Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Ці варта баяцца паліцыі?

У падарожжы мяне цягнула заўсёды, прычым неадольна. У выніку амаль у кожны настаўніцкі водпуск я некуды з'язджаў. Маршруты маіх падарожжаў праходзілі па поўначы і поўдні, па захадзе і ўсходзе, па гарах і стэпах, азёрах і розных морах... Спачатку ўсе яны ляжалі ў межах Савецкага Саюза.

Але ж жыццё ёсць жыццё: з цягам часу ўсё больш мацаваліся сувязі паміж краінамі, і такім чынам у людзей сталі з'яўляцца магчымасці выязджаць далей. Я, напрыклад, з задавальненнем пабываў у Балгарыі, Чэхаславакіі, у былой ГДР...

Не трэба, мусіць, казаць, што перад кожнай з гэтых паездак даводзілася праходзіць досыць жорсткі адбор. Адпаведныя органы нібы рэнтгенам прасвечвалі тады ўсю радню (сацыяльнае паходжанне, партыйнасць, стасункі з немцамі падчас вайны, судзімасць, пабочныя сувязі і г. д.), збіралі характарыстыкі з месца вучобы ці працы.

Думаеце, усё? Не! З тымі, хто праз гэтыя сіты прайшоў, праводзіўся адпаведны інструктаж. Нам падрабязна расказвалі, як трэба (і не трэба) сябе паводзіць, вельмі настойліва раілі, што называецца, трымаць адлегласць у зносінах з мясцовым насельніцтвам, ніколі не распускаць языкі.

У гэтым плане выключэннем стала хіба што савецкае пасольства ў Лондане. Там упершыню ў жыцці мы, савецкія турысты, пачулі, што не варта баяцца ўсіх, што калі да нас, у прыватнасці, падыдзе чалавек, які сапраўды цікавіцца жыццём у Саюзе, то чаму б не пагутарыць з ім, чаму б не знайсці яшчэ аднаго сябра для сваёй краіны. Гэта ж, маўляў, у нашых інтарэсах, а тым больш, што ў Англіі тады шмат было беларусаў, якіх у гэту краіну загнала вайна... Іншы каленкор, калі ў пытаннях і паводзінах суразмоўцы раптам адчуецца варожасць... У гэтым выпадку трэба па магчымасці ветліва згарнуць размову, а калі не будзе ўдавацца, — шукаць вачыма паліцэйскіх, не баяцца прасіць іхняй дапамогі...

Група турыстаў, з якой я падарожнічаў па Англіі, у Беларусі стваралася ўпершыню, што, зразумела ж, вельмі абавязвала.

Дык вось. Адным з гарадоў на нашым маршруце быў адміністрацыйны, навуковы і культурны цэнтр Уэльса Кардыф. Горад, безумоўна, і цікавы, і багаты сваёй гісторыяй. Для нас там арганізавалі экскурсію, падчас якой расказалі і паказалі буйныя архітэктурныя помнікі, розныя славутасці... Пасля яе, як заўсёды, нам далі гадзіну вольнага часу. Па звычцы я адразу ж кінуўся здымаць усё, што мне спадабалася. І тут...

Ні вушам, ні вачам верыць не хацелася: мяне (!?) клікаў да сябе паліцэйскі.

Рукі па-здрадніцку затрэсліся, спіна ўзмакрэла... Я стаў думаць і пытацца ў сябе, што ж — канкрэтна — я зрабіў не так? Дзе памыліўся? Парушыў нейкае правіла? Але якое? Не туды зайшоў? Не там стаў? Не тое зняў? Зараз «засвецяць» плёнку, арыштуюць...

Паліцэйскі між тым нешта гаварыў, паказваў рукой на блізкія дамы... Я нічагуткі не цяміў, баяўся і не ведаў, што рабіць, каго ў гэтым выпадку клікаць на дапамогу і як канкрэтна, калі адысціся ад паліцэйскага я не магу...

Але ж і стаяць на месца таксама не выпадала.

Карацей, сітуацыя была вельмі прыкрай...

Выйсці з яе дапамагла перакладчыца — англічанка рускага паходжання, якая сказала, што паліцэйскі паклікаў мяне для таго, каб я... сфатаграфаў для сябе помнік гісторыі (ужо не помню, якога стагоддзя), ён жа, той помнік — дом, у якім жыве... іхні мэр.

Ад гэтай інфармацыі ў мяне, што называецца, вочы на лоб, а камень з душы, бо яно ж за парушэнне нейкіх пісаных (і не заўсёды) правілаў (а тым больш у Англіі) я мог стаць так званым невыязным.

...З часоў таго падарожжа шмат вады ўцякло. Я потым не раз бываў за мяжой. На шчасце, спрэчных сітуацый больш не ўзнікала. Магчыма таму, што я заўсёды паводзіў сябе так, як вучылі ў Лондане.

П.П. Сачыўка,

в. Цырын, Карэліцкі раён.


Камбікорм — гэта святое...

Дзядзька Фёдар быў у нас мужчынам адметным: вострым на язык — гэта, відаць, па-першае, па-другое — дбайным гаспадаром. Траіх дзяцей ён вывеў у людзі. Ды і потым, нягледзячы на пенсійны ўзрост, дапамагалі ім, як маглі. Трымалі, напрыклад, поўныя хлявы скаціны: і карова там была, і свінні, і гусі, і куры...

Усю гэту жыўнасць трэба было неяк дагледзець, усіх накарміць. А чым?

