Вы тут

Маці Казакевіча: Яго замкнёнасць мяне пужала


Мінскі гарадскі суд працягвае разглядаць гучную справу па забойстве ў гандлёвым цэнтры "Еўропа". Сёння пасля абеду на допыт былі выкліканы бацькі Казакевіча. Маці Улада, Вольга, зграбная бландынка з ціхім голасам, запэўнівала, што ў яе з сынам заўсёды былі добрыя адносіны.


— Ён быў паслумяным з дзяцінства, займаўся спортам, добра вучыўся. Падстаў да канфліктаў не даваў, — расказала яна. Увесь час, што маці выступала ў судзе, Казакевіч сядзеў чырвоны.

Па словах Вольгі, Уладзіслаў ніколі не жыў адзін.

— 7 сакавіка 2014 года я выйшла замуж (за грамадзяніна Германіі, з бацькам Казакевіча яна даўно ў разводзе. — Аўт.). Калі і з'язджала, магла толькі на тыдзень яго пакінуць. Ён заўсёды мог пра сябе паклапаціцца. Умеў прыгатаваць усё, што любіць з ежы.

Вольга ўспамінае, што самы цяжкі перыяд для яе быў — пасля шпіталізацыі Улада ў Навінкі. "Для мяне было шокам, калі я даведалася, што гэта была чацвёртая спроба самагубства... Пасля гэтага сын стаў замкнёным. Замкнёнасць мяне вельмі пужала. Але я заўсёды лічыла гэта асаблівасцю яго характара".

— Ці высветлілі вы прычыны спробаў суіцыду сына? — спытаў дзяржаўны абвінаваўца ў маці Казакевіча.

— Не высветліла. Я як ні спытаю, Улад казаў: "Усё добра. Было і прайшло. Не хвалюйся". Я хадзіла кожны дзень да сына ў бальніцу, але гэта яго раздражняла. Я старалася мякка з ім размаўляць, быць дыпламатычнай. Ніколі нічога ад яго не патрабавала.

Пасля лячэння ў Навінках Казакевіч перайшоў у іншую школу. Так зрабіць яго маці раілі псіхолагі, святар. "У гімназіі думалі, што мы хацелі на больш лёгкую праграму перавесціся. Але мы толькі хацелі, каб Уладу было лепш. Мне здавалася, усё наладжвалася. У мяне на душы стала лягчэй", — успамінае Вольга.

Калі напачатку мінулага года жанчына даведалася, што сын можа зняцца з уліку ў псіхіятрычным дыспансэры, яна была рада. "Усе шарахаліся ад мяне: як гэта ў цябе сын стаіць на ўліку? Я ж не ведала, што маё дзіця хворае!"

Застацца ў судзе і паслухаць працэс маці не захацела.

Бацька Казакевіча Валянцін успамінае: пра тое, што сын хоча скончыць жыццё самагубствам, даведаўся ад класнага кіраўніка. "Яна патэлефанавала 9 кастрычніка (2014-га. — Аўт.) і сказала, што атрымала ад Улада вельмі дзіўную эсэмэску. Я адразу пазваніў у міліцыю ці МНС, не памятаю, паведаміў гэту інфармацыю. Назваў нумар сына і папрасіў устанавіць яго месцазнаходжання", — расказаў Валянцін.

Бацька падлетка вырашыў для сябе, што прычына спробы суіцыду была ў канфлікце з класным кіраўніком.

— У іх былі няпростыя адносіны. Псіхалагічная несумяшчальнасць, — патлумачыў ён.

"Усё добра", "нічога сур'ёзнага", "у мяне няма праблем" — так адказваў Уладзіслаў на ўсе пытанні бацькі.

— Вы ведаеце, чаму ваш сын зняўся з уліку? — пацікавіўся дзяржаўны абвінаваўца.

— У дыспансэр мы ездзілі "для галачкі". Зайшлі на 10 хвілін, адзначыліся, выйшлі. Нічога не адбывалася. Навошта тады стаяць на ўліку? — адказаў Валянцін.

Незадоўга да трагедыі ў ГЦ "Еўропа" Улад патэлефанаваў бацьку. Падлетак быў у добрым настроі.

— "А як тая шведская марка тваёй пілы называецца?" — спытаў ён. Я назваў. "А што?" — пацікавіўся я. Ён: "Нічога. У мяне ёсць адна ідэя". Кажу сыну: прыходзь да мяне ў гараж, патрэніруешся пілой карыстацца, у мяне пні ёсць. Я падумаў, у яго з'явілася цяга да ручной працы...

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.