Вы тут

Колішні хутар змагаецца за асфальтаванне дарогі


«Жывём, нібы на востраве... Зімой дарогу замятае снегам, а чысціць не надта хочуць, а калі і чысцяць, то ў апошнюю чаргу. За ўсю зіму дарогу ні разу не пасыпалі ў галалёд пяском. А тут жа ў адзін бок крутая гара, і пад'ехаць вельмі цяжка. Куды ні пішам — адказ адзін: «Не!»

Гэта ліст з рэдакцыйнай пошты, які больш нагадвае крык роспачы. Да «Мясцовага самакіравання» звярнулася Ала Суздалева, жыхарка вёскі Туркаўшчына Валожынскага раёна. Гэта 41 км ад Мінска, калі ехаць напрасткі. Але найкарацейшы шлях — не заўсёды прамая лінія. Бо тое, што на карце з'яўляецца дарогай, на месцы можа аказацца непралазным бездарожжам...


Вяскоўцы і дачнікі

Не ўсе службовыя асобы ідуць на кантакт з прэсай, калі справа датычыць скаргаў. Але кіраўніцтва ДРБУ №167 ахвотна пагадзілася пракаментаваць сітуацыю. І вось разам з Уладзімірам Саевічам, кіраўніком упраўлення, мы вывучаем карту. Туркаўшчына туліцца да краю Валожынскага раёна. Ад райцэнтра да цэнтра сельсавета — аграгарадка Ракаў — пракладзены асфальт. Адтуль да Туркаўшчыны часткова ляжыць асфальтабетон, а месцамі — гравій. А за Туркаўшчынай — садаводчае таварыства «Крышталь». І акурат паміж вёскай і дачным пасёлкам пралягае дарога Н-8345, што на карце пазначана як «гравійка». Працягласць праблемнага ўчастка — 1,4 км. Хоць у чым праблема? Аўтакрама і «хуткая» ходзяць з боку Ракава, а не садаводчага таварыства. А па самой Туркаўшчыне нават ідзе асфальтаваны ўчастак працягласцю 300 метраў.

«Ведаеце, колькі ў нас дарог на балансе? 1230 км! — расказвае Уладзімір Саевіч. — І з іх 565 км — «грунтоўкі» і «гравійкі». Заўважце: гэта не глухія прасёлкі, а дарогі, якімі актыўна карыстаюцца. Рух вельмі інтэнсіўны, бо ў нашым раёне 425 населеных пунктаў. І класці паўсюль асфальтабетон — эканамічна не апраўдана. Таму нарматывы дазваляюць мець гравійнае пакрыццё на другарадных дарогах. Паверце, гэта не найгоршы варыянт! Калі «гравійку» своечасова абслугоўваць, па ёй даволі зручна ездзіць».

Паводле слоў начальніка ДРБУ, мясцовыя жыхары ставяцца да сітуацыі з разуменнем.

А вось ад садаводчых таварыстваў — стосы скаргаў. «Мне дачнікі і пішуць рэгулярна, і тэлефануюць, — кажа Уладзімір Саевіч. — То хочуць, каб заасфальтавалі дарогу да дачнага пасёлка, то наракаюць, што праехаць да лецішча не могуць — снегу намяло. Але перш за ўсё абслугоўваюцца галоўныя транспартныя магістралі. Пасля — другарадныя дарогі. А ў апошнюю чаргу — праезды да садаводчых таварыстваў. Так прапісана ў нарматыўных дакументах».

Дарожнікі мусяць дбаць найперш пра інтарэсы жыхароў свайго раёна. Для вяскоўцаў парушэнне транспартных зносін — не проста дыскамфорт, пра які можна гнеўна пісаць у інтэрнэце. Гэта пытанне выжывання: не паўсюль жа ёсць крамы і бальніцы. А дача — гэта ўжо дадатковая выгода. Але менавіта дачнікі найбольш актыўна адстойваюць свае інтарэсы.

