Вы тут

Мар'яна МУРАНКОВА: «За час у прамым эфіры худзееш на кілаграм»


Прамы эфір хавае для тэлевядучых шмат сюрпрызаў: можна забыцца імя героя, не ўкласціся ў час ды і ўвогуле адхіліцца ад сцэнарыя, напісанага рэдактарамі. Пра ўсе плюсы і мінусы работы «не пад лінеечку» і без чарнавіка выдатна ведае наша сённяшняя суразмоўца. Тэлевядучая Мар'яна Муранкова добра вядомая гледачам маладзёжнай праграмы «Пін_Код», якая з аўторка па пятніцу выходзіць на канале «Беларусь 2». Мы гутарым пра сакрэты прафесіі, важнасць быць сабой і вучыцца ў аўтарытэтаў.


— Мар'яна, як пачынаўся твой прафесійны шлях на тэлебачанні? Ты з дзяцінства марыла быць вядучай?

— Я не выпадковы чалавек у прафесіі тэлевядучай. Працаваць на тэлебачанні хацела з дзяцінства, але гэта не было вялікай марай і памкненнем. Скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «руская філалогія», і ўжо ў студэнцкія гады даведалася, што магу досыць добра пісаць. Калі пачалі працаваць над курсавымі работамі, мне не хацелася сядзець у бібліятэках, і я пісала нешта ад сябе (смяецца). Студэнткай 5 курса я прыйшла на адзін з кабельных каналаў проста паспрабаваць, як гэта — здымаць сюжэты, навіны. Потым працавала ў сталічным часопісе «Праменад», які выходзіў у фармаце гіда па культурнай сталіцы. Я зразумела, што расказваць пра культуру — гэта і ёсць маё жыццё, але ў нейкі момант работы ў часопісе стала мала, і я прыйшла на тэлебачанне. Спачатку разам з Алінай Краўцовай рабіла праграму «Культурныя людзі» — напэўна, адзіную, якую я глядзела штовыхадныя яшчэ з дзяцінства. Мне пашчасціла быць у камандзе з Алінай, менавіта яна расказала, як трэба працаваць. Спецыялізуюся на культуры, не раблю навіны і не працую карэспандэнтам. Таму, распавядаючы пра падзеі, усё прапускаю праз сябе, праз душу. Вось ужо 5 гадоў я на тэлебачанні, імкнуся зрабіць нешта прыгожае і цікавае. Калі ў мяне гэта атрымліваецца, то добра.

— Сама глядзіш тэлевізар? Праца каго з калег найбольш падабаецца, захапляе?

— Люблю палітычныя праграмы, навіны, з задавальненнем гляджу рэпартажы пра ўсё, што тычыцца журналістыкі, грамадскага жыцця. Мне вельмі падабаецца, як працуе Уладзімір Познер, люблю шоу Опры Уінфры, якое цягам некалькіх дзесяцігоддзяў выходзіла на тэлебачанні і з'яўляецца для мяне ідэалам. З беларускіх тэлевядучых уражвае Святлана Бароўская, можна вучыцца кожны дзень, проста яе слухаючы. Мне пашчасціла з ёй працаваць у праграме «Добрай раніцы, Беларусь!», тут я рэдактар і пішу сцэнарыі для Святланы. Гэта вельмі добры вопыт.

— Ты вядучая маладзёжнай праграмы «Пін_Код». Гэта накладае адбітак на паводзіны ў эфіры і на спецыфіку работы?

— Працуючы ў маладзёжнай праграме, ты разумееш, што з'яўляешся прыкладам. Варта сябе так паводзіць, нешта такое рабіць, каб чаму-небудзь навучыць падлеткаў, перадаць свой вопыт. Нават адзенне для эфіраў падбіраю адпаведнае. Праграма «Пін_Код» выходзіць у прамым эфіры, гэта таксама накладае адбітак на работу. Час абмежаваны, у навушніку галасы рэжысёра, рэдактара, пры гэтым трэба завяршыць кожнае інтэрв'ю так, каб яно выглядала цэльна, прыгожа, не было абарваным. Мне падаецца, за праграму ў прамым эфіры худзееш на кілаграм.

— Чым яшчэ адметны прамы эфір?

— Гэта не работа па сцэнарыі, дзе ўсё загадзя прадумана, прапісана, а ты проста паўтараеш. Сцэнарый для нас — толькі апора. Я так лічу. Але некаторыя вядучыя нават у прамым эфіры імкнуцца не адхіляцца ад плана, лічаць абавязковым прагаварыць усё, што напісаў рэдактар. Для мяне сцэнарый — павадыр, за якім ідзеш, ты ад яго проста адштурхоўваешся, напаўняеш сваім зместам. Я не люблю працаваць пад лінеечку.

— Свае праграмы пераглядаеш?

— Так, каб бачыць, як працуюць калегі, як я сама працую. Паўтара года таму, калі я толькі прыйшла на праект, пераглядала кожны свой эфір, каб даведацца пра памылкі. Я вельмі самакрытычная і заўсёды сама да сябе прыдзіраюся, бачу недахопы. Нават калі мне кажуць, што ўсё было выдатна. Заўсёды трэба вучыцца, развівацца. Таму мяне здзіўляюць людзі, якія выйшлі ў эфір некалькі разоў і лічаць сябе знаўцамі, дазваляюць сабе расслабіцца.

