Вы тут

Чым карысна дзюдо дзецям


З гімнастыкай у сына не зладзілася. Зала была занадта вялікая, а малы занадта актыўны, не мог супакоіцца, пакуль не аббягаў яе ўздоўж і ўпоперак. Карацей, карысці ад заняткаў было няшмат. У якасці альтэрнатывы пачалі шукаць спартыўныя секцыі. «Натрапілі» на ўсходнія адзінаборствы... Дарэчы, падчас заняткаў тут вывучаюць і гімнастычныя элементы. А яшчэ чула, што ў кожнага з відаў баявога майстэрства існуе свая філасофія, якая не развівае ў дзіцяці непатрэбнай агрэсіі. Завітала на заняткі (першы, як правіла, заўсёды бясплатны) у адзін з клубаў дзюдо.


— Рэй! — гучна вітаецца трэнер клуба «Тыгр», майстар спорту міжнароднага класа (3-і дан) па дзюдо Аляксандр СЦЯШЭНКА з вучнямі, адзетымі ў белыя і сінія кімано, і робіць паклон. Тыя кланяюцца ў адказ. Так пачынаецца кожны занятак. Потым размінка: скачкі, кулькі, гімнастычныя практыкаванні — толькі паспявай. Адны дзеці адразу «ўключыліся» і старанна выконваюць каманды трэнера, другія — здаецца, толькі пасля школьных заняткаў — ніяк не могуць сканцэнтравацца, адцягваюцца на размовы. Але пачынаюцца парныя заняткі — адпрацоўваюць захопы, кідкі з такой хуткасцю! Тут ужо не да гаворкі. Спрацоўвае жаданне перамагчы. Або ты, або цябе.

Падчас трэніроўкі прыкмеціла хлопчыка. На выгляд гадоў 9-10, а такі сур'ёзны позірк. Ён упэўнена ўступаў у барацьбу, гэтак жа ўпэўнена перамагаў і заставаўся абсалютна спакойным знешне. Пасля заняткаў падышла пазнаёміцца. Аказалася, Даніла займаецца дзюдо ўжо чатыры гады, раней наведваў спартыўную секцыю, якая і сёння працуе на базе школы. Трэніроўкі прыносяць яму вялікае задавальненне, і ён марыць стаць прафесійным спартсменам.

Затрымала ў дзвярах бацьку і маці, пытаюся: каго прывялі на заняткі? Горда кажуць, што Алісу.

Дзяўчынка займаецца дзюдо ўжо два гады. На пытанне навошта, бацька, не задумваючыся адказаў, што бачыць дачку ў будучыні ў прафесійным спорце, да таго ж для здароў'я карысна.

Увогуле, у клубе займаюцца хлопцы і дзяўчаты ад 4 да 16 гадоў. Зразумела, падыходы да груп адрозніваюцца. У самых маленькіх заняткі, як звычайна, праходзяць у гульнявой форме. «Пакажыце, як скача жаба, папаўзём, як прусак», — кажа трэнер. Маляняты яшчэ не вывучаюць сапраўдныя баявыя элементы, але трэніруюць лоўкасць, спрытнасць, гнуткасць. Пакуль што займаюцца ў звычайнай спартыўнай форме, праз год — пачнуць у кімано.

У старэйшых групах усё больш сур'ёзна. Практыкаванні з кожным разам ускладняюцца, а першасная задача — перамагчы саперніка любым дазволеным спосабам.

Заняткі ў клубе галоўным чынам накіраваны на аздараўленне, падтрыманне добрай спартыўнай формы дзяцей. На жаль, фізічнае здароўе многіх, хто прыходзіць упершыню, пакідае жадаць лепшага.

— Сучасныя дзеці вядуць маларухомы лад жыцця, — кажа Аляксандр Сцяшэнка. — Многія гадзінамі праседжваюць за камп'ютарамі і тэлефонамі. Адсюль слабасць цягліц, скрыўленне пазваночніка. Як ні дзіўна, але некаторыя дзеці не могуць прысесці, не тое што адціснуцца ці падцягнуцца. Але, калі ёсць жаданне і прыкласці намаганні, можна ўсё выправіць.

Акрамя аздараўлення, рэгулярныя трэніроўкі робяць дзяцей больш настойлівымі ў дасягненні мэт, дысцыплінаванымі, навучаюць захоўваць самавалоданне у стрэсавых сітуацыях.

Дзюдо прыйшло да нас з Японіі, назва перакладаецца як «мяккі шлях». Мяккі ні ў якім разе не значыць лёгкі. Галоўным чынам дзюдаісты імкнуцца дасягнуць фізічнага самаўдасканалення, духоўнай гармоніі і пастаянна развіваюцца інтэлектуальна.

— Насамрэч, каб стаць сапраўдным майстрам, трэба быць усебакова моцным, — сцвярджае трэнер. — На занятках вывучаем элементы гімнастыкі і акрабатыкі, трэніруем каардынацыю, практыкуем лёгкую атлетыку.

Такім чынам, паступова развіваецца цягавітасць, памяць. Не менш важнае для дзюдаіста аналітычнае мысленне.

— Калі ў звычайным жыцці сіла часта становіцца галоўным крытэрыем перамогі, то дзюдо вучыць тактыцы, прымушае думаць, бо хітрасць перамагае моц: паддайся, каб перамагчы, выкарыстай сілу праціўніка супраць яго самога — вось чым кіруюцца спартсмены, — падкрэслівае трэнер. — Біць можна навучыць любога, а каб навучыць змагацца, спатрэбіцца шмат часу.