Чы­тач­ка «Звяз­ды» Ала Суздалева рас­каз­вае пра сваю праб­ле­му.

Як згубіўся «кавалак» вёскі

Тым часам мы мінаем Ракаў — цэнтр сельсавета. Пасля асфальту пачынаецца гравійная дарога. Пад снегам самога пакрыцця не відаць. Мой спадарожнік тлумачыць, што снежны накат дапускаецца. Галоўнае, што ён пяском пасыпаны. Легкавік ідзе бадзёра: кіламетраў 60—70 за гадзіну. Значыць, праедуць і «хуткая», і аўтакрама. Вось і знак «Туркаўшчына». І тут пачынаецца квэст: патрэбнага нумара дома мы так і не знаходзім. Стукаемся ў крайнюю хату. «Дык вам трэба вунь за тую горку», — тлумачыць гаспадыня.

Далей кіруемся па той самай праблемнай дарозе Н-8345. Абапал, нібы грыбы, туляцца адзін да аднаго дачныя домікі. Гэта ўжо садовае таварыства. І вось мы на месцы.

— Дык вы дачніца? — павітаўшыся, цікаўлюся я ў гаспадыні хаты.

— Што вы! Я ўсё жыццё тут жыву, і бацькі мае тут жылі! Гэтых дач яшчэ не было, а наша хата стаяла!

— А як жа вас так далёка ад вёскі занесла?

...За польскім часам у гэтых краях заахвочвалася хутарская сістэма. Таму тыповая вёска на Валожыншчыне — гэта не роўны шнур дамоў уздоўж дарогі, а жменя рассыпаных па наваколлі хат. І чатыры дамы, у адным з каторых жыве наша чытачка Ала Суздалева, таксама былі хутарам. Пасля яго аб'ядналі з вёскай Туркаўшчына, да якой кіламетр з гакам. А навакольныя землі адвялі пад лецішчы. І пакрысе чатыры хаты ператварыліся ў вясковы «анклаў» пасярод дачнага пасёлка. На карце гэтае месца пазначана як «садаводчае таварыства «Крышталь». А «кавалка» вёскі нібыта няма.

Але ж у рэальнасці ён існуе. І праблемы яго жыхароў рэальныя. Ала Уладзіміраўна, будучы пенсіянеркай, трымае дзвюх кароў, а ўзімку яшчэ наймаецца вартаўніком у садаводчае таварыства. Усё дзеля таго, каб выгадаваць унука. «Мая дачка была замужам, жыла ў Мінску, — расказвае жанчына. — Але пасля яны развяліся, і дачка разам з дзіцем вярнулася сюды. Цяпер штодня ездзіць у суседнюю вёску: у дзіцячым садзе працуе. А я ўнука дапамагаю гадаваць».

Ма­лень­кі Ма­кар з ба­бу­ляй.

«Я за ўнука перажываю»

Маленькаму Макару было паўгода, калі яны з мамай пераехалі ў бабуліну хату. Цяпер хлопчыку амаль шэсць, і ўвосень сям'я хоча аддаць яго ў школу, у суседнюю вёску Пятрышкі, што ў Мінскім раёне. Але як ён будзе штодня туды дабірацца — галоўная праблема.

— Да нашага хутара маршруткі ходзяць толькі ўлетку і ўвосень, — скардзіцца Ала Уладзіміраўна. — А ўзімку іх няма, бо дарога кепская. Гэта цяпер расчысцілі, а звычайна страх што робіцца! Часам і аўтакрама пад горкай буксавала! А калі дзіця захварэе і «хуткая» з Ракава не праб'ецца да нас? Каб не старшыня сельскага Савета — дык зусім прапалі б! Яму пазвоніш — прыедуць і параўняюць трохі, пачысцяць. Але ж гэта на тыдзень-два. А пасля дождж ці снег — ізноў бездарожжа! Тут адна рада — класці асфальт!

