Вы тут

Мастак-паэт, мастак-спявак


Вядомы беларускі мастак Антон Бархаткоў быў адданы жывапісу цалкам. Ён адчуваў кожную травінку, кожнае дрэўца, любіў радзіму за пяшчотную прыгажосць. Здаецца, праз яго творы можна адчуць нават водар прыроды.

Яго творчасць — дарагі скарб беларускага мастацтва, які, дзякуючы намаганням сыноў Антона Стэфанавіча, захаваўся на нашай зямлі. Сёлета адзначаецца сто гадоў з дня нараджэння майстра. З гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка «Стагоддзе Антона Бархаткова».


«Зіма ў вёсцы Гарадок», 1993 г.

Майстар лірычнага пейзажа Антон Бархаткоў быў чалавекам сціплым і спакойным. У складаныя часы ніколі не апускаў рукі. Яму давялося прайсці праз вайну, голад і бядноту. Вытрымаў. Нягледзячы на розныя жыццёвыя перашкоды, жахлівыя падзеі, творца ніколі не губляў веру ў мастацтва, якое было сэнсам жыцця. Менавіта творчасць неаднойчы дапамагала выжыць: калі падчас вайны ён дабіраўся з Луганска да роднай вёскі Шчаглоўка, што на Магілёўшчыне, маляваў партрэты з фотаздымкаў за ежу, дзякуючы чаму былі сілы ісці далей.

Стаць мастаком — мара Антона Стэфанавіча з дзяцінства. Калі жыў у вёсцы, вельмі хацеў патрапіць у Маскву, пра якую так многа расказвалі мясцовыя жыхары. Аднойчы мастак назбіраў вядро ягад, аддаў іх начальніку чыгуначнай станцыі і атрымаў квіток на цягнік, толькі не да Масквы, а да Унечы. Адтуль дабіраўся як атрымлівалася. Але ж Масква аказалася не надта ветлівай: не было дзе прыпыніцца, даводзілася спаць на лаўках, шукаць ежу, дзе прыйдзецца. Яго злавілі і адправілі на выхаванне ў вайсковую частку. А праз некаторы час ён упершыню пабываў у мастацкім музеі. Тады ж цвёрда вырашыў паступаць у Маскоўскае мастацкае вучылішча памяці 1905 года.

І ўсё атрымалася. Але Антон Бархаткоў ніколі не быў залежным ад грошай і славы. Ніколі не жадаў займаць высокіх пасад. Для яго гэта было неістотна, галоўнае — мастацтва, якое павінна нарадзіць гармонію ў душы, павінна абудзіць чалавека ад звычайнасці, паўсядзённасці.

— Пра тату мне цяжка казаць, таму раскажу толькі пра мастака Антона Бархаткова. Я не ведаю чалавека больш адданага мастацтву, чым Антон Стэфанавіч, — адзначае Ігар Бархаткоў. — Ён быў цалкам у творчасці, вельмі любіў свае работы, заўсёды думаў, як і пры якім святле яны лепш будуць выглядаць. Дзіўна, бо ён быў хлопчык з вёскі, беспрытульнік, бедаваў практычна да канца жыцця, але да грошай ставіўся спакойна. Любую капейку, якая заставалася ў нас у сям’і ці ён неяк здолеў зарабіць, аддаваў на фарбы і палатно. Ён настолькі любіў свае карціны, што калі наступіла перабудова і творы пачалі купляць, яму было цяжка. Да яго прыходзілі купляць творы, а ён іх не прадаваў, здаралася, нават біўся з пакупнікамі. Тата хацеў, каб ніводная яго карціна не была вынесеная за межы майстэрні. Для мяне вялікі гонар, што да сённяшняга дня захавана вялікая частка твораў.

Сваім настаўнікам Антон Бархаткоў лічыў Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, якому быў удзячны за веды і дапамогу: яго творчасць аказала вялікі ўплыў на развіццё аўтара і на станаўленне яго мастацкага стылю. Разам мастакі аб’ездзілі мноства беларускіх мястэчак, адлюстроўваючы прыгожыя краявіды на палатне. Кожны з іх ствараў свой свет, але яны быццам бы існавалі ў мастацкім дыялогу.

У творчасці Антон Стэфанавіч звяртаўся да розных жанраў жывапісу — тэматычнай карціны, партрэта, нацюрмортаў. Аднак найбольш яго захапляў пейзаж. У мастака атрымлівалася не проста адлюстраваць той ці іншы краявід — ён паказваў у творах жыццё: калі глядзіш на палотны аўтара, адчуваеш іх паэтычнасць, чараўніцтва.

«Майскі дзень. Вёска Повязнь», 1972 г.

— Роўна пяцьдзясят гадоў таму я пазнаёміўся з Антонам Бархатковым, — расказвае мастак Васіль Сумараў. — У Палацы мастацтваў экспанавалася яго персанальная выстаўка, прысвечаная пяцідзесяцігоддзю. Я стаяў ля карціны «Песенька», разглядаў, як яна зроблена тэхнічна. І адчуваю, што хтосьці мне руку паклаў на плячо. Я павярнуўся, гляджу: стаіць перада мной чалавек з добрым тварам і агністымі вачыма. Я адразу зразумеў: гэта мастак. «Ну як?» — спытаў ён. Я адказаў, што любуюся гэтым творам. А ён кажа мне: «Гэта я напісаў». Затым мы прайшліся з ім па выстаўцы, паглядзелі работы. І з таго часу гэты таленавіты чалавек назаўжды ўвайшоў у маё жыццё. Прайшло шмат гадоў, але я і цяпер не страціў хвалявання, якое выклікае ўва мне творчасць Антона Стэфанавіча, таму што ў ёй прысутнічае галоўнае: бывае, мастак дзівіць кампазіцыяй, колерам, наборам фактур, а Бархаткоў захапляе прыгажосцю і ўнутраным настроем. Ён вучыўся ў выдатных майстроў, таму пачуццё густу ў яго было выдатнае. Як гаварыў Яўсей Майсеенка, мастак убірае ў сябе ўсё з маладосці: спачатку яму падабаецца творчасць пэўных майстроў, з якіх ён спрабуе браць прыклад, але мінае час, і творца знаходзіць сябе. Антон Бархаткоў у маладосці быў натхнёны творамі настаўніка — Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Але, назапасіўшы досведу, знайшоў сябе. Калі можна дзяліць мастакоў на празаікаў, паэтаў і музыкаў, то Антон Стэфанавіч — паэт, спявак беларускага пейзажа.

Выстаўка Антона Стэфанавіча ў Нацыянальным мастацкім музеі ўяўляе сабой рэтраспектыву яго творчасці. Тут ёсць творы і трыццатых гадоў, і напісаныя ў апошнія гады жыцця. Ёсць і тыя, якія сам мастак нікому не паказваў, якія ні разу не пакідалі майстэрню.

— Калісьці сын Антона Стэфанавіча Ігар Бархаткоў прызнаўся мне, што не змог пераняць у бацькі мастацкія навыкі, таму што майстар быў настолькі заняты сваім «хлебам», што ні на што іншае не было часу. Але ён ганарыцца такім татам. Так і мы павінны ганарыцца яго талентам, — падкрэсліў мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі. — Гэта класік беларускага жывапісу, ён стаіць у шэрагу з такімі выдатнымі мастакамі, як Віталь Цвірка, Іван Карасёў, Мікалай Тарасік... Гэта вельмi моцная плеяда майстроў, рэалістычны жывапіс якіх будзе жыць заўсёды.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.