэнтную аднаўляльнасць пасля правядзення працэдуры — аб’ём накапляльніка склаў 1900 міліампер за гадзіну, гэта нават трохі больш, чым заяўляе вытворца. Колькасць цыклаў зараду-разраду пры гэтым застаецца ранейшай — не менш за 500 разоў.

Да распрацоўкі ўласнага велакамп’ютара дзесяцікласніка Барысаўскай гімназіі №1 Вадзіма МАШНІЦКАГА падштурхнула жыццё — хлопец любіць катацца на веласіпедзе і хоча сачыць за статыстыкай сваіх прагулак, але адпаведная электроніка каштуе сур’ёзных грошай. Замест таго каб спустошваць бацькоўскі кашалёк, хлопец стварыў уласную сістэму кантролю за паездкамі. Яго камп’ютар “умее” падлічваць дыстанцыю, якую прайшоў веласіпедыст, вызначаць хуткасць, аўтаматычна запальваць ліхтары, калі на дварэ цёмна, строіць графікі актыўнасці падчас падарожжаў і многае іншае. Цяпер Вадзім плануе надрукаваць на 3D-прынтары больш прэзентабельны корпус для сваёй прылады, падключыць да сістэмы самыя розныя аксесуары і дадаць магчымасць агучвання лічбаў камп’ютарам праз дынамік, каб не адцягваць вочы веласіпедыста ад дарогі. Яшчэ адна ідэя — сінхранізаваць прыладу са смартфонам.

— Інсульт — адно з парушэнняў, папярэдзіць якія практычна немагчыма, — расказвае трэцякурснік Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Максім КІР’ЯНАЎ. — У 70 працэнтах выпадкаў чалавек страчвае адчувальнасць рук, і для рэабілітацыі звычайна выкарыстоўваецца масаж, які робіць медсястра. Я прапаноўваю аўтаматызаваць увесь працэс, для гэтага былі створаны пальчаткі, якія аднаўляюць адчувальнасць і працу пальцаў. У маёй прыладзе ўсталяваны пяць сервапрывадаў і столькі ж вібраматораў, якія робяць усю працу за чалавека, — стымулююць нервовыя канцы і дапамагаюць хвораму адчуць свае рукі. На жаль, рэалізаваць праект пакуль што немагчыма, бо любыя медыцынскія прыстасаванні патрабуюць сертыфікацыі, але я выслухаў заўвагі і парады ад журы, таму спадзяюся, што ў хуткім часе мае пальчаткі з’явяцца ў айчынных бальніцах.

Сямікласніца 11-й школы Магілёва Анастасія ІВАНЮШЫНА прапаноўвае выкарыстоўваць апілкі і непатрэбны кардон у якасці паліва. Для гэтага дзяўчына распрацавала ўласную ўстаноўку, якая дапамагае рабіць з адходаў карысныя брыкеты. Яна ўяўляе сабой невялікі прэс, які дазваляе перапрацоўваць сумесь апілак і кардону ў паліва. Дзяўчына сцвярджае, што па ўдзельнай цеплаце згарання атрыманае паліва не саступае традыцыйным пелетам.

— Мы ўжо даўно займаемся робататэхнікай разам з маім сябрам — Андрэем Маліноўскім, — расказвае вучань гімназіі-інтэрната Мядзела Вадзім ВАЛАСЕВІЧ. — Аднойчы падумалі: чаму б не стварыць нешта сур’ёзнае? І прыдумалі робата-ратавальніка. Падчас надзвычайных сітуацый або катастроф наша машына можа знаходзіць людзей, падымаць іх з-пад завалаў. Гэта дапаможа ратаваць людзей у цяжкадаступных месцах, а таксама знізіць рызыку гібелі саміх ратавальнікаў. Мы спецыяльна размясцілі цэнтр цяжару так, што робат можа ездзіць пад вуглом, большым за 45 градусаў, а на кожным траку гусеніцы размясцілі рызінавае кальцо, якое павінна абараніць тэхніку ад паломак у цяжкіх умовах. Пакуль што ўсё існуе толькі ў выглядзе прататыпа — мадэлі, зробленай з канструктара Lego, але мы спадзяёмся, што наша распрацоўка зацікавіць МНС.

Дзесяцікласнік слуцкай сярэдняй школы №11 Ян ШЛЯХАЎ стварыў рэсурс пад назвай “Asklepi”. З яго дапамогай любы карыстальнік можа знайсці лекі ў аптэках, што знаходзяцца на пэўнай адлегласці ад яго месцазнаходжання. Праграма сама паказвае кошт таблетак, параўноўвае іх з іншымі гандлёвымі пунктамі (а значыць, дапамагае сэканоміць), паведамляе пра час працы аптэк, пракладвае маршрут. Яшчэ адна важная дэталь — алгарытм распазнае прэпараты, якія маюць розныя назвы, але аднолькавае дзеючае рэчыва. Гэта таксама дапамагае рацыянальна расходаваць фінансы.

 — Адна з галоўных прычын турботы гарадскіх жыхароў — пітная вада, — лічыць дзевяцікласнік 50-й сталічнай гімназіі Максім СЫСОЕНКАЎ. — Цяпер яе звычайна апрацоўваюць хлорам, што выклікае пэўныя пытанні: ці не шкодзіць гэтае рэчыва арганізму і ці дастаткова яго ў вадзе, каб знішчыць усе небяспечныя мікраарганізмы? Для адказу на іх людзі звычайна карыстаюцца спецыялізаванымі метадамі, напрыклад, здаюць ваду на аналіз у лабараторыю. Але гэта каштуе вялікіх грошай, да двухсот рублёў. Мы ж прапаноўваем рабіць тэст самому ў дамашніх умовах. Для гэтага трэба мець некалькі рэчываў, што прадаюцца ў аптэках і сумарна каштуюць не больш за пяць рублёў. Змешваючы ёдыд калію з любой кіслатой мы атрымаем своеасаблівы індыкатар: калі хлору ў вадзе вельмі шмат, раствор стане цёмна-фіялетавым, калі мала — празрыстым. Такім чынам можна візуальна вызначыць, ці адпавядае вада з вашага крана тэхнічным нормам. Мы ўжо пратэсціравалі пробы вады з розных раёнаў сталіцы і заўважылі, што канцэнтрацыя хлору не заўсёды адпавядае заяўленай.

Дзесяцікласніца жодзінскай гімназіі №1 Аляксандра КАХАВЕЦ звярнула ўвагу на праблему з сумнікам — раслінай, што трапіла ў Беларусь з Паўночнай Амерыкі і стала імкліва заваёўваць айчынныя палі і лясы. Дзяўчына ўпэўнена, што знішчаць агрэсіўны інвазіўны від не трэба, замест гэтага можна выкарыстаць яго ў сваіх мэтах. Школьніца распрацавала тэхналогію атрымання так званых флаваноідаў (рэчываў, што маюць супрацьпухлінны і супрацьзапаленчы эфект) з гэтай расліны, а таксама прыдумала, як выкарыстоўваць расліну ў энергетыцы — па цеплааддачы брыкеты з сумніку апераджаюць дровы, сланцы і торф, а саступаюць толькі каменнаму вугалю. Аляксандра ўпэўнена, што пры наладжванні збору і арганізацыі перапрацоўкі сумніку краіна зможа атрымаць дадатковыя фінансавыя сродкі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».