Вы тут

Квадрацыклы цяпер неабходна рэгістраваць


Парадак дзяржаўнага ўліку гэтых транспартных сродкаў будзе зменены з 1 студзеня наступнага года. Акрамя таго, з'явяцца і новыя правілы допуску да кіравання імі: калі раней на квадрацыкле магло ездзіць, груба кажучы, хоць пяцігадовае дзіця, то цяпер гэтая магчымасць захаваецца толькі за ўладальнікамі адпаведнай вадзіцельскай катэгорыі.


Як адзначыў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці і тэхнагляду ўпраўлення ДАІ МУС Андрэй ШАРАНДА, неабходнасць унесці змены і дапаўненні ў закон «Аб дарожным руху» паўстала з прычыны істотнага росту колькасці адзінак гэтага транспартнага сродку, а адпаведна і звязаных з імі здарэнняў. Асабліва часта яны адбываюцца па віне падлеткаў ці дарослых, якія знаходзяцца за рулём у стане алкагольнага ап'янення.

Каб вызначыцца, якія катэгорыі правоў цяпер спатрэбяцца, для пачатку трэба разабрацца, чаго будзе датычыцца закон. Квадрацыклы — гэта занадта абагульненая і нават умоўная назва, адзінае, пра што яна дакладна кажа, — гэта пра наяўнасць чатырох колаў. Два асноўных тыпы квадрацыклаў, пра якія ідзе гаворка, гэта ATV і UTV. У першым выпадку абрэвіятура азначае машыну, якая прызначана для язды па любым пакрыцці, у другім — машыну для выканання ўтылітарных задач: ад гаспадарчай дзейнасці да актыўнага адпачынку і турызму. Квадрацыклы ATV па-іншаму называюць «снегабалотаходы колавыя малагабарытныя». Яны, у сваю чаргу, дзеляцца на два тыпы: І і ІІ — на квадрацыклах тыпу І прадугледжана месца толькі для вадзіцеля, тыпу ІІ — для вадзіцеля і пасажыра. Аднак гэта не адзіная класіфікацыя, акрамя тыпаў квадрацыклам ATV прысвойваюцца яшчэ і катэгорыі: G, S, Y і Т. G — мадэль агульнага прызначэння, S — спартыўная мадэль, Y і Т — маладзёжная і пераходная мадэлі адпаведна.

Абавязковая рэгістрацыя ў інспекцыях дзяржтэхнагляду ўводзіцца для снегабалотаходаў колавых малагабарытных ATV тыпу І катэгорыі G і S, а таксама тыпу ІІ катэгорыі G і мотаўсюдыходаў UTV.

Першы час працэдура рэгістрацыі будзе насіць спрошчаны характар. Калі машына ўжо знаходзіцца ў эксплуатацыі, то рэгістраваць яе будуць па заяве. Не варта баяцца адсутнасці неабходных папер, напрыклад, даведак з завода-вытворцы або дакументаў, выдадзеных мытнымі органамі. Уладальніку транспарту ў заяве дастаткова ўказаць абставіны яго набыцця, і рэгістрацыя будзе праведзена, але з пэўнымі абмежаваннямі, якія забараняюць зняцце з уліку на працягу трох гадоў, выключэнне — выпадкі выбракоўвання, адпаведны запіс будзе ўносіцца ў рэгістрацыйныя дакументы.

«Па сутнасці, права кіраваць квадрацыкламі будуць мець усе тыя, у каго ёсць пасведчанне кіроўцы на ваджэнне механічнага транспартнага сродку, за выключэннем катэгорыі АМ і падкатэгорыі А1 (мапеды і матацыклы, аб'ём рухавіка якіх не перавышае 125 куб. см, і з магутнасцю да 11 кВт адпаведна), ці пасведчанне трактарыста-машыніста. Гэта будзе служыць гарантыяй таго, што чалавек знаёмы з правіламі дарожнага руху, мае навыкі язды, а таксама прайшоў медыцынскі агляд», — падкрэсліў Андрэй Шаранда.

Аднак усе астатнія вышэйназваныя тыпы машын у адпаведнасці са сваімі тэхнічнымі характарыстыкамі і асаблівасцямі канструкцыі не прызначаныя для ўдзелу ў дарожным руху. Мабыць, такі «ўціск» выводзіць уладальнікаў квадрацыклаў з сябе, і быццам у адплату наўзамен дарогам яны выбіраюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пры гэтым на тое, каб «загаіць раны», пакінутыя імі на зямлі, ідзе нямала часу. А кіроўцы ў абавязковым парадку павінны выбіраць для перамяшчэння толькі тыя месцы, выкарыстанне якіх не стварае пагрозы для іншых грамадзян і не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю. Менавіта ўвядзенне абавязковай рэгістрацыі дазволіць наладзіць механізм пакарання парушальнікаў правілаў і вінаватых у здарэннях. Тым не менш ужо цяпер супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі актыўна праводзіцца маніторынг правамернасці выкарыстання гэтага тыпу транспарту.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Так больш не пракоціць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».