— А ці важна вучыцца ў калег, мець сярод іх сваіх настаўнікаў, дарадцаў?

— У мяне ёсць аўтарытэты ў прафесіі, нават сярод калег. Іх мала, але я лічу, што такія людзі павінны быць у кожнага, калі ён хоча нечага дасягнуць. Думаю, нельга навучыцца быць тэлевядучым. Як і ў кожнай прафесіі, можна набыць толькі пэўныя навыкі, уменні. Але ў цэлым ты або можаш працаваць, або не. Тысяча гадзін практыкаванняў над дыкцыяй нічога не вартая без харызмы. Тысяча прачытаных кніг губляюць каштоўнасць, калі не зробіш так, каб слухалі толькі цябе. Таму трэба сябе напаўняць: чытаць больш кніг, глядзець больш добрых фільмаў, слухаць добрую музыку, камунікаваць з цікавымі, разумнымі людзьмі. Апошняе, напэўна, найважнейшае.

— Але на экране трэба быць прыгожай...

— Важны складнік поспеху ва ўсім — добры, пазітыўны настрой, усмешка. Стараюся перад эфірам вызваліцца ад усялякіх думак: што б ні адбывалася ў жыцці, варта працаваць тут і цяпер для гледача, забывацца на ўсе праблемы, што маеш. Я заўважыла, нават калі баліць галава ці страўнік, то калі ўключаецца камера, усё раптам праходзіць. Мне падаецца, галоўны сакрэт — у любові да сваёй прафесіі, таго, што ты робіш. Варта любіць не сябе ў кадры, а ўсё, што цябе акружае ў рабоце. Трэба больш аддаваць, сусвет пачуе і абавязкова аддзячыць добрым гледачом. Таксама важна быць сабой. Калі маеш сваю «фішку», харызму, ты ні на каго не падобны, не стараешся за некім паўтарыць і ідзеш сваім шляхам, то раней ці пазней чагосьці дасягнеш. Хай і не адразу.

— Можаш прыгадаць смешныя выпадкі, што здараліся падчас эфіраў?

— Ды яны ўвесь час адбываюцца! Часцей за ўсё звязаныя з тым, што мы з калегамі часам забываем тэкст. Калі вы бачыце, што вядучыя раз-пораз перакідваюць «павады» гутаркі паміж сабой, значыць нехта з іх забыўся. Аднойчы я забылася, як завуць госця. А Віталік Карпанаў, мой калега, неяк забыўся, як правільна па-англійску гучыць назва гурта. Таму кожны раз падводзіў рэплікі так, што яго называла я. Вядучы — прафесія, дзе многае ад цябе не залежыць. Глядач бачыць, як ты загрыміраваны, якая ў цябе прычоска, як ты апрануты, што кажаш. Усе думаюць, што гэта і ёсць ты. Але ж насамрэч усё залежыць ад добрага грымёра, стыліста, рэдактара, рэжысёра, правільна пастаўленага святла.

— Камфортна адчуваеш сябе ў калектыве?

— Мне вельмі падабаецца калектыў Белтэлерадыёкампаніі. Люблю сваіх калег. Уяўляеш, усе працуюць у прамым эфіры, усе на стрэсе, на нервах, але ў той жа час умеюць захоўваць спакой, усміхацца. Мы многа ўсміхаемся, жартуем, сябруем, падтрымліваем адно аднаго, дапамагаем. Ніхто не цягне коўдру на сябе, а гэта вельмі важна.

— У журналістаў ёсць адна адметнасць: нам вельмі складана «адключыцца» ад працы і сапраўды адпачываць.

— Так, гэта вельмі складана. Зранку прачынаюся і ліхаманкава ўспамінаю, што варта зрабіць у кожным з праектаў. Каб працаваць на тэлебачанні, трэба быць сапраўдным працаголікам. Не кожны зможа цалкам прысвяціць сябе прафесіі, на другім плане пакінуць асабістае жыццё. Таму і адпачываю я таксама ў працэсе работы. Мне для адпачынку шмат не трэба. Калі доўга адпачываю, пачынаю сумаваць.

— Ты ўжо адзначала, што маеш філалагічную адукацыю. Але каб быць вядучай, гэтага не зусім дастаткова. Можа, наведвала дыктарскія курсы?

— Я доўгі час прафесійна спявала, займалася акадэмічным, джазавым вакалам. Гэта ж таксама ўплывае і на дыкцыю, і на паводзіны. Гэта ж праца з дыяфрагмай, правільная пастаноўка голасу. Не было такога, што я рэзка стала тэлевядучай, да справы я ішла фактычна ўсё жыццё, з дзяцінства: хадзіла ў тэатральную студыю, займалася музыкай, хадзіла ў мастацкую школу. Гэта ж таксама ўплывае: развівае густ, дапамагае будаваць сюжэт.

— Марыш стварыць свой аўтарскі праект? Якой тэме ён быў бы прысвечаны?

— Усё павінна адбывацца ў свой час. На тэлебачанні працую не так доўга, толькі 5 гадоў. У мяне няма любімых тэм, любая тэма любімая. Кожную праграму трэба рабіць якаснай, цікавай, усміхацца і несці добры настрой гледачам.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Мар'яна МУРАНКОВА: «За час праграмы у прамым эфіры худзееш на кілаграм»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».