Вы тут

Як у Беларусі ствараюць новыя сарты сельгаспрадукцыі


Год навукі абяцае быць плённым для Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве. Яго супрацоўнікі займаюцца навуковым забеспячэннем айчынных вытворцаў аграрнай прадукцыі. А калі казаць дакладней, то гэта — стварэнне высокапрадукцыйных канкурэнтаздольных сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых культур.


— Трэба мець на ўвазе, што землі беларускія па сваіх якасных характарыстыках, бадай, самыя бедныя ў Еўропе. Каб атрымаць адпаведны ўраджай у параўнанні з Польшчай, нашым земляробам трэба дадаткова панесці ў 1,25 раза больш выдаткаў, з Германіяй — 1,5, з Францыяй — 1,8. Таму нам трэба разлічваць на новыя высокаўраджайныя сарты, гаворыць генеральны дырэктар цэнтра доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Фёдар Прывалаў.

Фёдар Іванавіч — удалы прыклад эфектыўнага спалучэння практыкі і навукі. Патомны хлебароб, доўгі час быў старшынёй адной з найлепшых гаспадарак у Мінскай вобласці. Потым яго вылучылі на пасаду старшыні Нясвіжскага райвыканкама. Ён паспяхова спалучаў работу, як кажуць, у полі з навуковымі даследаваннямі па актуальных праблемах аграрнага сектара. Цяпер у цэнтры поўнасцю засяродзіўся на навуковых справах. Але не губляе кантактаў з земляробамі.

Гэты год абяцае быць плённым для цэнтра яшчэ і з той важнай прычыны, што вынікі папярэдняй працы дазваляюць разлічваць на новыя дасягненні ў селекцыйнай справе. Для вучоных гэта сур'ёзная нагода асэнсаваць пройдзены шлях, зрабіць высновы на будучыню. Усяго два леташнія факты: 15 сартоў цэнтра занесена ў дзяржаўны рэестр, выдадзена 13 патэнтаў на вынаходкі. Рэалізацыя плана па правядзенні Года навукі будзе спрыяць развіццю навуковай школы цэнтра. Умацоўваецца яго матэрыяльна-тэхнічная база для правядзення даследаванняў на сучасным узроўні.

Створаны генетычны банк, без якога сучасная селекцыя ўвогуле немагчымая. Пабудавана лінія сушкі насення, узводзіцца корпус насенняводства. Нядаўна тут прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. Госці, а гэта былі пераважна маладыя людзі, школьнікі старэйшых класаў, наведалі аддзел біяхіміі і біятэхналогіі, агледзелі найноўшае абсталяванне і ўбачылі на свае вочы, як працуе навуковая лабараторыя. Ім таксама паказалі Нацыянальны банк генетычных рэсурсаў раслін, у якім знаходзіцца калекцыйны матэрыял раслін.

У цэнтра шмат замежных партнёраў-селекцыянераў не толькі з бліжняга замежжа, але і з іншых кантынентаў.

— Мы супрацоўнічаем з навукоўцамі Расіі, Украіны, іншых краін СНД, а таксама Германіі, Польшчы, Швейцарыі, Балгарыі, Даніі. Праводзім сумесныя даследаванні, абменьваемся навуковай інфармацыяй, селекцыйнымі матэрыяламі. За межамі Беларусі нашы сарты і гібрыды займаюць каля трох мільёнаў гектараў. Гэта значыць, мы здольныя канкурыраваць з замежнымі сартамі насення, — гаворыць Фёдар Прывалаў.

Дарэчы, 15 сартоў цэнтра прызнаны ўнікальнымі ў Еўропе. Зараз яны размешчаны на востраве Шпіцберген на захоўванне ў планетарным сховішчы насення Зямлі. Нагадаем, Сусветны банк пасадкавага матэрыялу створаны ў 2006 годзе пад эгідай ААН для захавання ўсіх сельскагаспадарчых раслін, якія існуюць у свеце. Уласную ячэйку ў гэтым банку мае кожная краіна.

Штогод шмат замежных гасцей наведвае цэнтр. Летась сюды нават завіталі афіцыйныя дэлегацыі з Мазамбіка і кітайскай Акадэміі аграрных навук правінцыі Цзілінь.

Ці маглі б здабыткі навукоўцаў быць больш значнымі? Так, лічыць кіраўнік цэнтра. Сістэма насенняводства ў Беларусі ў стане поўнасцю забяспечыць спажыўцоў кандыцыйным, высакаякасным насеннем. Аднак спецыялізаваныя гаспадаркі, а іх у рэспубліцы 90, маюць патрэбу ў карэнным абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, а сама сістэма — у аптымізацыі. Гэту работу актывізавалі ў Год навукі. 5 мая ў цэнтры будзе праходзіць другі Міжнародны форум хлеба. Распрацавана праграма развіцця селекцыі і насенняводства збожжавых, зернебабовых, тэхнічных і кармавых культур. У ёй дэталёва абгрунтаваны этапы, меры, патрэбнасць у тэхнічных сродках, неабходныя структурныя і арганізацыйныя змены ў сістэме насенняводства.

Гэты Год навукі для цэнтра асаблівы яшчэ і таму, што ў ліпені яго калектыў будзе адзначаць 90-годдзе з дня заснавання. За гэты час ён прайшоў шлях ад невялікага інстытута да навукова-практычнай установы з сусветнай вядомасцю. Прыедуць шмат замежных вучоных, спецыялістаў-практыкаў. З нагоды юбілею запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Адно з іх: адкрыццё Алеі вучоных цэнтра, якая будзе знаходзіцца побач з будынкам інстытута ў Жодзіне. Каб нашчадкі былых і сённяшніх селекцыянераў ведалі і ганарыліся сваімі славутымі папярэднікамі.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Стваральнікі сартоў з Жодзіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».