Гэты вось штодзённы клопат неяк загнаў гаспадара ў слаўны горад Ваўкавыск. І пашчасціла ж чалавеку: на рынку якраз у тую раніцу выкінулі ў продаж камбікорм! Фёдар адразу ў чаргу.

А яна ж, як на тое ліха, доўгая! Стаміўся вясковец: і ногі занылі, і піць захацелася, і... наадварот.

— На хвіліну адыдуся, — папярэдзіў ён суседзяў па чарзе, а сам подбегам у парк. Ведаў, што там прыбіральня ёсць, схаваная пад зямлёй, метро называецца.

І, здавалася ж, блізка яно, а дзядзька ледзьве дабег. На тое, каб разглядацца там ды разбірацца, дзе мужчынская палова, а дзе жаночая, — часу зусім не было. Уляцеў і...

Толькі хацеў расслабіцца, — чуе, услед яму нейкіх цётак нясе.

— Тут наша, жаночае аддзяленне! — крычаць яны Фёдару.

Іншым разам той, можа, і паверыў бы — пайшоў бы шукаць сваё, мужчынскае, але ў той момант...

Усяго і змог, што кінуць цераз плячо:

— А вам дык метро малое, — сесці няма дзе? Пакуль будзеце шукаць, увесь камбікорм разбяруць.

— На рынку? — тут жа змікіцілі жанкі. — Вялікая чарга?

— Вялікая, але я заняў, — пахваліўся Фёдар.

— Дык, можа, і мы каля вас прыладзімся?

— Як тут каля мяне дык вы не можаце, — пачаў быў Фёдар, але жанчыны ўжо не чулі: яны... хуценька спраўлялі свае патрэбы, каб не адстаць, каб разам з ім выйсці з таго «метро», каб у чаргу, бо камбікорм...

Тады — гэта было святое. А ўсё астатняе — справы жыццёвыя, як той казаў.

Аляксандр Чак,

м. Парэчча, Гродзенскі раён.


Не ўсе бабры добрыя?

...Многія і часцяком натыкаюцца цяпер на рэкламу розных цудадзейных сродкаў, здольных то адмываць, то адчышчаць, то наталяць смагу, то вылечваць хваробы, а то і... павышаць мужчынскую сілу. У гэтым, апошнім выпадку, я заўсёды ўспамінаю, як аднойчы...

Вечарам той пятніцы мы, кіраўнікі сярэдняга звяна аднаго з прадпрыемстваў, выйшлі з чарговай нарады ў дырэктара, па звычцы затрымаліся трохі ў фае — хацелі абмеркаваць пачутае.

— Ды тут не лепшае месца, — прызнаў забеспячэнец, — пайшлі да мяне ў кабінет.

— А наліваць будзеш? — спытаў нехта жартам.

— Чаму ж не? Буду, — з форсам адказаў забеспячэнец, а праз паўзу дадаў, — вы такое наўрад ці пілі... Мне тут ведаеце што... Мне па вялікім блаце бабровы струмень «падагналі». Пакаштуем?

— Ну вядома ж, — дружна згадзіліся мужчыны, бо толькі глухія, мусіць, не чулі пра чароўныя ўласцівасці гэтага сродку. А значыць, усе дружна — хто моўчкі, а хто і ў голас — сталі «ўяўляць», як добра ў іх пройдуць два бліжэйшыя выхадныя, колькі асалоды атрымаюць і самі , і жонкі, а ў некага дык, можа, і каханкі...

Дзеля гэтага «хлопцы» разлілі, раздзялілі паміж сабой адну бутэльку спіртавога эліксіру. Падалося, што мала: накідалі тога адмысловага месіва ў другую... Да паху, здаецца, прывыклі, і яна ўжо пайшла лягчэй.

Пасля другой бутэлькі была такая ж трэцяя і ўжо, на жаль, апошняя. Пасля яе мужчыны рушылі па дамах.

...У панядзелак, пасля выхадных, тая ж кампанія сустрэлася ў тым жа кабінеце, каб абмеркаваць перажытае, каб пагаварыць, у прыватнасці, пра ўздзеянне чароўнага прэпарату на арганізм чалавека. Першы сказаў:

— Вы ведаеце, гэта «працуе»!.. Я вось да сваёй з парога з абдымкамі, з найлепшымі намерамі... А яна... Не паверыце, адразу ж за качалку. Маўляў, зноў напіўся?! Свіння ты няскрэбеная! Я не паспеў ёй нават сказаць, якую гадасць піў і дзеля чаго...

— І я не паспеў, — прызнаўся другі, — бо мая адразу: «Якой брыдой ты закусваў? Смурод на ўсю хату...» Не паверыце, хлопцы, на пушачны стрэл не падпусціла: у іншым пакоі на падлозе спаў.

— А я, — завёў быў трэці, — такі ж трапіў да сваёй каханкі. Чакала мяне, стол накрыла... А потым убачыла, што п'яны і выгнала.

— З маёй таксама да блізкасці не дайшло, — прызнаўся чацвёрты. 

— А я пра сваю, — засмяяўся апошні з нашай кампаніі, — дык нават не ведаю: калі прыйшоў, яна ў кухні была. Дык я на ўсялякі выпадак цішком, крадком і ў спальню. «Вырубіўся» ў адно імгненнечка — анічога не чуў.

— Ну вось табе і на! Сапсавалі прадукт, — абурыўся забеспячэнец.

— А ён, можа, і быў сапсаваны? Можа, бабёр той дужа стары? — прызналі хлопцы.

Праўда, не ўсе: адзін такі дадаў:

— А можа, гэта мы — дурныя? Можа, не так пілі?

Васіль Кабачэўскі,

г. Орша.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.