Вы тут

Народны мастак Беларусі Іван Міско — пра самае запаветнае


Яго заўсёды можна знайсці ў сваёй майстэрні (цяпер майстэрні-музеі). Тут скульптар і ў выхадныя дні. Як прызнаецца майстар, выхадныя — гэта свята, а іх лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і прэміі Саюзнай дзяржавы прызвычаіўся праводзіць з глінай у руках.


З гэтым высакародным матэрыялам, як называе гліну сам майстар, Іван Міско не расстаецца ўжо на працягу шасці дзесяцігоддзяў. Мастак кажа, што няма больш паслухмянага матэрыялу, і параўноўвае яго з золатам, якое дае яму сілы тварыць.

Мы сядзім у майстэрні ў акружэнні бронзава-гіпсавых касманаўтаў, а таксама іншых вядомых асоб і гутарым пра любоў да мастацтва і яе вытокі.

Дзедава праўда і выхаванне па-бацькоўску

— Я не помню сваю бабку, затое добра памятаю дзеда — Сцяпана Сцяпанавіча Міско, — пачынае Іван Якімавіч. — Дзед мяне вельмі любіў, заўсёды нешта для мяне гатаваў. А аднойчы ён расказаў праўду. Калі дзед паехаў сватацца да сваёй будучай нявесты (гэта было зімой), някепска выпілі. Пакуль даехалі, яго ў санях не аказалася: страцілі па дарозе. Другі раз сватаўся ўжо да іншай. Сёння я думаю, а можа, і добра, што дзед да першай нявесты не даехаў: хто б тады замест мяне нарадзіўся?

Дзяцінства будучага народнага мастака прайшло на Слонімшчыне. Вакол — лес. Непадалёку ад хаты працякала рэчка Валобрынка. На хутары ён нарадзіўся, адсюль пайшоў у школу, а потым і ў армію. Тут застаў і 1939 год, і Вялікую Айчынную...

Бацька Івана Міско ў вайну быў партызанскім сувязным, на фронт забралі пасля вызвалення Беларусі, дайшоў да Берліна. «Калі вярнуўся, я папрасіў надзець яго кашулю, — расказвае скульптар. — Каўнер вялікі-вялікі, прыйшлося зрабіць два «гармонікі» і зашыць, але так, каб узнагароды былі відаць. Гэтак і хадзіў па вёсцы. Мне хацелася пахваліцца, які ў мяне бацька!»

Пасля вайны Якім Міско працаваў лесніком. Любоў да прыроды прывіваў і адзінаму сыну.

— Ну а выхаванне якое было? — згадвае мастак. — У адным куце вісела папруга, у другім — абраз. Бацька ніколі не сварыўся, проста паказваў на кут з папругай. І толькі ад гэтага адно месца ўжо пачынала свярбець. Але здаралася, што прымянялася яна па прызначэнні. І гэта нядрэнна.

Мастак з трэцяга разу

Як прызнаецца скульптар, ніхто для яго прафесію не выбіраў. Маляваць пачаў яшчэ ў школе. І не толькі на паперы.

— У хаце стаяла вялікая руская печ, — успамінае Іван Міско. — Калі бацькі ішлі ў горад або на работу, я залазіў у яе, даставаў вуглі і на добра пабеленай печы маляваў пейзажы. А тым часам думаў, што калі прыйдзе маці або бацька, то як адлупяць! Але за печ ніхто ні разу не сварыўся. Аднойчы ў хату зайшоў сусед і, убачыўшы маё маляванне, пытае ў маці: «А хто гэта тут у вас малюе?» — «Дык гэта мой сынок», — адказвае маці. — «Ванька? Дык ён, можа, будзе мастаком?» — выказаў здагадку сусед.

Так і атрымалася. Непісьменныя бацькі, якія ўсё жыццё займаліся сельскай гаспадаркай, выхавалі мастака, імя якога праз шмат гадоў стала вядомае не толькі беларусам, а і за межамі нашай краіны. А між іншым, шлях да мастацтва ў Івана Міско быў зусім не простым.

— Калі я ўпершыню паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, то першую ноч спаў пад сталом у адным з яго пакояў, — расказвае Іван Якімавіч. — Рэчмяшок, у якім былі сухары, клаў пад галаву. Прачнуўся раніцай, а няма ні сухароў, ні грошай...

