Вы тут

У чым маюць патрэбу людзі з інваліднасцю?


У студзені гэтага года праходзіла грамадскае абмеркаванне праекта Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. У далейшым, пасля дапрацоўкі, дакумент будзе накіраваны ва ўрад. «Звязда» таксама выслухала меркаванні зацікаўленых бакоў па гэтым пытанні.


Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак:

— Чалавек з інваліднасцю павінен мець магчымасць атрымліваць усе паслугі, якія атрымліваюць іншыя члены грамадства. Даступнае асяроддзе будзе развівацца комплексна. Гэта значыць, што чалавек з інваліднасцю не толькі павінен мець магчымасць выйсці на вуліцу — трэба, каб не было перашкод на ўсім яго шляху. Прычым гэта даступнае асяроддзе павінна быць забяспечана для людзей з інваліднасцю розных катэгорый — інвалідаў-калясачнікаў, невідушчых, людзей са слабым слыхам...

Не менш важна забяспечыць аказанне якасных паслуг на аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры. Пагадзіцеся, дабрацца да аб'екта — палова справы, трэба яшчэ атрымаць тую паслугу, дзеля якой і ствараецца даступнае для інваліда асяроддзе. Таму варта распрацаваць механізм аказання сітуацыйнай дапамогі ў пераадоленні бар'ераў, якія замінаюць атрыманню інвалідамі паслуг нароўні з іншымі грамадзянамі, а таксама індывідуальных мер падтрымкі і суправаджэння ў канкрэтных сітуацыях у паўсядзённым жыцці. На маю думку, паслугі павінны быць максімальна адаптаваны да асаблівых патрэб інвалідаў.

Яшчэ хачу адзначыць, што людзі з інваліднасцю таксама зацікаўлены ў пашырэнні магчымасцяў для працаўладкавання. Яны вельмі матываваныя на атрыманне дадатковага даходу да той пенсіі, якую ім выплачвае дзяржава. І тут трэба ісці ім насустрач.

Намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка:

— Сёння вельмі важна мець якасную адукацыю. Гэта датычыцца ўсіх, але людзей з дрэнным зрокам — асабліва. У апошнія 10 гадоў ідзе актыўнае скарачэнне працоўных месцаў з ручной працай: машыны зараз актыўна замяняюць чалавечыя рукі. І калі невідушчы чалавек атрымае якасную адукацыю, вядома ж, у той сферы, дзе зрок не адыгрывае прынцыповай ролі, ён зможа стаць канкурэнтаздольным на рынку працы, стварыць сям'ю і жыць нармальным жыццём.

Адна з праблем датычыцца таго, што ў нас пакуль не створаны ўмовы для атрымання такой адукацыі.

Мы выступаем за стварэнне роўных умоў здачы тэсціравання. Трэба, каб у інваліда быў выбар: здаваць экзамены камісіі або праходзіць на агульных падставах разам з усімі іншымі дзецьмі тэсціраванне. Інвалідам павінны быць створаны для гэтага тэхнічныя ўмовы. Напрыклад, для людзей са слабым зрокам трэба надрукаваць больш кантрасныя бланкі са знакамі вялікага памеру.

Вельмі важна таксама стварыць даступнае асяроддзе непасрэдна ў навучальных установах. Неабходна, каб для невідушчых студэнтаў з'явілася вучэбная літаратура, створаная ў даступным для іх фармаце. Мы гатовыя падказаць, што і як можна зрабіць у гэтым плане хоць бы на мінімальным узроўні, з улікам нашага няпростага эканамічнага становішча...

Валанцёр Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Анастасія Канавалава:

— Мы прапаноўваем увядзенне статусу «сацыяльнае прадпрыемства». Што гэта такое? Гэта камерцыйнае прадпрыемства, галоўнай мэтай якога з'яўляецца рашэнне сацыяльных праблем шляхам аказання сацыяльных паслуг альбо працаўладкавання людзей з інваліднасцю. Яшчэ мы прапаноўваем заканадаўча ўрэгуляваць пытанне з вытворчымі майстэрнямі, якія існуюць пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цяпер яны — фактычна гурткі па інтарэсах. Хацелася б, каб яны набылі пэўную самастойнасць і магчымасць удзельнічаць у гаспадарчым абароце, гэта значыць, каб людзі маглі прадаваць свае вырабы. І яшчэ адно пытанне датычыцца перагляду ўмоў аказання псіхіятрычнай дапамогі з прычыны неадпаведнасці мер прымусовага лячэння нормам Канвенцыі аб правах інвалідаў ААН.

Старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко:

— Нам бы хацелася больш цесна супрацоўнічаць з мясцовымі органамі ўлады. Справа ў тым, што наша асацыяцыя не мае баз даных людзей, якія нядаўна сталі інвалідамі-калясачнікамі. Але кожны дзень здараюцца аварыі на дарогах, з'яўляюцца ўсё новыя інваліды, і вельмі важна як мага раней пачаць дапамагаць такім людзям, каб яны не пагрузіліся ў сацыяльную апатыю, а з самага пачатку інваліднасці маглі ўключыцца ў актыўнае жыццё.

Яшчэ вельмі важнае пытанне — якасць інвалідных калясак. Павінны быць спецыяльныя дзіцячыя каляскі, а што датычыцца дарослых калясак — іх трэба падбіраць зыходзячы з параметраў кожнага канкрэтнага чалавека, а не «на вока». Гэта вельмі важна.

І яшчэ: наспела патрэба ў тым, каб органы аховы здароўя і сацыяльнай абароны працавалі ў больш цесным узаемадзеянні. Цяпер у нас няма такой пасады, як сацыяльны менеджар у рэабілітацыйным аддзяленні. Але ж чалавек, які стаў інвалідам — пасля цяжкага захворвання або аварыі, — паралельна з медыцынскай дапамогай мае патрэбу і ў сацыяльнай рэабілітацыі, нейкіх падказках, як жыць далей, улічваючы свае новыя абставіны...

Анжаліка Раманейка, мама дзіцяці з інваліднасцю:

Мой шасцігадовы сын — інвалід з дзяцінства, у яго прыроджаная паталогія зроку. Неяк мне ў выканкаме расказалі пра Беларускую асацыяцыю дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Я ўступіла ў яе і такім чынам нарэшце стала камунікаваць з мамамі і дзеткамі, якія не глядзелі на нас з сынам скоса: у іх таксама былі праблемы і яны разумелі, што гэта такое. А маё дзіця нарэшце адчула сябе такім жа, як усе! Зараз мы з сынам стараемся актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах асацыяцыі. Хацелася б змяніць жыццё нашых дзяцей да лепшага, таму ў мяне і ў іншых мам ёсць некаторыя канкрэтныя прапановы.

Вось, напрыклад, ёсць дзеці з псіхафізічнымі парушэннямі, якія ходзяць у цэнтры карэкцыйнага развіцця. Гэта своеасаблівыя дзіцячыя садкі, у якіх створаны ўсе ўмовы для такіх малых. Але калі дзецям спаўняецца 18 гадоў, яны пераходзяць у ТЦСАН, дзе на самай справе няма ўсіх неабходных умоў менавіта для іх. І гэта наш боль. Для гэтых дарослых ужо дзяцей трэба было б стварыць нешта накшталт такога ж дзіцячага садка, які яны маглі б наведваць пасля 18 гадоў, дзе быў бы медработнік і г.д.

Яшчэ вельмі хацелася б, каб больш шырока ўкаранялася суправаджаемае пражыванне для маладых інвалідаў з псіхафізічнымі парушэннямі. Таму што, калі такіх маладых людзей навучыць нейкім бытавым і сацыяльным навыкам, многія з іх змогуць жыць у далейшым самастойна.

І яшчэ адна балючая праблема. Дапусцім, жыве мама з дзіцем з псіхафізічнымі парушэннямі, якому ўжо споўнілася 18 гадоў. І калі яна, не дай бог, раптам трапіць у бальніцу — куды дзець на гэты час дзіця? У нас ёсць такая паслуга, як сацыяльная перадышка, але, я думаю, яе варта практыкаваць больш шырока. Ды і не ўсякая мама можа выкарыстаць яе з-за аплаты: льготы пасля таго, як дзіцяці споўнілася 18 гадоў, ужо знятыя, таму матэрыяльнае становішча такіх мам нярэдка вымушае жадаць лепшага. Гэта таксама трэба было б неяк улічваць...

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без перашкод

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».