Вы тут

Папяровыя крылы


У горадзе Н. жылі тоўстыя людзі. Яны пастаянна штосьці елі: дома, па дарозе на працу, за рабочым сталом... Склалася такое адчуванне, што яны жывуць, каб есці, а не наадварот.


Дзяўчынка, якая расла ў такой тоўстай сям'і, аднойчы ўбачыла праз акно птушку, што бесклапотна кружляла ў небе. І ёй таксама захацелася ўзляцець. Спачатку малая паспрабавала гэта зрабіць пры дапамозе паветраных шарыкаў. Але вяроўка не вытрымала яе вагі і парвалася. Шарыкі ўзняліся ў неба. Потым яна спрабавала ўзляцець пры дапамозе паветранага цмока, дэльтаплана, але паўтарылася тое ж самае... Дзяўчынка ў роспачы ляжала на зямлі... У гэты момант да дрэва падляцела птушка і адшчыкнула ад галінкі зімнюю ягаду. І зноў знікла ў небе. Дзяўчынка прыбегла дадому, набрала ў міску ажын ды суніц — і пачала рабіць крылы з кардона і газетнай паперы. Калі растаў снег, яны былі гатовыя. А лішніх кілаграмаў як не было. І яна ўзляцела...

Гэты ролік пра тоўсты горад дагэтуль круціцца ў мяне ў галаве, не адпускае. Часам я таксама, як тая дзяўчынка, адчуваю сябе непад'ёмнай. Толькі замест лішніх кілаграмаў мне не даюць адарвацца ад зямлі «рамкі».

Некаторыя — навязаныя яшчэ з дзяцінства. Некаторыя — набытыя ў свядомым узросце.

Адна з іх — гэта «сіндром выдатніцы», перфекцыянізм. Трэба ўсё зрабіць ідэальна, не зважаючы на свой унутраны стан. Ніхто не вучыў прыслухоўвацца да сябе, свайго арганізма, унутранага голасу. Галоўнае, «кроў з носу» выканаць пастаўленую задачу — нават калі яе паставіла перад сабой ты сама. А пасля — што будзе, тое будзе. І я такая не адна.

Некалькі дзён таму ў сацыяльных сетках знаёмая выклала фотаздымак з бальнічнай ежай. «Вось быццам бы разумная дзяўчынка, — піша яна, — ведаю, што лепш вучыцца на чужых памылках. Што сябе трэба любіць. Што незаменных — няма. Што хворы ты не патрэбны нават самому сабе. І што калі цябе не стане, ужо праз месяц пра цябе забудуць. Усё ведаю, так. І ўсё роўна бягу. «Завалілася». Цяпер сама сабе абяцаю, што як толькі ачуняю, пачну новае — свядомае, спакойнае жыццё».

«Рамкі», якія не даюць адарвацца ад зямлі, у кожнага свае.

Муж прыяцелькі, напрыклад, убіў сабе ў галаву, што дзецям патрэбныя выключна багатыя бацькі. Таму працуе не апускаючы рук, з ранку да позняга вечара. Бачыць дачку некалькі гадзін на суткі.

Іншы ўсе свае найлепшыя гады будаваў кватэру. Каб выплаціць крэдыты і даўгі, працаваў на некалькіх работах. Нікуды не ездзіў, нікуды не хадзіў — адным словам, свету белага не бачыў. Нядаўна сустрэліся ў метро, аказваецца, ён развёўся з жонкай. Цяпер здымае кватэру. І працягвае выплачваць крэдыт за двушку, у якой жыве былая жонка з малым сынам.

...Калі халасцяк паміраў ва ўзросце дзевяноста гадоў, хтосьці запытаўся ў яго:

— Ты так і не ажаніўся, чаму?

— Не тое, каб я быў супраць шлюбу, проста шукаў ідэальную жанчыну. І так, у пошуках, праляцела ўсё маё жыццё.

— Але няўжо на ўсёй велізарнай планеце, населенай мільёнамі людзей, ты не змог адшукаць адну-адзіную ідэальную жанчыну?

— (Сляза скацілася па шчацэ старога.) Не, адну я ўсё ж такі знайшоў.

— Тады што ж адбылося, чаму вы не пажаніліся?

— Тая жанчына таксама шукала ідэальнага мужчыну...

Рамка — «ганарлівасць», рамка — «прага да славы і выгады», рамка — «а што людзі падумаюць», рамка — «так трэба» (а каму?), рамка — «эгаізм»... Гэтыя рамкі-пачуцці не даюць адчуць лёгкасць, адарвацца ад зямлі.

...Мама (як кажуць яблык ад яблыні) учора ўпершыню ў жыцці спаліла грэчку. Расстроілася. Тэлефануе: «Са мной раней ніколі такога не было!» — «Боже, какой пустяк, сделать хоть раз что-нибудь не так», — адказала я ёй словамі з песні. І пераслала той самы ролік пра тоўсты горад... Да вясны засталося менш як 140 гадзін. За гэты час цалкам можна паспець змайстраваць сабе крылы...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Каментары

мы - дзеці, якіх гадавалі ў постсавецкі час - рамкамі аблеплены з розных бакоў і рухае намі ў першую чаргу страх - памыліцца, зрабіць нешта не так, як таго патрабуе большасць.... Ці ёсць шанс змяніцца, пазбавіцца гэтых рамак? Адназначнага адказу няма. Як я люблю казаць у такіх выпадках: усё індывідуальна - і толькі ад чалавека залежыць, ці скіне ён з сябе непатрэбнае лушпінне. А вось, якімі вырастуць нашы дзеткі і колькі ў іх будзе рамак, залежыць ад нас. як бы ні ганілі псіхааналіз, але адна яго ісціна - усе хваробы пачынаюцца з дзяцінтсва і сям'і - ніколі не страціць сваёй актыальнасці. Дзякуй, Надзея,як заўсёды, за тонкія завагі і паралелі.
Шчыры дзякуй, што знайшлі час падзяліцца сваімі думкамі!)Цалкам згодная, што тое, колькі ў нашых дзетак будзе "рамак" залежыць у многім ад бацькоў (не цалкам, бо акаленне таксама будзе ўплываць, хочам мы ці не). Таму вельмі важна працаваць над сабой, адсочваць свае рамкі і адкідваць, змагацца з імі. Каб дзецям было з каго браць прыклад (Мне вельмі падабаецца фраза: «Не выхоўвай дзяцей, усё роўна яны будуць падобныя на цябе. Выхоўвай сябе»).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?