Вы тут

Знайдзі сябе


На прыкладзе герояў адзінага ігравога фільма, знятага ў 2016 годзе.

Задумы надзвычай рэдка супадаюць з рэальнасцю. Калі такое ўсё ж здараецца, можна меркаваць пра цуд. Складана казаць, ці супалі чаканні ад новай стужкі «Беларусьфільма» «Сляды на вадзе» з рэальнасцю. Лягчэй удакладніць, што рэальнасць тут вельмі адрозная ад чаканняў.


Кадр з фільма «Сляды на вадзе» (рэж. А. Анісімаў).

Вынікі ад здымкаў фільма-пераможцы адкрытага конкурсу кінапраектаў у краіне чакалі доўга — яго выбралі ў 2015-м, а на экраны стужка выйдзе 23 лютага (21 лютага ў кінатэатры «Масква» адбудзецца прэм’ерны паказ «Слядоў на вадзе» для тых, пра каго кіно створанае, — міліцыянераў), плануюцца і паказы па абласных гарадах краіны. Стужка Аляксандра Анісімава прайшла складаны шлях, хоць яшчэ і не была знятая: некалькі разоў перапрацоўваўся сцэнарый, фільм мусіў здымаць іншы рэжысёр (Ягор Канчалоўскі). Але, нягледзячы на тое, колькі арганізацыйных цяжкасцей прыйшлося пераадолець, кіно, знятае за 26 дзён, у кінатэатрах з’явіцца.

«Сляды на вадзе» — афіцыйнае прысвячэнне стагоддзю беларускай міліцыі. Здымаць пра сучаснасць? Атрымаўся б, напэўна, «Бандыцкі Пецярбург». Здымаць пра пасляваенны час, калі краіна адраджалася, а разам з ёй і міліцыя, — рызыкоўны шлях для кінастудыі, якую і так называюць «Партызанфільмам». Таму гэта крок яшчэ і смелы.

Асновай стужкі стаў раман прафесара, доктара гістарычных навук і былога палкоўніка міліцыі Мікалая Ільінскага «У надзвычайнай сітуацыі — знішчыць». Па словах аўтара, у рамане шмат сюжэтных ліній, вялікая колькасць герояў, перапляценняў і падзей, якія ў стужку не ўвайшлі, але на здымачную групу Ільінскі не крыўдуе, бо галоўнае — той невялікі факт, па якім была напісана кніга, стаў і базісам фільма: малады разведчык Смоліч павінны стаць адным з бандытаў, каб знайсці галоўнага злодзея.

Усе ролі ў фільме выканалі беларускія акцёры. Пабудаваная стужка на айчынным матэрыяле, здымалася таксама ў нас. Героі размаўляюць на рускай, польскай і беларускай мовах. Але цалкам беларускамоўнага героя Анісімаў ствараць не стаў, а растлумачыў гэта тым, што ў той час сваёй міліцыі ў Беларусі пасля вайны не было — да нас дасылалі людзей з Расіі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі (менавіта там адбываецца дзеянне) банды існавалі да пачатку 50-х гг. мінулага стагоддзя. Банда Рыся пачала набегі на Парэчынск. Героі Арцёма Курэня (Смоліч), Пятра Юрчанкова (Крыкуноў), Дзмітрыя Пусцільніка (Лучышын) — аблічча беларускай міліцыі таго часу. Менавіта Смоліч будзе ўкараняцца ў банду пад выглядам правадніка. Акцёраў для Анісімава выбраць было няцяжка: Юрчанкова зацвердзілі адразу, Вераніка Пляшкевіч выдатна падыходзіла на ролю, а малады акцёр Арцём Курэнь стаў для рэжысёра вельмі своечасовым адкрыццём.

Стужку ўжо паспелі параўнаць з «Месцам сустрэчы змяніць нельга» і «Ліквідацыяй». З аднаго боку, гэта гучыць прыемна для Аляксандра Анісімава — усё ж параўноўваюць з лепшымі ўзорамі жанру. З іншага ж, калі такія фільмы ўжо ёсць, калі сюжэт у іх амаль аднолькавы, калі знятая наша стужка пазней за астатнія, то навошта наогул яна патрэбная?

