Вы тут

Каго ў Ваўкавыску вызвалілі ад аплаты збору па дэкрэце №3?


Сяргей Раўнейка прапануе зрабіць папраўкі ў заканадаўстве для ваеннаслужачых тэрміновай службы і студэнтаў-платнікаў

Гэтую думку памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці выказаў у Ваўкавыску падчас прыёму грамадзян па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта №3 «Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства».


Усяго на прыём прыйшлі 20 жыхароў Ваўкавыска і Ваўкавыскага раёна. Большасць з іх — гэта грамадзяне, якія трапілі ў спісы так званых утрыманцаў. Кожны — са сваёй гісторыяй. Кожны разлічвае на разуменне з боку ўладаў.

Ала Іванаўна не можа пагадзіцца з тым, што ў гэтыя спісы трапіў яе малодшы сын, які цяпер служыць у арміі. Да гэтага ён атрымаў дзве адукацыі, у тым ліку па спецыяльнасці заатэхнік. Але ўладкавацца на работу не змог. У выніку павінен заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Але Іванаўне паабяцалі паспрыяць вызваленню яе сына ад неабходнасці выплачваць гэтыя грошы, а самому маладому чалавеку параілі пасля заканчэння службы звярнуцца ў райвыканкам для далейшага працаўладкавання.

— Нам патрэбны кадры, тым больш спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі, — зазначыў Сяргей Раўнейка, — мы імі раскідвацца не будзем. Разам з тым павінны быць рэгламентаваны ўсе выпадкі, каб было менш прэтэнзій, і мы гэты вопыт напрацоўваем. Пазней з'явяцца розныя акты, палажэнні, але і зараз у грамадзян ёсць права падаць апеляцыю, згодна са змяненнямі, якія ўнесены ў Дэкрэт №3.

Арцём па адукацыі юрыст, але за папярэдні перыяд працаваў на некалькі дзён менш, чым устаноўлена Дэкрэтам, — да 183 дзён не хапіла ўсяго двух. Патлумачыў, што цяжка знайсці работу па спецыяльнасці. Зараз ён уладкаваўся юрысконсультам у райбальніцу. З аналагічнай праблемай звярнулася і эканаміст Хрысціна, якая зараз працуе на адным з буйных прадпрыемстваў Ваўкавыска. Падчас прыёму Арцёму і Хрысціне было прапанавана напісаць заяву з просьбай аб вызваленні ад выплаты збору. Разам з тым Сяргей Раўнейка адзначыў, што на рынку працы зашмат юрыстаў і эканамістаў, цяпер больш патрэбны тэхнічныя спецыяльнасці. Гэта варта ўлічваць пры выбары будучай прафесіі, каб не было праблем з працаўладкаваннем. У гэтым кірунку патрэбна змяніць і адукацыйныя праграмы.

Некалькі жыхароў раёна і райцэнтра, якія прыйшлі на прыём, патлумачылі сваю сітуацыю станам здароўя. У іх ліку і Людміла Іосіфаўна, якая пражывае ў Свіслачы, але набыла дом у Ваўкавыску. Цяпер жанчына ўладкавалася качагарам, разам з мужам трымаюць гаспадарку. На стан здароўя паскардзіўся і малады жыхар Ваўкавыска, які прыйшоў на прыём разам з маці. Ён паведаміў, што некаторы час працаваў на СТА ў Мінску, але звольніўся з-за хваробы і больш за два гады нідзе не працуе. За гэты час хлопец нават на ўлік у службу занятасці не стаў, да таго ж не атрымаў ніякай спецыяльнасці.

— Плаціць падаткі трэба, інакш мы не зможам утрымліваць нашу сацыяльную сферу, у тым ліку ахову здароўя, якой вы таксама карысталіся, — адказаў гэтым людзям Сяргей Раўнейка. — Думаю, што цяжкасцям можна супрацьпаставіць сваю сілу волі, а з боку дзяржавы будзе падтрымка, каб жыццё палепшылася.

Падчас прыёму спецыялісты райвыканкама ўдакладнілі, што ў цэнтры занятасці ёсць магчымасць набыць спецыяльнасці, якія патрэбны на рынку працы, гэта сталяр, станочнік, цясляр, для жанчын — кухар, кулінар, швачка. На гэтыя прафесіі есць попыт, ёсць гарантыі ад наймальнікаў. Да таго ж новыя рабочыя месцы з'явяцца на прадпрыемствах, якія зараз будуюцца.

Разам з тым у ходзе прыёму грамадзян узніклі пытанні, якія патрабуюць удасканальвання заканадаўства. У прыватнасці, склаліся неаднолькавыя ўмовы для маладых спецыялістаў, якія скончылі вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Так, дыпломы студэнтам-платнікам выдаюцца 30 чэрвеня, і калі спецыяліст не паспеў уладкавацца на работу з 1 ліпеня 2015 года па 1 студзеня 2016 года, то ўжо падпадае пад дзеянне Дэкрэта №3. У той жа час выпускнікоў бюджэтнай формы навучання гэта не закранае, бо іх працоўны адлік пачынаецца з 1 жніўня.

— Права на першае працоўнае месца ў нас гарантавана выпускнікам абедзвюх формаў навучання — і бюджэтнай, і платнай, — падкрэсліў Сяргей Раўнейка. — А канікулярны водпуск — гэта працяг вучобы, і павінен быць аднолькавы для ўсіх. У гэтай справе павінны быць змяненні.

Неабароненымі аказаліся і ваеннаслужачыя тэрміновай службы. Закон не замацоўвае за імі права вярнуцца на тое месца работы, адкуль яны пайшлі ў армію. З такімі выпадкамі не аднойчы сутыкалася раённае аб'яднанне прафсаюзаў, паведаміў яго старшыня Віктар Паўловіч. У той жа час за жанчынамі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, іх працоўнае месца застаецца. Але абедзве сітуацыі падобныя, бо і дэкрэт, і армія не залічваюцца ў працоўны стаж. Старшыня раённага прафсаюза лічыць, што гэта — адыход ад сацыяльных гарантый.

Сяргей Раўнейка паведаміў, што такія пытанні абмяркоўваюцца, ужо падрыхтаваны адпаведныя змяненні. Кожнаму, хто прыйшоў на прыём, была дадзена парада звярнуцца з заявай у райвыканкам, дзе будуць улічвацца жыццёвыя абставіны: мясцовым органам улады цяпер нададзена права вызваляць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Умовы павінны быць аднолькавыя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.