Вы тут

Вялікае вяртанне


Бах, Вайнберг і класічныя джазавыя стандарты для аркестра — у адным канцэрце. «Ад Баха да джаза» Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь — чарговая нагода пачуць не толькі вядомую класіку, але і дакрануцца да мастацтва джаза і нібыта апынуцца ў Нью-Ёрку.


Пачатак вечара пройдзе пад знакам клавесіна: выбітная расійская клавесіністка, выканаўца старадаўняй музыкі Вольга Мартынава пазнаёміць публіку з творамі розных эпох — ад XVIII да XX стагоддзяў. Дарэчы, клавесін у Белдзяржфілармоніі не самы звычайны — гэта дакладная копія інструмента дзівоснай прыгажосці XVIII ст.

Падчас мерапрыемства таксама прагучаць Канцэрт для клавесіна з аркестрам Баха і Сімфонія № 7 для струннага аркестра і клавесіна Вайнберга. Гэта адна з лепшых сімфоній другой паловы XX стагоддзя, музыказнаўцы адзначаюць, што па праніклівасці і глыбіні мала хто ў гэты час мог наблізіцца да такіх вышынь, і гэты твор — сапраўднае адраджэнне жанру сoncerto grosso на рускай глебе і без «гульні ў стыль».

Мечыслаў Вайнберг — адна з выключных персон у музычнай культуры нашых дзён, таму і цікавасць, і павага да творчай спадчыны кампазітара — каласальная. У XXI стагоддзі творчасць Вайнберга стала рэзананснай і для Еўропы, і для заакіянскай публікі. Варта ўзгадаць, што яго оперы ставіліся паўсюдна (у Варшаве, Франкфурце, Штутгарце, Нью-Ёрку, Дэтройце, Х’юстане, Маямі, Чыкага). Паралельна сімфоніі і камерныя ансамблі Вайнберга выконваліся ў розных гарадах Еўропы, ладзіліся фестывалі яго музыкі і выпускаліся кампакт-дыскі пад самымі вядомымі сусветнымі лэйбламі. Сачыненні кампазітара ўвайшлі ў рэпертуар найбольш значных еўрапейскіх музыкантаў эпохі.

Менавіта таму канцэрт можна прылічыць не толькі да ўзгадвання Вайнберга, але і да яго «вяртання». У апошні час творы кампазітара пачалі ўключаць у свае канцэрты расійскія музыканты, а зараз датычнымі да гэтага сталі і беларусы: музыку Вайнберга ў нас можна паслухаць у выкананні ансамбля салістаў «Класік-Авангард», Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. 22 лютага ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі можна будзе пачуць тыя творы Баха і Вайнберга, якія абавязкова прымусяць задумацца пра «вечнае», паразважаць пра жыццёвыя перыпетыі, даведацца пра музычныя традыцыі Польшчы, Ізраіля, Румыніі, Малдовы, Аўстрыі, Германіі. Эстэтыка гэтай камернай музыкі знойдзе водгук у кожнага слухача.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.