Усё гэта мы ўжо бачылі. Гэта магло б быць адказам, каб не адно «але». Глядач кожнай краіны, колькі б замежных фільмаў ні перагледзеў, хоча ўбачыць сябе: на сваёй тэрыторыі, са сваёй мовай і, канечне ж, уласнымі героямі. «Сляды на вадзе» могуць стаць менавіта тым люстрам, у якім мы ўбачым свой адбітак — наш менталітэт, продкаў, пейзажы. І ўсё гэта тут сапраўды заўважна.

Анісімаў зрабіў сваіх персанажаў шчырымі, чуллівымі і рызыкоўнымі — каб было цікава і акцёрам, і гледачам. Здымалі стужку ў Смалявічах, на Іслачы, на заводзе Кірава (дарэчы, за прыгажосць краявідаў варта падзякаваць аператару Дзмітрыю Рудзю). Давядзецца апынуцца і ў атмасферы таго часу — над дэкарацыямі працавалі сур’ёзна і старанна. Стварыць вобраз эпохі дапамагла вядомы мастак па касцюмах Наталля Сардарава (досвед працы больш чым у сотні стужак).

Акцёры выдатна зрабілі сваю справу (адных — любіш, іншых — ненавідзіш), батальныя сцэны таксама зробленыя сумленна (акцёры кажуць, што піратэхнік наогул рабіў немагчымае: калі кулямётную чаргу ў падобных стужках трэба здымаць 5 гадзін, то тут хапала 30 хвілін) і без усялякай камп’ютарнай графікі.

У вострасюжэтных бойках і пагонях удзельнічалі самі акцёры, рэальнасць і сны пераплеценыя ў фільме гарманічна і вельмі прыгожа (што ў беларускім кіно атрымліваецца надзвычай рэдка). У фільме гледачы ўбачаць і хроніку (усё ж Анісімаў — перш-наперш дакументаліст): вельмі сімвалічныя нараджэнне дзіцяці, мапа Мінска, які ён ёсць цяпер. Краіна, якую Анісімаў паказаў у «Слядах на вадзе», стала іншай, перарадзілася, калі хочаце, пазбавілася былых хібаў, а хроніка добра гэта адлюстроўвае.

Для 1,5 гадзіны кіно выглядае вельмі насычаным — дэталёва і падзейна. Складаецца ўражанне, што сюжэту б хапіла калі не на серыял, то, прынамсі, на некалькі частак фільма. Але ці гэта дрэнна? Глядач заўсёды ў напружанні, у чаканні, у нейкіх здагадках. Ці не такім павінна быць кіно пра міліцыю? Адчуць сябе на месцы міліцыянера — калі ласка, трапіць у банду — лёгка, здагадацца, хто здраднік, — зроблена! Гэтая гульня ў «хованкі» ў Анісімава сапраўды атрымалася: знайсці антыгероя адразу складана, яшчэ складаней — змяніць да яго стаўленне, пачаць ненавідзець.

Пранікнуцца пачуццямі да герояў менавіта «Слядоў на вадзе» ў гледача атрымаецца з першага кадра, гэта дакладна. Кіно ж сваё, героі блізкія. Аляксандр Анісімаў кажа, што яго стужка разлічаная ў першую чаргу на людзей пакалення больш сталага — на тых, хто яшчэ памятае тую гісторыю, прычым, хутчэй на мужчынскую палову. Але будзе на што паглядзець і жанчынам: у «Слядах на вадзе» кахання больш, чым у самай пачуццёвай меладраме.

Ці можа новая беларуская стужка стаць класікай сучаснага айчыннага кіно, ці будзе на яе бегчы ў кінатэатры глядач? Калі патрабавальную беларускую аўдыторыю «Сляды на вадзе» не ўразяць, то варта ўзгадаць, за які тэрмін знятая гэтая стужка. У кожнага сваё ўяўленне пра тое, якім магло б быць новае айчыннае кіно, якую стужку пра міліцыянераў можна стварыць.

