Вы тут

Чаму Канада становіцца ўсё больш заўважным сусветным гульцом?


На мінулым тыдні прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо безумоўна стаў адным з галоўных сусветных ньюсмейкераў. 13 лютага ён сустрэўся з прэзідэнтам ЗША. Дональд Трамп заявіў падчас прэс-канферэнцыі па выніках размовы з канадскім прэм'ерам, што ім вельмі пашанцавала мець такога суседа, як Канада. Трамп запэўніў Трудо, што гатовы працаваць з ім для дасягнення агульных інтарэсаў.


Праз некалькі дзён канадскі прэм'ер накіраваўся ў еўрапейскае турнэ. Падчас візіту ў Стары Свет апроч усяго іншага ён выступіў на пасяджэнні Еўрапарламента, які большасцю галасоў ухваліў вядомае пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕС і Канадай (СЕТА). Такім чынам, цягам аднаго тыдня краіна «кляновага ліста» прадэманстравала магчымасці аднаго з асноўных сусветных гульцоў. Наколькі абгрунтаваны такія глабальныя амбіцыі?

Паміж трыма акіянамі

Канада займае другое месца ў свеце па плошчы пасля Расіі — каля 10 млн кв. км. Абмываецца трыма акіянамі — Атлантычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым. Назва краіны паходзіць ад слова kanata, якое азначае «паселішча», «вёска», «край» на мове лаўрэнційскіх іракезаў — першых індзейцаў, якіх французскі мараплавец Жак Карцье сустрэў летам 1534 года, калі высадзіўся ў гэтых мясцінах. Канада бярэ свой пачатак ад французскай калоніі, населенай першапачаткова мясцовымі народамі (адметна, што яна знаходзілася непадалёку ад цяперашняга Квебека — правінцыя і цяпер франкамоўная). Пасля перыяду англійскай каланізацыі з саюза трох брытанскіх калоній (якія былі да гэтага тэрыторыямі Новай Францыі) нарадзілася канадская канфедэрацыя.

Дональд Трамп і Джас­цін Тру­до.

Цяпер Канада з'яўляецца федэратыўнай дзяржавай, якая складаецца з дзесяці правінцый і трох тэрыторый. Гэта адна з сучасных манархій. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх (з 6 лютага 1952 года — каралева Лізавета ІІ). У краіне яго прадстаўляе генерал-губернатар Канады. З 1 кастрычніка 2010 года на гэтай пасадзе знаходзіцца Дэвід Джонстан. Функцыі генерал-губернатара носяць шмат у чым фармальны характар.

З этнічнага пункту гледжання, Канада ўяўляе сабой унікальнае ўтварэнне. Суіснуюць дзве асноўныя культуры і дзве мовы — вынік барацьбы паміж Англіяй і Францыяй, што адбывалася на ранніх этапах каланізацыі той часткі Паўночнай Амерыкі, якой пасля было наканавана стаць Канадай. Цяпер 28% жыхароў маюць брытанскае, 23% — французскае, 15% — іншае еўрапейскае паходжанне, продкі астатніх 6% прыбылі з розных азіяцкіх, афрыканскіх і арабскіх краін. 2% насельніцтва складаюць індзейцы і інуіты (эскімосы). 26% жыхароў маюць змяшанае паходжанне.

Разнастайная скарбонка

Канада — адна з самых багатых краін свету з высокім узроўнем даходаў на душу насельніцтва, яна з'яўляецца членам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) і Вялікай сямёркі (G-7). Аднак у сувязі з вельмі нізкай шчыльнасцю насельніцтва некаторымі экспертамі яна адносіцца да разраду краін, якія развіваюцца. У мінулым стагоддзі рост вытворчасці, горназдабыўной сферы і сектара паслуг ператварыў Канаду з пераважна сельскагаспадарчай у прамысловую і гарадскую. Дзяржава адметная сярод развітых краін з-за важнасці свайго сыравіннага сектара, у якім лесанарыхтоўка і нафтавая прамысловасць — стратэгічныя галіны.