Размова перарастае ў дыскусію. Начальнік ДРБУ прымае крытыку, але не згодны з ёй да канца: «Напэўна, часам складана праехаць. Але гэтай зімой не было выпадкаў, каб да вас не даехала аўтакрама або пошта. А пошта, дарэчы, ездзіць штодня. І нашы супрацоўнікі заўсёды рэагуюць, калі звяртаецца старшыня Савета. Але ж і вы зразумейце: у нас інструкцыі. І мы павінны спачатку чысціць і добраўпарадкоўваць галоўныя дарогі, а астатнія — па меры вызвалення людзей і тэхнікі».

Дарогу Н-8345 перадалі на баланс ДРБУ №167 толькі ў пачатку «нулявых». Натуральна, што ладзіць тут асфальтавае пакрыццё не спяшаліся, бо хапае больш значных дарог, якія патрабуюць рамонту. І штогод камісія пры райвыканкаме вызначае ўчасткі, за якія трэба ўзяцца ў першую чаргу. Пералік зацвярджаецца раённымі выканаўчай і прадстаўнічай уладамі і публікуецца ў мясцовай газеце. Сёлета валожынскія дарожнікі маюць намер адрамантаваць 45 км асфальтабетонных дарог і заасфальтаваць амаль 8,5 км гравіек. Але дарогі Н-8345 у спісе пакуль няма. Логіка відавочная: у ваколіцах Туркаўшчыны адсутнічаюць сельгаспрадпрыемствы. Гэта, па сутнасці, дачны край. А мясцовыя ўлады, маючы абмежаваныя сродкі, забяспечваюць транспартныя зносіны найперш з эканамічна актыўнымі вёскамі.

Застаецца магчымасць заасфальтаваць дарогу за кошт дачнікаў і іншых зацікаўленых. Аднак ці возьмецца нехта сабраць сродкі? «Садаводчае таварыства — гэта свайго кшталту «дзяржава ў дзяржаве», — тлумачыць старшыня Ракаўскага сельскага Савета Аляксандр Мякінка. — У яго свой статут, свае правілы. І ўмешвацца ў яго дзейнасць і абавязваць збіраць нейкія грошы мы не маем права. Рашэнне аб гэтым можа прыняць толькі само таварыства. Аднак сярод дачнікаў многа пенсіянераў. І іх даходы наўрад ці дазволяць удзельнічаць у пабудове дарогі, бо гэта вялізныя грошы». І сапраўды: як падлічылі спецыялісты ДРБУ №167, на асфальтаванне праблемнай дарогі спатрэбілася б прыблізна 95 тысяч рублёў. Гэта пры цяперашніх цэнах. Таму варыянт скласціся ўсёй грамадою выглядае фантастычным.


«У кожнай праблемы ёсць імя, прозвішча і імя па бацьку», — гэтае выказванне прыпісваюць аднаму з кіраўнікоў СССР. Але тут фармальна вінаватых няма. Дарожнікі дзейнічаюць згодна з інструкцыямі. Мясцовая ўлада кіруецца эканамічнай мэтазгоднасцю і кідае сілы і сродкі на самыя «балючыя» ўчасткі. І праблема не ўнікальная: падобныя сітуацыі ёсць ці не ў кожным раёне. Але жыхарам колішняга хутара Адамарына ад гэтага лягчэй не становіцца. Ці можна знайсці раўнавагу паміж інтарэсамі буйных вёсак і маленькіх хутароў? Як ні круці, сацыяльныя стандарты для ўсіх павінны быць аднолькавыя. Але адказу пакуль няма. «Я ўжо куды толькі ні пісала: і ў газеты, і дэпутатам, — уздыхае Ала Уладзіміраўна. — Мне самой яно не вельмі і трэба. Я за ўнука перажываю. Бо для яго гэта — дарога жыцця».

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Дарога жыцця

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.