Вы тут

"Хацеў забіваць дзеля забавы"


Пачаўся суд над хлопцам, які ўчыніў расправу бензапілой у гандлёвым цэнтры.

Разглядаць гэту справу пачалі ў Мінскім гарадскім судзе. Пасяджэнне праходзіла ў адкрытым рэжыме. Паслухаць працэс прыйшло шмат студэнтаў, у тым ліку з Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО", дзе вучыўся абвінавачваны. "Проста цікава", "Мне будзе гэта карысна як будучаму юрысту" — тлумачылі яны сваю прысутнасць.


Нагадаем, увечары 8 кастрычніка 2016 года 17-гадовы Уладзіслаў Казакевіч зайшоў у гандлёвы цэнтр "Еўропа" з бензапілой і сякерай і пачаў нападаць на людзей. У выніку загінула 43-гадовая прадавец, яшчэ дзве жанчыны атрымалі раненні. Экспертыза прызнала, што хлопец быў у стане свядомасці. Максімальнае пакаранне, якое пагражае Уладзіславу, — 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Для маці загінуўшай, Марыі Іванаўны, жыццё раздзялілася на "да" і "пасля".

— Не выказаць словамі той боль, які мой муж і я перажывалі з-за гібелі дачкі. Няма нічога больш страшнага, чым хаваць сваё дзіця, якое было так па-зверску забіта. Гэты дзень, калі сказалі, што Леначкі больш няма, для мяне стаў самым страшным... Я дагэтуль чакаю званка ад яе... — Марыя Іванаўна хвалюецца. Дрыжаць рукі, голас, жанчына не можа стрымаць слёз. — Мужу адразу не прызналіся, баяліся за яго здароўе. Сказалі, што Лена ў бальніцы ў цяжкім стане.

Бацькі Уладзіслава, па словах Марыі Іванаўны, тады не праявілі ніякіх эмоцый. "Я чатыры дні была ў Мінску, прыязджала на пахаванне (жанчына з мужам жыве ў вёсцы ў Нясвіжскім раёне. — Аўт.). Ні званка ад іх. Толькі за некалькі тыдняў да суда яны выказалі свае спачуванні".

Сястра загінуўшай, Наталля, успамінае: калі раніцай 9 кастрычніка даведалася пра смерць Алены, не магла ў гэта паверыць.

— Адразу паехала да яе дамоў. Складана было знайсці словы падтрымкі для мужа сястры і пляменніцы. Бацькам па тэлефоне гэту навіну паведамляць не хацелі, паехалі да іх у вёску... Сястра была мне вельмі блізкая, яна была маёй найлепшай сяброўкай. Слёзы не перастаюць ліцца з вачэй, калі ўспамінаю нашы сустрэчы і пераглядаю фатаграфіі. Не магу глядзець, як мама кожны раз плача.. Лічу, што ў тым, што здарылася, ёсць віна не толькі забойцы, але і тых, хто павінен быў яго выхаваць, — бацькоў.

Муж забітай Аляксандр расказаў журналістам, што за тры тыдні да суда яны сустракаліся з бацькамі Уладзіслава. Тыя перадалі сям'і загінуўшай чатыры тысячы рублёў (усяго сям'я — маці Алены, сястра, муж і дачка — збіраецца спагнаць у кошт кампенсацыі маральнай шкоды каля 230 тысяч рублёў).

— Мы будзем дабівацца максімальнага пакарання, — адзначыў мужчына. — Я паглядзеў яму (Казакевічу. — Аўт.) у вочы — ніякага спачування. Наўрад ці ён можа выправіцца.

У абвінавачванага Уладзіслава Казакевіча не было блізкіх сяброў. З 15 гадоў падлетак жыў адзін у кватэры. Камплексаваў з прычыны сваёй знешнасці, некалькі разоў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. З першага курса Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" быў адлічаны за прагулы. Падчас допыту Уладзіслаў прызнаўся, што жаданне ўчыніць масавае забойства ўзнікла ў яго яшчэ вясной 2016-га. Чаму? Па яго словах, хацеў забіваць проста "дзеля забавы".

— 3 кастрычніка я пайшоў у паліклініку па даведку аб пропуску заняткаў. Не атрымаў. Тады ў мяне зноў узнікла жаданне забіць як мага больш аднакурснікаў. Вырашыў, што цудоўная ідэя — папіліць іх, — расказаў хлопец у судзе. Выглядаў ён вельмі спакойна, нават пасміхаўся прысутным у зале.

На наступны дзень пайшоў у краму купляць усё неабходнае — бензапілу, сякеру. Пазней набыў балаклаву, ахоўныя акуляры, навушнікі, спецыяльныя ахоўныя прыстасаванні. 6 кастрычніка выпрабаваў пілу на Цнянскім вадасховішчы. А 7-га сабраўся з інструментам ва ўніверсітэт.

— Я быў цвярозым. Выклікаў таксі дадому. Паехаў ва ўніверсітэт. У чахле гітары ляжалі піла і сякера. У аўдыторыі на лекцыі мусіў сабрацца ўвесь мой курс (каля 180 чалавек. — Аўт.). Я увайшоў у будынак, пераапрануўся ў туалеце. Завёў бензапілу. Але, калі выходзіў, ударыў яе аб дзвярны праём. Спрабаваў яе адрамантаваць, не атрымлівалася, прыйшлося пакінуць універсітэт. Потым зразумеў, што проста зачапіў тормаз. Але было позна: лекцыя за той час ужо закончылася, — даў паказанні Уладзіслаў.

У суботу Уладзіслаў хацеў вярнуцца ва ўніверсітэт, каб давесці задуманае да канца. Але ехаць было далёка, да таго ж ён праспаў лекцыю. Тады хлопец вырашыў учыніць расправу ў найбліжэйшым гандлёвым цэнтры. Выпіў 150 грамаў гарэлкі для храбрасці. Па дарозе пераапрануўся ў спецадзенне, у навушніках уключыў музыку. "Так весялей", — патлумачыў ён.

З сабой хлопец узяў пярцовыя балончыкі, каб з імі напасці на ахову гандлёвага цэнтра "Еўропа", але аховы на ўваходзе не было. З уключанай бензапілой Уладзіслаў стаў кідацца на тых, хто першым трапіў на вочы. "Па плане я хацеў яшчэ ўзяць заложніка і чакаць прыбыцця спецназа, каб у фінале мяне забілі", — паведаміў абвінавачваны ў судзе.

Сваю віну ён цалкам прызнае. Аб тым, што зрабіў, не шкадуе. "Шкадую толькі, што мала людзей забіў".

"Звязда" будзе сачыць за судовым працэсам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.