Тады пачынаючы мастак сабраў усе свае малюнкі і паехаў у вёску. На наступны год прыехаў ізноў. Але як толькі паступіў, яго забралі ў армію. І толькі з трэцяй спробы, ужо пасля службы, ён стаў навучэнцам Мінскага мастацкага вучылішча.

Праз шмат гадоў аднакурснікі расказалі Івану, з-за каго ён першы раз вымушаны быў пакінуць установу. Аказваецца, яго абакраў натуршчык, якога скульптар ляпіў. «Даведаўшыся ўсю праўду, я разбіў яго партрэт, — прызнаецца мастак. — Прайшоў час, і я зразумеў, якое глупства зрабіў. Гэта была мая студэнцкая работа, за якую атрымаў добрую адзнаку. Толькі не мог прабачыць таго, што гэты чалавек мяне абакраў. Ён жа мне пазіраваў, у вочы глядзеў...»

«Пахавалі, але не прадалі!»

Нягледзячы на той выпадак, Іван Міско лічыць, што ў жыцці яму шанцавала. Напрыклад, тады, калі забіралі ў армію...

— Помню, запрасілі ў ваенкамат і кажуць, што не вясной, а восенню забяруць, — гаворыць мастак. — Кажу, як гэта восенню? Пастрыглі, як я вярнуся такім у вёску? Дзяўчаты ж падумаюць, што хворы, хілы, бракаваны, раз у армію не ўзялі. Хто за мяне замуж выйдзе? Тады кажу ваенкаму, што не пайду дахаты! Я быў упарты.

Служыў Іван Міско ў Забайкаллі. Там была магчымасць і маляваць, і ляпіць. А калі вярнуўся з арміі, ужо не паступаў на жывапіснае аддзяленне, а вырашыў усур'ёз заняцца скульптурай.

У 1968 годзе мастак стаў удзельнікам чэхаславацкіх падзей. «У той вечар у парку Горкага адкрылася мая невялікая выстаўка, — успамінае Іван Якімавіч, які тады ўжо працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі. — Скончылася ўсё позна, а паколькі я жыў тады ў Чыжоўцы, сябры прапанавалі мне застацца ў іх на начлег. Але я паехаў дадому. У тры гадзіны ночы — стук у дзверы. Адчыніў — стаяць вайскоўцы. Праз некалькі дзён я апынуўся ў Чэхаславакіі, дзе правёў тры месяцы».

Аднойчы там, на чужыне, афіцэры папрасілі Івана Міско (а ён ужо быў членам Саюза мастакоў БССР) намаляваць жанчын. Працаваць майстру давялося ў палявых умовах. Паперу знайшлі ў штабе, фарбу замяніла зялёнка, замест пэндзляў — бярозавыя галінкі.

— Я пачаў прыгадваць натуршчыц, сваіх знаёмых, у выніку атрымалася серыя аголеных жаночых фігур, — расказвае мастак. — Выстаўка размясцілася ў палатцы. Побач стаяла вайсковая часць з палякамі, якія таксама прыходзілі на выстаўку...

Але не ўсім прыйшліся тыя карціны даспадобы. За маральнае разлажэнне старшага сяржанта Міско нават хацеў судзіць ваенны трыбунал! «Шчыра кажучы, я спалохаўся: у тых умовах усё магло быць, — прызнаецца Іван Якімавіч. — Але генерал аказаўся настолькі прыстойным чалавекам, што да суда справа не дайшла. Выстаўка працягвалася... Прыйшоў час, калі мы збіраліся з'язджаць у Беларусь. Аб гэтым даведаліся палякі. Прыйшлі да мяне і кажуць, каб я ім прадаў сваіх «кабет». Мы з афіцэрамі параіліся, а яны і кажуць: «Гэтыя жанчыны нам сталі ўжо як жонкі, ні за што не прададзім!» Мы пайшлі ў лес, насеклі галінак, расклалі іх у той жа палатцы, паклалі зверху малюнкі, прысыпалі зямлёй і паставілі драўляны крыж — пахавалі, але не прадалі!»

Зачараваны Сусветам

Іван Міско ніколі не сумняваўся ў тым, што выбраў правільную прафесію. Яго аўтарству належаць скульптуры вядомых людзей, помнікі за мяжой і ў роднай Беларусі: Максіму Горкаму ў цэнтральным мінскім парку, Клімуку ў Брэсце... Але найбольш важным, безумоўна, стаў помнік маці-патрыётцы ў Жодзіне, які Іван Міско ствараў разам з Міхаілам Заспіцкім і Мікалаем Рыжанковым.

