Вы тут

Чаму мінчане просяць вызваліць іх ад збору


Хваробы, догляд блізкіх і адсутнасць прымальных вакансій

Жыхары сталіцы змаглі асабіста расказаць пра свае праблемы Аляксандру ЯКАБСОНУ: памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па г. Мінску правёў прыём грамадзян у адміністрацыі Маскоўскага раёна. Аднак задаць свае пытанні была магчымасць у жыхароў усяго горада, чым многія і скарысталіся: нават пасля заканчэння афіцыйнага часу прыёму чарга выглядала досыць вялікай, і работа працягнулася.


Мабыць, найбольш распаўсюджанай прычынай для вызвалення ад выплат збору тыя, хто прыйшоў на прыём, называлі праблемы са здароўем альбо ў іх асабіста, альбо ў членаў іх сем'яў. Прычым многія прасілі дапамагчы знайсці працу, бо, па іх словах, наяўнасць дыягназу часта становіцца прычынай для адмовы.

З такім пытаннем прыйшлі мама з дачкой. Дзяўчыне крыху больш за дваццаць гадоў, аднак здароўе ў яе зусім слабае: у раннім дзяцінстве ёй выдалілі адну нырку. Але гэта парны орган, таму дапамогу па інваліднасці яна не атрымлівае, хоць працаваць можа хіба што ў цяплічных умовах — любы скразняк выклікае працяглыя хваробы. У пацвярджэнне сваіх слоў мама паказвае медыцынскую картку, якая больш нагадвае энцыклапедычны том. Тым не менш дзяўчына не збіраецца ўсё жыццё сядзець склаўшы рукі, цяпер яна рыхтуецца да паступлення. Гэта якраз той выпадак, калі, хутчэй за ўсё, будзе прынята станоўчае рашэнне аб адмене выплаты.

З падобнай сітуацыяй прыйшоў і мужчына сярэдняга ўзросту, які не працуе ўжо 6 гадоў. Першыя тры гады ён атрымліваў дапамогу па інваліднасці — праблемы са зрокам, — але пасля групу знялі. Тым не менш на біржу працы мужчына ісці не захацеў, маўляў, там прапануюць толькі тыя варыянты, якія яго не задавальняюць, палічыў за лепшае перабівацца выпадковымі заробкамі і браць грошы ў сваякоў. На прапанову аформіць ІП адказаў, што заказаў у будаўнічай сферы цяпер не так шмат, яму хацелася б вярнуць групу па інваліднасці. У ходзе размовы высветлілася, што апавяшчэнне яму нават не прыйшло, яго перанакіравалі ў раённую службу «Адно акно».

Жанчыну, у якой была складаная цяжарнасць, аднак яна не ляжала ў медыцынскіх установах, а была дома са старэйшым сынам, якога няма з кім пакінуць, тут жа запэўнілі, што яна ад збору будзе вызвалена. З'явілася на прыём і гіперадказная мама дзіцяці з асаблівасцямі развіцця. Апавяшчэнне аб аплаце збору яна яшчэ не атрымала, не павінна яно прыйсці і ў наступным годзе, паколькі хлопчык яшчэ стаіць на ўліку. Цяпер дзіця ходзіць у сад на паўдня, паступова сацыялізуецца. Мама хоча адправіць яго ў звычайную школу, аднак яна прызналася, што будзе гатова пакідаць яго аднаго не раней чым у 10 гадоў, таму пакуль на працу ўладкоўвацца не збіраецца. У гэтым выпадку параілі пачакаць моманту, калі дзіця здымуць з уліку і ліст усё ж такі прыйдзе, тады можна будзе даць больш грунтоўны адказ на пытанне.

Кожны наведвальнік расказваў сваю гісторыю вельмі эмацыянальна, некаторыя не маглі стрымаць слёз. Жанчына даглядае пажылую маці, жонка і сын — паралізаванага бацьку — усе грошы ідуць на лекі, а магчымасці пайсці працаваць няма.

Ёсць і незвычайныя выпадкі. Напрыклад, сям'я трусаводаў, якія прапісаны ў Мінску, хоць гаспадарку яны трымаюць за 65 кіламетраў ад сталіцы. У іх шмат жывёл: каля трох тысяч трусоў, каровы, свінні, куры і нават паўліны. Тым не менш мінская прапіска, а таксама непрыдатны статус зямельных угоддзяў пазбаўляе іх магчымасці быць вызваленымі ад выплаты збору. Гэтым разам пытанне будзе разгледжана ў асобным парадку, а для таго, каб пазбегнуць далейшых праблем, ім будзе выслана падрабязная інструкцыя, як усё правільна аформіць.

Прыходзяць на прыём і тыя, хто не можа знайсці працу. Напрыклад, малады чалавек, у сям'і якога ў мінулым годзе памёр бацька, асноўны карміцель, засталася мама-пенсіянерка, брат-інвалід з псіхічным захворваннем і 90-гадовая бабуля, у якой рак страўніка. Сям'я жыве на тры пенсіі, паколькі малады чалавек, палітолаг па адукацыі, у якога таксама пэўныя праблемы са здароўем, пакуль не можа знайсці працу. Да часу прыёму стала вядома, што прынята станоўчае рашэнне аб прызнанні становішча сям'і цяжкім. Сам хлопец марыць працаваць на дзяржаўнай службе. Аляксандр Серафімавіч паабяцаў звярнуць увагу на яго кандыдатуру.

Алгарытм дзеянняў для ўсіх заяўнікаў адзіны. Перш за ўсё неабходна звярнуцца ў службу «Адно акно» ў адміністрацыі свайго раёна. Тым, хто не можа знайсці працу, у абавязковым парадку трэба стаць на біржу, пры гэтым працягваючы шукаць працу самастойна. Пытаннем працаўладкавання кожнага, хто прыйшоў на прыём з гэтай праблемай, паабяцалі ўважліва заняцца.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.