Паглядзець гэты фільм варта не толькі таму, што ён айчынны, але і дзеля таго, каб зразумець, якім чынам фарміруецца твар нацыянальнага кіно. Якія рысы мы хочам у ім бачыць?..

Аўтар рамана Мікалай Ільінскі:

— Сама сітуацыя, якая стала асновай фільма, — не выдуманая. Я пісаў кандыдацкую дысертацыю і знайшоў факт, які стаў асновай для кнігі. А фільм глядзеў праз прызму свайго рамана, але разумею, што гэта не адно і тое ж. Для аўтара глядзець на свой твор на экране цяжка. Некаторыя героі тут сталі на іншае месца, кагосьці і зусім не паказалі, але ў кіно свае законы і прынцыпы. Раман я пісаў так, каб усе ўчынкі герояў былі матываваныя, але ўсяго ў стужцы падрабязна не распавядзеш. І ўсё ж фільм атрымаўся.

Гісторык Віктар Данілаў:

— У кінематографе я не прафесіянал, але ў гісторыі працую даўно. І хачу адзначыць тую дасціпнасць, з якой падышлі да працы мастакі фільма. Нельга не адзначыць музыку: яна кранае да сэрца. Увесь антураж, афармленне, касцюмы — усё рабілі з любоўю і адказнасцю. Але самае галоўнае ўласна для мяне — гэта тое, што персанажы выглядаюць арганічна, яны сапраўды так пачуваліся, не выпадалі з эпохі. Наконт афармлення і формы ніякіх пытанняў быць не павінна. Я ўдзельнічаў у гэтай працы, дапамагаў аднаўляць гістарычнасць і магу сказаць, што гэта рабілася вельмі доўга, дасканала: падрыхтоўка была руплівая і прафесійная.

Акцёр Пётр Юрчанкоў:

— Мы працавалі ў хуткім, насычаным тэмпе, і тое, што ўбачылі на экране, — вынік працы неверагоднай каманды. Усе працавалі на адным уздыху. Прыйшоў на пробы, а ўжо на наступны дзень пачалі здымаць. Працэс быў неверагодны: мы не размаўлялі адзін з адным ні аб чым, акрамя сваіх герояў, з кадра ў кадр абмяркоўвалі, пыталіся адзін у аднаго. Рэжысёр вельмі тонка падыходзіў да ўсіх: не перашкаджаў, а раіў, трымаў каманду ў «абалонцы». Было вельмі ўтульна працаваць.

Рэжысёр Аляксандр Анісімаў:

— Здымачная група дапамагла стварыць гэтую карціну неверагодна прыгожай. Без гэтых людзей нічога не атрымалася б: тэрмін здымак быў абмежаваны. Вельмі хацелася даказаць, што ў Беларусі ёсць прафесійныя кадры на ўсіх узроўнях: тут працуюць і беларускія акцёры, многія з якіх, дарэчы, заўважна выраслі за час здымак. Уся здымачная група працавала на карціну, ды і сама гісторыя стала для нас роднай. У выніку атрымаўся атмасферны фільм. Мне падаецца, пад яго не хочацца жаваць папкорн. А гэта значыць, што кіно яшчэ не памерла. Усё, што адбывалася вакол стужкі, мы стараліся не слухаць: рабілі сваю справу шчыра і добрасумленна, астатняе пакідаем на суд гледача.

Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Ігар Поршнеў:

— У карціны вельмі сціплы бюджэт. Гэта дзяржаўнае фінансаванне — не 100%, мы яшчэ шукалі партнёраў. Упэўнены, што мець такую выяву пры такіх сродках — сапраўдны подзвіг здымачнай групы і тых, хто працаваў над карцінай. Асабліва хочацца падзякаваць і мастакам па касцюмах, і грымёрам, і піратэхнікам. Якасць фільма значна вышэйшая за выдаткаваныя сродкі. Мы запрасілі на прагляд амерыканскага прадзюсара, які працуе з краінамі Усходняй Еўропы, і спадзяёмся, што пракатны лёс карціны толькі пачынаецца.

 

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».