З Настассяй Купрыянавай, прататыпам галоўнай гераіні, яны былі знаёмыя асабіста, пастаянна ездзілі да жанчыны і вельмі перажывалі, каб яна дажыла да адкрыцця помніка. «Помню, паехалі да яе, як атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР, — успамінае Іван Якімавіч. — Купілі падарункі, павязалі ёй дарагую хустку. Яна шмат нам расказвала пра сваіх дзяцей. Казала, што часта ходзіць да помніка, перажывае, што малодшы, Пеця, стаіць там без шапкі...»

Але па-сапраўднаму зачаравала Івана Міско касмічная тэматыка. На першую скульптуру ў гэтым рэчышчы яго натхніў палёт на арбіту Юрыя Гагарына. Рукі мастака неаднойчы ляпілі сусветна вядомых касманаўтаў, большасць з якіх пазіравала для яго асабіста. Пра блізкае сяброўства скульптара з беларускімі касманаўтамі, а таксама пра тое, што Алег Навіцкі неаднойчы тэлефанаваў яму з арбіты, не ведае толькі нецікаўны. Іван Міско свой у Зорным гарадку, які стаў для яго другім домам.

Майстэрня як музей і куточак дзяцінства

На адной з паліц у майстэрні мастака бачу партрэт дзяўчынкі. Ён належыць адной з вучаніц 90-й мінскай школы. Былі часы, калі мастак даваў майстар-класы перад школьнікамі. Потым прыносіў скульптуру ў клас, і дзеці пісалі сачыненне аб нараджэнні партрэта іх аднакласніка. Адну з тых работ, партрэт Воўкі, нават купіла Міністэрства культуры.

— Я вельмі хацеў бы ведаць лёс гэтых дзяцей, — кажа Іван Якімавіч. — Калі нехта пазнае сябе, няхай адгукнецца. Магчыма, паляпіў бы іх зноўку.

У майстэрні — сапраўдны музей. Тут не толькі скульптуры, фотаздымкі (Іван Міско нядрэнны фатограф), ёсць і шыкоўная калекцыя аўтографаў. Толькі не на паперы, а на пластыліне або нават адлітыя ў бронзе — у такім выглядзе іх не падробіш, не сатрэш.

У майстэрні — і рэчы з бацькоўскай хаты, якая і дагэтуль стаіць, але там жывуць ужо іншыя людзі. Мы глядзім на кудзелю і абажур, і мастак зноў вяртаецца ў дзяцінства:

— Помню, вечар. За сталом — маці, дзед, бацька, сястра Люба і я. Раптам маці кажа, што трэба прадаць карову: маўляў, малако нятлустае. Бацька пажартаваў, што, можа, гэта Ванька кепска пасе. Наступным разам размова паўтараецца. Я настойваў, што карову прадаваць не трэба. Бацька паглядзеў на мяне і пытаецца, што я нарабіў. Давялося расказаць, што з'ядаю ўсе вяршкі з малака... Іх вельмі любіў, зліваў у шклянку і выпіваў. Пасля гэтага перастаў: мяне мучыла сумленне, што карову могуць прадаць, а потым зарэзаць.


У Івана Міско яшчэ нямала творчых задум. Ён марыць паставіць помнік Льву Сапегу ў родным Слоніме, ганаровым грамадзянінам якога з'яўляецца, аднаму з найбуйнейшых нашых вучоных Казіміру Семяновічу, французскай мастачцы родам з Барысава Надзеі Хадасевіч-Лежэ, якую добра ведаў. І па-ранейшаму будзе адданым сваёй касмічнай тэматыцы. Мастак не любіць адпачынку і прызнаецца, што яго ніколі не будзе...

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Федэрацыя касманаўтыкі Расіі ўдастоіла Івана Міско найвышэйшай узнагароды — ордэна Гагарына. У сваю чаргу, калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» жадае Івану Якімавічу, які, дарэчы, у свой час з'яўляўся пазаштатным карэспандэнтам нашай газеты, моцнага здароўя, дабрабыту і творчага імпэту!

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота з архіва мастака

Загаловак у газеце: Чалавек-космас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Аповед жанчыны, якая здолела вярнуць дачку з сацыяльнага прытулку

Жанчыну, якая здолела не толькі вярнуць дзіця з прытулку, але і далей выхоўвае яго, знайсці аказалася не проста. 

Грамадства

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?

Люты больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц.

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».