Вы тут

Фільм «Леў», намінаваны на шэсць Оскараў, у мінскім пракаце


Магчыма, з-за фільма «Леў» Гарта Дэвіса пачнецца хваля ўсынаўленняў індыйскіх дзяцей. Дзіўнага хлопчыка яны знайшлі на ролю Сару, якога па сюжэце бяруць у сям'ю прыёмныя бацькі з Аўстраліі. А з яго тут вырастае яшчэ і высокі прыгажун Дэў Патэль. Вось, уласна, дзеля чаго — каго — варта глядзець аднаго з лідараў па колькасці намінацый на Оскар, які да 1 сакавіка паказваецца ў мінскім пракаце.


Першую палову фільма — дзеля цудоўнага малыша Сані Павара, для якога роля Сару стала дэбютам. Другую частку карціны дастаткова назіраць за рухамі кучаравых валасоў Дэва Патэля, вядомага яшчэ па аскараноснай карціне «Мільянер з трушчоб». «Леў» прыйдзецца да спадобы тым, хто шукае ў кіно эмоцый і млее ад душашчыпальных сюжэтаў.

Гэта пранізлівая гісторыя пра індыйскага хлопчыка з трушчоб. Нягледзячы на беднасць, цяжкую працу, немагчымасць купіць ласунак у лаўцы, ён шчасліва жыве з мамай, братам і сястрой, радуецца дробязям, імкнецца дапамагчы сям'і. Але аднойчы — гэта гісторыя заснавана на рэальных падзеях — малыш засынае ў пустым вагоне цягніка, які ўвозіць яго за 1600 кіламетраў ад дома. І тут сэрца сціскаецца. На блуканні кранальнага Сару — які згубіўся ў вялікім горадзе, поўным людзей, — без слёз не зірнеш.

Нешчаслівыя вандраванні і сум па маці скончыліся тым, што хлопчыка ўзяла да сябе сям'я з Аўстраліі, у якой ён вырас і ператварыўся ў Дэва Патэля. Але праз дваццаць пяць гадоў водгаласы мінулага прымушаюць дарослага Сару ўзяцца за пошукі свайго дома, ад якога ва ўспамінах не засталося амаль ніводнага імя.

Уласна, не было б Сані Павара і Дэва Патэля — можна сказаць, не было б і фільма. Аўтары адаптавалі сцэнарый і стварылі лінейны, як вядзецца, аднаўзроўневы фільм без падсэнсаў — з мэтай толькі расказаць гісторыю. Але чым такога кшталту карціны добрыя: яны накіраваны на эмоцыі, а гледачу гэта так патрэбна. З гэтых меркаванняў выбіраецца спосаб апавядання і прыкладаюцца высілкі для стварэння «антуражу». Аўтары шукаюць кранальны наратыў, падбіраюць акцёраў, правільна абыгрываюць душэўны боль герояў.

Усё як мае быць — дакументальныя кадры ў канцы фільма нагадваюць пра дысананс паміж кіно і жыццём і паказваюць, якую адрэтушаваную шчымлівую драму можна стварыць на рэальным матэрыяле.

Праўда, са спекуляцыямі ў фільме «Леў» перабору няма, ён зроблены менавіта такім, каб расказаць свету дзівосную гісторыю і даць гледачу патрэбны яму надрыў. У выніку атрымалася і высакародная справа, і зборы ў кінатэатрах, і шэсць намінацый на Оскар, у тым ліку як «Найлепшы фільм».

Глядзець карціну варта, каб ведаць, што недзе жанчыны зарабляюць цяганнем камянёў, што дзеці мараць купіць тысячу салодкіх джалебі, бо могуць дазволіць сабе толькі малако, што горад можа стаць варожым для маленькага згубленага хлопчыка. Нарэшце, каб убачыць, наколькі непрадказальна можа закруціцца лёс, колькі ў ім дзіўных пачуццяў, паваротаў, мар. Так, напэўна, галоўнае, што застаецца пасля фільма акрамя эмоцый, — гэта вера ў тое, што ўсё магчыма. І зачараванне Сані Паварам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

У Беларусі праходзіць афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Судан.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.