Дарэчы, дэманстраваць сваю моц і навыкі ў барацьбе можна толькі ў спартыўнай зале, або калі адчуваеш пагрозу свайму жыццю — гэта вучні клуба ведаюць дасканала. Галоўнае — паставіць крыўдзіцеля ў бездапаможнае становішча, ніякай агрэсіі.

Не менш увагі трэнеры-дзюдаісты ўдзяляюць выхаванню сваіх вучняў. Не толькі кожная трэніроўка, але і паядынак пачынаецца з паклону — своеасаблівага вітання. Тым самым сапернікі паказваюць павагу адзін да аднаго, «абяцаюць», што не будуць выкарыстоўваць забароненых прыёмаў. Абавязковай лічыцца павага да трэнера, нельга яму пярэчыць, спрачацца з ім, за ім апошняе слова. Тое самае датычыцца і старэйшых людзей. Таксама ўвага ўдзяляецца чысціні, ахайнасці, бо займаюцца басанож.

Відавочна, усе гэтыя навыкі будуць на карысць любому дзіцяці ў будучыні, нават калі яно не стане спартсменам.

Дзюдо лічыцца адным з «самых дэмакратычных» відаў барацьбы, бо займацца ім можа амаль кожны, незалежна ад полу, узросту, памераў і складу характару.

Адсутнасць удараў робіць яго адным з найменш траўманебяспечных. Супрацьпаказаннямі для заняткаў могуць стаць захворванні сэрца, нырак, вачэй, паталогія шыйнага аддзела пазваночніка.


У бацькоўскі нататнік

Калі перад бацькамі паўстае пытанне, у якую спартыўную секцыю аддаць дзіця, некаторыя аказваюцца ў разгубленасці. Ад мноства назваў баявых майстэрстваў разбягаюцца вочы. Да таго ж адзінаборствы, здаецца, падобныя паміж сабой. Вось наш маленькі дапаможнік.

Ушу (яно ж кунг-фу) — кітайская сістэма псіхафізічных практыкаванняў, дае раўнамерную нагрузку на ўсе групы цягліц. Не развівае агрэсію, а, наадварот, вучыць сыходзіць ад канфліктаў. На трэніроўках адсутнічаюць спарынгі. Падыдзе нават самым маленькім: і хлопчыкам, і дзяўчынкам.

Тэквандо — карэйскі варыянт усходніх адзінаборстваў. Дамінуе тэхніка ўдараў нагамі. Яна небяспечная, і яе даволі цяжка выкарыстоўваць, бо тэхніка заснавана не на сіле, а на хуткасці. Многія з прыёмаў накіраваны не на тое, каб абясшкодзіць саперніка, а на набор балаў. Падыходзіць для хударлявых дзяцей.

Айкідо — японскае адзінаборства. Гэта выключна сістэма абароны. Айкідаіст рухаецца па крузе, што дазваляе пазбегнуць прамой сутычкі. Усе рухі павінны быць плаўнымі, але гарантаваць абарону. Сапраўдны майстар можа «бачыць» намеры праціўніка і прадухіляць яго дзеянні. Ад дзіцяці айкідо патрабуе адказнасці і дысцыпліны, даволі вялікія фізічныя нагрузкі. Пачынаць заняткі можна з самага ранняга ўзросту.

Капаэйра — афра-бразільскае баявое майстэрства, якое спалучае барацьбу, акрабатыку і танец. Гэта комплекс рухаў, якія паўтараюцца і мяняюцца ў залежнасці ад рэакцыі саперніка. Заняткі праходзяць пад акампанемент традыцыйных бразільскіх інструментаў і песень, што развівае пачуццё рытму і асабліва падабаецца дзецям. Трэніроўкі нагадваюць гульню і лёгка засвойваюцца. Пачынаць займацца можна з трох гадоў.

Каратэ — японскае баявое майстэрства без зброі, назва перакладаецца як «пустая рука». Даволі небяспечны від барацьбы, вядома, што каратысты могуць разбіваць цагліны рукамі і нават галавой. Для дзяцей падыдзе бескантактавы метад барацьбы, які развівае гнуткасць, спрытнасць, трэніруе рэакцыю. У каратэ шмат рэзкіх паваротаў, скачкоў, таму яно не рэкамендуецца для дзяцей з хваробамі пазваночніка, вачэй, пры артрытах. Прыводзіць дзяцей на заняткі можна з 5—7 гадоў.

Самба — спалучэнне рукапашнага бою, барацьбы, захопаў, болевых прыёмаў — таго, што выкарыстоўваецца падчас самаабароны. У філасофіі адзінаборства ўпор робіцца на сілу духу, патрыятызм, абарону дому, сям'і.

Класічная (грэка-рымская) барацьба — еўрапейскае адзінаборства, у якім з дапамогай прыёмаў трэба вывесці саперніка з раўнавагі і прыціснуць лапаткамі да дывана. Можна займацца з 8—10 гадоў.

Вольная барацьба — адрозніваецца ад класічнай тым, што дазваляецца захопліваць ногі праціўніка, рабіць падсечкі.

Бокс — траўманебяспечны від спорту, у якім сапернікі наносяць удары адзін аднаму ў спецыяльных пальчатках.

Кікбоксінг (тайскі бокс) — адно з самых жорсткіх адзінаборстваў. «Выжыць любой цаной» — яго дэвіз. Часткова нагадвае бокс, але дазваляюцца ўдары нагамі і пэўныя ўдары рукамі, якія забаронены ў боксе.

Вольнай барацьбой, боксам, кікбоксінгам можна займацца не раней за 10—12 гадоў. Падыходзіць для дужых, актыўных дзяцей.

Пры выбары спартыўнай секцыі для дзіцяці бацькі ў першую чаргу павінны ўлічваць яго жаданне.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Сіла ў розуме

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».