Вы тут

"Не бачыў сэнсу наведваць дыспансэр". Чаму Казакевіча знялі з уліку?


Мінскі гарадскі суд працягвае разглядаць справу па забойстве ў гандлёвым цэнтры "Еўропа". Сёння ў якасці сведкі выступіла псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспасэра Наталля Вялічка. Менавіта да яе звярнуўся Уладзіслаў Казакевіч у студзені 2016 года з пытаннем зняць яго з уліку.


— Казакевіч прыйшоў разам з маці. Сказаў, што не бачыць сэнсу ў наведванні дыспансэра. Я распытала яго аб скаргах, заўвагах. Прадставіла пацыента на камісійны агляд. Там прысутнічалі загадчык аддзялення, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці. Падчас агляду Казакевіч нерваваўся, спрабаваў выйсці з кабінета. Але маці пераканала яго застацца. Згодна агляду, было вырашана, што пацыент можа быць зняты з уліку з прычыны кампенсацыі (паляпшэння. — Аўт.) стану, — расказала Наталля Вялічка.

Чаму Казакевічу дазволілі зняцца з уліку ў псіхіятрычным дыспансэры? Адвакат абвінавачванага настойліва спрабаваў дабіцца тлумачэнняў і даведацца, наколькі кампетэнтна быў праведзены камісійны агляд. Урач патлумачыла, што на падлетка не было скаргаў з боку школы і маці, парушэнняў у яго паводзінах не назіралася. Яна таксама дадала, што пры паступленні ў ВНУ абітурыенты не абавязаны прыносіць даведкі ад псіхіятра-нарколага.

Два гады таму Уладзіслаў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Урач РНПЦ псіхічнага здароўя Андрэй Траццяк, які аглядаў падлетка пасля адной са спробаў суіцыду, мяркуе, што прычынай быў канфлікт з настаўнікамі і аднакласнікамі.

— Чалавека не задавальняла яго існаванне, — успамінае Андрэй Траццяк. — Пацыент расказваў, што раней ён быў клапатлівым, дапамагаў людзям, але потым, па яго словах, з ім штосьці здарылася і ён змяніўся.

— Ці прадстаўляў ён у той момант пагрозу для грамадства? — спытаў дзяржаўны абвінаваўца.

— Ён прадстаўляў пагрозу для сябе, бо ў яго захоўваліся суіцыдальныя ідэі, — адказаў Траццяк. — Для грамадства я пагрозы не бачыў.

Урачы рэкамендавалі падлетку псіхатэрапію, але маці ад лячэння адмовілася.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.