Канада з'яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў сельскагаспадарчай прадукцыі. Краіна сярод лідараў па вытворчасці цынку і ўрану, таксама тут багата радовішчаў шматлікіх іншых прыродных рэсурсаў, такіх як золата, нікель, алюміній і свінец. Многія тэрыторыі на поўначы Канады, дзе сельскую гаспадарку развіваць праблематычна, існуюць дзякуючы горназдабыўной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. У краіне таксама развіта і машынабудаванне, прадпрыемствы якога сканцэнтраваны на поўдні Антарыа (аўтамабільная прамысловасць, прадстаўленая амерыканскімі і японскімі заводамі), а таксама нацыянальная аэракасмічная прамысловасць — у Квебеку.

Канада — сусветны лідар у авіябудаванні і вытворчасці цягнікоў метро дзякуючы Bombardіer Іnc. Большая частка заводаў Bombardіer знаходзіцца ў агламерацыі Манрэаля. Будаўнічая прамысловасць Канады сканцэнтраваная, у першую чаргу, у галоўных гарадах краіны, дзе штодня пасяляюцца шматлікія мігранты. Гэта Калгары, Эдмантан, Манрэаль і асабліва Таронта. Дарэчы, Таронта — другі ў свеце горад па актыўнасці будаўніцтва хмарачосаў — зусім крыху саступае ў гэтым Шанхаю.

Сфера паслуг (кажучы сучаснай мовай, троесны сектар) займае больш за 67% ВУП краіны, таму можна сцвярджаць, што Канада — постындустрыяльная дзяржава. Грамадскія, гандлёвыя і асабістыя паслугі (якія ўключаюць асвету, ахову здароўя, гасцінічную справу і арганізацыю баўлення вольнага часу) з'яўляюцца найбуйнейшай крыніцай даходаў краіны. Вялікія прыбыткі дае турызм. Краіна знаходзіцца на пятым месцы ў свеце па наведванні замежнымі турыстамі, саступаючы ў гэтым толькі Францыі, Іспаніі, ЗША і Італіі.

Другая па велічыні крыніца дзяржаўных даходаў — фінансавыя аперацыі. Таронта і Манрэаль — галоўныя фінансавыя цэнтры Канады. Пры гэтым у Таронта знаходзіцца галоўная фондавая біржа краіны, Toronto Stock Exchange, другая па актыўнасці ў Амерыцы і шостая — у свеце. Манрэаль і Ванкувер таксама маюць фондавыя біржы, але меншага значэння. Канада ўваходзіць у дзясятку сусветных лідараў па знешнегадлёвым абароце.

Дзяржава валодае буйнымі крыніцамі аднаўляльнай энергіі, такімі як шматлікія рэкі і азёры, моцныя пастаянныя вятры ў цэнтральнай і ўсходняй абласцях, самыя высокія марскія прылівы ў заліве Фандо ў Новай Шатландыі. Вылучаецца таксама і па неаднаўляльных энергетычных рэсурсах. Яна валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі ўрану ў Саскачэване і буйнымі запасамі нафты і прыроднага газу ў Альберце. Апошняя правінцыя таксама мае найбуйнейшыя ў свеце запасы бітумнага пяску. Вельмі важна, што бітум можа быць выкарыстаны для перапрацоўкі ў нафту. Скачок цэн з 2006 года спарадзіў значны рост інвестыцый і вытворчасці «бітумнай нафты». У будучыні, калі цэны захаваюцца на ранейшым узроўні або працягнуць расці, Канада мае магчымасць стаць адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў «чорнага золата» ў свеце.

Унікальнае становішча

Відавочна, што Канада, якая займае трывалую пазіцыю ў сусветным фінансава-эканамічным раскладзе, апошнім часам становіцца ўсё больш заўважным геапалітычным гульцом. Як адзначаюць эксперты, шмат у чым гэта звязана з актыўнай пазіцыяй і энергіяй 45-гадовага прэм'ера Джасціна Трудо. Кіраўнік канадскага ўрада імкнецца задзейнічаць патэнцыял сваёй краіны ў глабальным маштабе. Канада працягне работу па гандлёвых пагадненнях па ўсім свеце, каб забяспечыць жыхарам краіны высокія зарплаты ў галінах, арыентаваных на экспарт. Пра гэта заявіў Джасцін Трудо, каментуючы перамовы з новай адміністрацыяй ЗША аб двухбаковым гандлі. «Мільёны працоўных месцаў для сярэдняга класа па абодва бакі мяжы залежаць ад цесных гандлёвых адносін паміж намі», — сказаў канадскі прэм'ер. Амаль 80% канадскага экспарту ідзе менавіта ў ЗША.

