Вы тут

Што трэба для гарантыі бяспекі?


Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы стала сімвалам праблем, што нарастаюць у свеце, і пэўнай разгубленасці Захаду адносна таго, як з імі справіцца. Першая праблема — Захад больш не ўпэўнены, што ён адзіны, хоць эмісары ЗША, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс і кіраўнік Пентагона Джэймс Мэціс, прыбылі супакоіць сваіх еўрапейскіх саюзнікаў — маўляў, амерыканцы іх абавязкова абароняць. Праўда, ёсць і ўмова — членам НАТА трэба расходаваць на абарону не менш стандартных двух працэнтаў ад ВУП, што яны даўно ўжо ў асноўнай масе не робяць. Каб падтрымаць адзінства заходняга свету, Германія вуснамі сваіх удзельнікаў у мерапрыемстве пацвердзіла, што збіраецца выконваць гэтую ўмову.


На жаль, па выніках тыдня стала зразумела: у найбліжэйшы час магчымасці змякчэння або адмены санкцый супраць Расіі проста няма. Дональд Трамп пагадзіўся з тым, што яго саветнік па нацыянальнай бяспецы Майкл Флін падаў у адстаўку, — падставай стала яго размова з паслом Расіі ў снежні 2016 года. Падобныя рэчы заўсёды сімвалічныя — цяжка чакаць, што звальняючы з-за размовы з прадстаўніком Расіі члена сваёй каманды, Трамп усур'ёз думае пра паляпшэнне адносін з Масквой. Далей прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсер рэзка заявіў, што прэзідэнт ЗША чакае ад урада Расіі дээскалацыі насілля ва Украіне і вяртання Крыма. Падчас выбараў танальнасць заяў Трампа была зусім іншая. А санкцыі супраць Расіі — гэта не толькі яе праблема. Не варта забываць аб тым, што яны вельмі негатыўна адбіваюцца на ўсім СНД, падрываючы тэмпы эканамічнага росту і настрой на аптымістычны сцэнарый развіцця эканомікі.


Рэзкія крокі і заявы пра Расію з боку ЗША спарадзілі жорсткую рэакцыю ў адказ. Расчараваныя дзеяннямі ЗША расійскія прадстаўнікі перайшлі ў інфармацыйную контратаку, каб паказаць, што Расія выжыве і без адмены санкцый і наладжвання стасункаў з ЗША. Чаго вартая хоць бы заява віцэ-прэм'ера Расіі Дзмітрыя Рагозіна ў нядзелю. Выступаючы па тэлебачанні, ён заявіў, што зброя Расіі — міжкантынентальныя балістычныя ракеты новага ўзору — «здольна пераадолець і сённяшнюю, і заўтрашнюю, і паслязаўтрашнюю супрацьракетную абарону ЗША». Ён таксама паабяцаў: «Мы разарвём гэтую абарону. Яна не ўяўляе для нас на сённяшні дзень, акрамя правакацыі, сур'ёзнай ваеннай пагрозы». Падобныя заявы былі характэрныя для Расіі пры адміністрацыі Барака Абамы пасля пачатку жорсткага супрацьстаяння па Украіне.


17 лютага Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, прапанаваную Гі Верхафстадтам, пра ўзмацненне цэнтралізацыі Еўрапейскага саюза і стварэнне пасады міністра фінансаў ЕС і агульную еўрапейскую армію. Гэта магло б быць важным сігналам таго, што кіраўніцтва Еўрасаюза разумее ўсю глыбіню праблем, якія ўзніклі ў апошнія гады, і рухаецца па адзіным лагічным шляху іх пераадолення — узмацняе цэнтралізацыю, якая можа дапамагчы з'яднацца ў няпростыя часы. На жаль, ні пра якое згуртаванне і гаворкі не ідзе, паколькі за рэзалюцыю прагаласавалі 283 еўрадэпутаты пры 269 галасах супраць і 83 тых, хто ўстрымаўся. У выніку замест сігналу аб згуртаванні яна стала яшчэ адной нагодай задумацца аб адсутнасці адзінства, пры якім вырашыць вялікія праблемы будзе вельмі праблематычна. А яны нікуды самі па сабе не знікнуць.


У сяброўскім Беларусі Эквадоры 19 лютага прайшлі ўсеагульныя выбары — у адзін дзень выбіралі і прэзідэнта, і парламент. Нягледзячы на тое, што палітолагі не вельмі добра ставяцца да падобнай сістэмы выбараў (ёсць пагрозы стабільнасці ад таго, што адначасова змяняюцца прадстаўнікі адразу дзвюх галін улады), выбары прайшлі дастаткова спакойна. Прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост, які мае найбольшыя шанцы, з'яўляецца былы віцэ-прэзідэнт Ленін Марэна — ад кіруючага левага блока «Альянс Краіна». Ён мае за спінай падтрымку адыходзячага прэзідэнта — Рафаэля Карэа Дэльгада, пры якім беларуска-эквадорскія адносіны атрымалі сур'ёзнае развіццё. Галоўным пытаннем з'яўляецца — ці атрымаецца ў яго стаць прэзідэнтам у першым туры або спатрэбіцца другі.


Пэўны пазітыў, хоць і досыць папярэдні, з'явіўся ў беларускай эканоміцы. Магчыма, з'яўляюцца першыя прыкметы таго, што найбольш цяжкія часы ўжо ў мінулым, і 2015—2016 гады будуць значна адрознівацца ў горшы бок ад 2017—2018 гадоў. Па выніках студзеня эканоміка Беларусі скарацілася толькі на паўпрацэнта, а гэта вельмі нядрэнна на фоне таго, што год быў завершаны з паказчыкам мінус 2,6 працэнта. Ажыўляецца актыўнасць прамысловых прадпрыемстваў: яны паказалі 105,9 працэнта да ўзроўню студзеня 2016 года. Ёсць пазітыў і па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі — яна павялічылася ў параўнанні са студзенем 2016 года ў супастаўных цэнах на 1,9 працэнта.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.