Вы тут

Ордэн Францыска Скарыны ўручаны мастаку Аляксандру Салаўёву


Ордэн Францыска Скарыны ўручаны ў Віцебску вядомаму мастаку, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Салаўёву.


Фота: БЕЛТА

Уручэнне ўзнагароды адбылося ўчора ў час урачыстага адкрыцця мастацка-дакументальнага выставачнага праекта "Да 65-годдзя Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў" у Мастацкім музеі Віцебска.

Аляксандр Салаўёў узнагароджаны ордэнам у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры Беларусі. Ордэн мастаку ўручыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які асабліва падкрэсліў, што яму вельмі прыемна выканаць ганаровую місію і ўручыць такую высокую ўзнагароду аднаму з найстарэйшых мастакоў Віцебска.

"Мастак не павінен гаварыць, за яго гавораць работы. Галоўная задача мастака - знайсці самога сябе. Я шукаў сябе, праходзячы па жыцці праз трывогі і клопат. Але гэта яшчэ не фінал. Здаецца, што жыццё толькі пачынаецца, будзем чакаць новых здзяйсненняў, - сказаў Аляксандр Салаўёў. - У мастацтве нельга хлусіць, павінны быць шчырасць, сваё меркаванне. Няхай гэта меркаванне будзе няправільным, але гэта твар мастака".

"Сапраўдны мастак - гэта заўсёды свабодны, думаючы, творчы чалавек. Але Аляксандр Салаўёў - гэта ў першую чаргу асоба, і ў мастацтве, і ў жыцці, філосаф. Я шчаслівая, што ён дажыў да такога паважнага ўзросту і ўдастоены такой узнагароды", - выказала меркаванне загадчыца Мастацкага музея Вольга Акуневіч.

Мастацка-дакументальны выставачны праект, які адкрыўся 22 лютага ў Мастацкім музеі, складаецца з трох экспазіцый. Адна з іх - персанальная выстава Аляксандра Салаўёва.

Аляксандр Салаўёў (нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Салані Ленінградскай вобласці) - савецкі і беларускі мастак-авангардыст. Ва ўзросце 17 гадоў удзельнічаў у партызанскім руху, з 1944 года знаходзіўся ў дзеючай арміі і прымаў удзел у баях. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. З 1965 года працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Коласа, а пазней (аж да 1995 года) - яго галоўным мастаком. Аформіў больш за 100 спектакляў.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.