Джасцін Трудо адзначыў, што Канада зверне сваю ўвагу на развіццё адносін з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна: «Мы ўпэўнены, што ўзмацненне нашага ўзаемадзеяння з эканомікамі Азіі, якія растуць, — важны спосаб гарантаваць добрыя працоўныя месцы і росквіт для Канады. І менавіта гэта мы будзем рабіць і надалей». Тут вельмі паказальныя дзеянні Канады ў дачыненні да глабальных эканамічных аб'яднанняў — NAFTA і Трансціхаакіянскага партнёрства (ТЦП). З абодвух, дарэчы, выходзяць ЗША. NAFTA лічыцца адным з найбуйнейшых эканамічных аб'яднанняў заходняга паўшар'я. Агульная плошча краін-удзельніц складае 21,8 млн кв. км, колькасць насельніцтва перавышае 470 млн чалавек, сукупны ВУП дасягае прыкладна $20 трлн. Пагадненне аб NAFTA дзейнічае з 1994 года, аб'ядноўваючы ЗША, Канаду і Мексіку. Дональд Трамп назваў яго «адной з найгоршых здзелак» у гісторыі, а Канада гатовая да перамоў адносна будучага пагаднення аб Паўночнаамерыканскай зоне свабоднага гандлю NAFTA, каб мадэрнізаваць яго. І ў гэтым «кляновыя» абапіраюцца перш за ўсё на Мексіку.

Прыкладна такая ж стратэгія і з ТЦП. Пагадненне аб яго стварэнні ў свой час падпісалі Аўстралія, Бруней, В'етнам, Канада, Малайзія, Мексіка, Новая Зеландыя, Перу, ЗША, Сінгапур, Чылі і Японія. Канада вывучыць магчымасць заключэння новага шматбаковага Ціхаакіянскага пакта аб гандлі пасля таго, як адміністрацыя Дональда Трампа заявіла аб выхадзе з партнёрства, адзначыў у інтэрв'ю Bloomberg канадскі міністр па міжнародным гандлі Франсуа-Філіп Шампань. Раней аптымізм у дачыненні да выжывання ТЦП у той ці іншай форме выказвалі прадстаўнікі Аўстраліі і Японіі. Такім чынам, відавочна праглядаецца зусім іншы сусветны геапалітычны расклад пры актыўным удзеле Канады.

Для краіны ўсёабдымнае эканамічнае і гандлёвае пагадненне (CETA) мае важнае значэнне, каб паменшыць сваю залежнасць ад суседніх Злучаных Штатаў у якасці экспартнага рынку. Для ЕС гэтае першае гандлёвае пагадненне з краінай G7 і поспех пасля некалькіх месяцаў пратэстаў у той час, калі аўтарытэт гэтага блока пацярпеў ад брытанскага рэферэндуму ў чэрвені мінулага года, які скончыўся перамогай прыхільнікаў выхаду з ЕС. Камісар ЕС па гандлі Сісілія Мальмстрэм падкрэсліла, што Брусель з Атавай «падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці памяркоўнасці і адкрытасці». «Мы супрацоўнічаем у вырашэнні агульных праблем, такіх як міграцыя, устойлівае развіццё, змяненне клімату і тэрарызм», — адзначыла яна, паабяцаўшы ўмацаванню геапалітычнага альянсу Канады і ЕС. У сваю чаргу, канадскі міністр па міжнародным гандлі дазволіў сабе непразрысты намёк, адрасаваны Трампу, калі заявіў наступнае: «Канада ва ўнікальным становішчы, калі можа паказаць, што гандаль карысны для людзей, і я думаю, што мы паўторым гэта па ўсім свеце». Каментарыі тут, напэўна, залішнія.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Імпэт «кляновай» манархіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».