Вы тут

Зачараваныя небам


У ваенных верталётчыкаў, бацькі і сына Паўлавых, на дваіх — больш як 5 тысяч гадзін, праведзеных над аблокамі.

Яны ўдвух зачараваныя небам і не ўяўляюць сваё жыццё без вінтакрылых машын. Нягледзячы на тое, што Аляксандр Мікалаевіч сваё ўжо адлятаў, яго ўсё роўна цягне туды, дзе свішча вецер і гудзе матор. Выйшаўшы на ваенную пенсію, лётчык-снайпер прымяняе свой багаты вопыт у распрацоўцы авіятрэнажораў. Затое за дваіх лятае яго сын, які служыць у 50-й змешанай авіяцыйнай базе, што ў прысталічных Мачулішчах.


Ад захаплення да вышэйшага пілатажу

А пачалося ўсё са звычайнага юнацкага захаплення авіяцыяй, якое вылілася ў паступленне ў Сызранскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў.

— Здаралася, што ў школе прагульваў заняткі, — расказвае старэйшы Паўлаў. — Калі настаўнікі прасілі мяне растлумачыць прычыну, я казаў, што быў у ваенкамаце. І нехта нават пажартаваў: маўляў, лётчыкам будзеш, раз часта ў ваенкамаце бываеш!

Так і атрымалася. Праўда, стаў Аляксандр Паўлаў не лётчыкам, а верталётчыкам. Аб тым, што ў вучылішчы рыхтуюць кіраваць верталётамі, даведаўся, ужо калі быў залічаны ў рады курсантаў. Але аб гэтым ніколі не пашкадаваў.

Свой самы першы палёт старэйшы Паўлаў памятае і сёння. Было гэта на верталёце Мі-2. «Ляцелі тады з інструктарам, маладым лейтэнантам, які сам нядаўна скончыў вучылішча, — успамінае лётчык-снайпер. — Я сядзеў і трымаўся за кіраванне, ён пілатаваў. Потым і мне даў патрымацца за штурвал. Цікава было. Усё гэта вельмі заваражыла...»

Пасля заканчэння вучылішча ў Сызрані найлепшых выпускнікоў адпраўлялі служыць за мяжу. Аляксандр Паўлаў трапіў у Манголію. Ва Улан-Батары быў адразу прызначаны камандзірам экіпажа (авіятары з вышэйшай адукацыяй па тым часе былі ў дэфіцыце), а праз тры гады стаў лётчыкам першага класа.

Потым служыў у Беларускай ваеннай акрузе. Тут, у Бабруйску, ажаніўся, двойчы стаў бацькам. Потым была Германія, а тады зноў Беларусь. У запас палкоўнік авіяцыі пайшоў ужо з пасады начальніка армейскай і транспартнай авіяцыі краіны. Сёння Аляксандр Паўлаў тэсціруе авіятрэнажоры, створаныя айчынным ВПК, — адным словам, той жа лётчык-выпрабавальнік.

— Раней трэнажораў не было, авіятары асвойвалі тэхніку непасрэдна падчас палётаў, — расказвае верталётчык. — А як падчас рэальнага палёту можна адпрацаваць асаблівыя выпадкі: напрыклад, адмова рухавіка або пажар на борце? Дзякуючы сучасным трэнажорам гэта магчыма. Цяперашняе пакаленне лётчыкаў і верталётчыкаў да аўтаматызму адпрацоўвае ўсе асаблівыя выпадкі, каб у рэальнай сітуацыі (вядома, лепш каб яе не было!) справіцца з усімі цяжкасцямі.

Любоў да авіяцыі — у спадчыну

Тое, што сын пайшоў па бацькавым шляху, не дзіўна. Яўген Паўлаў з маленства хадзіў з бацькам на аэрадром, назіраў за тым, як ён лятае, — любоў да авіяцыі, без перабольшання, перадалася яму ў спадчыну. Паўплывала і асяроддзе, у якім рос: у ваенных гарадках, дзе жылі, лётчыкі і верталётчыкі былі на кожным кроку. Яшчэ школьнікам лятаў на верталётах. Вядома, у якасці пасажыра.

Як прызнаецца Яўген, падчас выбару прафесіі бацька ніколі не навязваў яму сваё меркаванне. «Спачатку я хацеў стаць кардыяхірургам, але да авіяцыі ў мяне любоў з дзяцінства, — расказвае верталётчык. — Я заўжды ганарыўся, што мой бацька — лётчык. Сёння падобныя словы чую ўжо ў свой адрас ад дачкі...»

Бацькавай радасці не было мяжы, калі сын паступіў на авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі. А адзін раз, ужо праз некалькі гадоў пасля вучобы, старэйшаму Паўлаву нават удалося асабіста ацаніць узровень сынавай падрыхтоўкі.

— Я паляцеў з ім у якасці інструктара, — прыгадвае Аляксандр Паўлаў. — І быў задаволены палётам, а галоўнае, пераканаўся ў тым, што мой сын на сваім месцы. Ён вельмі любіць лятаць...

Здаецца, яму пашанцавала больш, чым бацьку. Яўген як прыйшоў у 50-ю змешаную авіябазу пасля Ваеннай акадэміі, так служыць тут ужо дванаццаты год. Але, як прызнаецца сам верталётчык, ён гатовы да ўсяго, бо да пераездаў прызвычаіўся з дзяцінства.

— Неба ўсюды адно і тое ж, — перакананы Яўген Паўлаў. — Калі падымаешся ўвысь, застаешся сам-насам са стыхіяй. Ёсць толькі ты і пяты акіян. Бывае, ляціш ноччу па маршруце, глядзіш, а сярод лесу адна хатка свеціцца. Думаеш, а хто там жыве, а які ў таго чалавека лёс. Вось тут людзі разам жывуць, а ён тут адзін... Калі ў мяне пэўныя сямейныя праблемы (напрыклад, захварэе дзіця) або непрыемнасці на службе, варта толькі ўзляцець і ты пра ўсё забываеш. Думаеш толькі пра палёт і пра выкананне пастаўленай задачы.

Да нядаўняга часу Яўген Паўлаў лятаў на верталёце Мі-8 старой мадыфікацыі. Цяпер ён сярод тых шчасліўчыкаў, хто сядзіць за штурвалам новых вінтакрылых машын, якія нядаўна папоўнілі авіяпарк 50-й базы. Як прызнаецца лётчык, перавучыцца было нескладана. «Па тэхніцы пілатавання дадзеная мадыфікацыя мала чым адрозніваецца ад папярэдняй, — лічыць камандзір верталётнага атрада (на Мі-8) верталётнай эскадрыллі (на Мі-24, Мі-8). — Але гэта ўжо ўдасканаленая тэхніка, машына XXІ стагоддзя».

Як кажуць верталётчыкі, сапраўдны прафесіянал павінен лятаць у любое надвор'е. Цікава, што і бацька, і сын аддаюць перавагу пахмурнаму небу.

— Чым складаней, тым лепш. Лятаць у сонечнае надвор'е — лягчэй лёгкага, а вось у неспрыяльнае... — кажуць яны ў адзін голас.

— Ці часта звяртаецеся да бацькі па прафесійныя парады? — пытаюся ў Яўгена.

— Пастаянна. У яго багацейшы вопыт службы ў савецкай арміі. Мы многае ўзялі менавіта адтуль. Менавіта на той базе, на той старой школе мы пабудавалі нашы беларускія ваенна-паветраныя сілы. Наша авіяцыя займае дастойнае месца ва Узброеных Сілах, а некаторым дзяржавам нават ёсць чаму ў нас павучыцца!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.