Вы тут

Кнігі, кава і тое, што з іх вынікае


Як сумясціць маркетынг і гасціннасць.


Учора ў сваім любімым і, здавалася, да дробязяў знаёмым Мінску выпадкова адкрыла надзвычай цікавае месца, куды цяпер буду не саромецца запрашаць гасцей «з далёкага і блізкага замежжа» і ўласна жыхароў сталіцы. У самым яе цэнтры з'явілася (прызнаюся шчыра: не ведаю, ці даўно) незвычайная кавярня. Дакладней, кавярня-кнігарня. Зусім не тыповая з'ява, прынамсі, для нашага неспакушанага падобнымі камерцыйна-творчымі эксперыментамі горада.

Ва ўтульным даволі прасторным памяшканні — нібы ў кватэры старога мінскага інтэлігента. Пацёртая канапа, некалькі ўтульных, таксама зусім не новых крэслаў на нізкіх ножках, усяго тры невялікія столікі, на адным з якіх прытулілася партатыўная пішучая машынка з запраўленым аркушам, у цэнтры стаіць піяніна, клавішы якога ад часу з белых сталі колеру слановай косці. На шырокім падаконні — радыёла, якую слухалі, пэўна, гадоў сорак таму, вінілавыя кружэлкі. У кутку — сціплая барная стойка з кававым апаратам, зусім не заўважная, яна не дамінуе, як у астатніх кавярнях...

А тут дамінуюць кнігі. Расстаўленыя на паліцах уздоўж сцен, яны робяць памяшканне яшчэ больш падобным на ўтульную старую кватэру. Кожнае выданне можна ўзяць у рукі, пагартаць, зацікавіўшыся, нават пачытаць, заказаўшы філіжанку духмянай кавы. Так, напэўна, і робяць аматары-заўсёднікі гэтага дзівоснага месца, а ў таго, хто трапляе сюды ўпершыню, проста вочы разбягаюцца. Тут вам і кнігі Караткевіча з 25-томніка, і ўсе кнігі Святланы Алексіевіч, і апошні раман Архана Памука, які абмяркоўваецца на форумах ва ўсім свеце, і «Руская канарэйка» Дзіны Рубінай, і «Зімняя дарога» Леаніда Юзэфовіча — за гэты дакументальны раман аўтар нядаўна атрымаў прэмію «Вялікая кніга». «Сабор Парыжскай Божай Маці» і «Майстар і Маргарыта» — у падарункавым буйнафарматным варыянце, з яскравымі ілюстрацыямі. Кніга-тэатр з сюррэалістычным сюжэтам, які распавядаюць аб'ёмныя карцінкі і подпісы да іх... Усе яны новыя, выдадзеныя летась. Кожную кніжку можна тут жа і купіць, але не думаю, што ёсць шмат ахвотных гэта зрабіць. Не толькі з-за цэн, яны не большыя, чым у іншых кнігарнях. Сюды хочацца вярнуцца, каб, стаміўшыся ад тлуму за акном, утульна ўладкавацца на канапе і пагартаць упадабаныя старонкі.

Пра гэта мы і гаварылі з сяброўкай, калі, наталіўшы сваю цікаўнасць бібліяфілаў, прыселі нарэшце за столік і замовілі каву, якая, пададзеная ў асіметрычных гліняных кубках яўна аўтарскай работы, аказалася на дзіва моцнай і смачнай. У кавярні ціха гучаў блюз, з наведвальнікаў, акрамя нас, нікога не было. Мы гаварылі пра людзей, якія не чакаюць дапамогі, не скардзяцца на жыццё, а спрабуюць знайсці і заняць сваё месца ў горадзе, дзе маюць шчасце жыць. Пра выдатную бізнес-ідэю, якая, увасобленая ў жыццё, павінна даваць неблагі прыбытак. І пра тое, што яна пакуль, напэўна, такога прыбытку не дае, бо нават у першай палове дня ў цэнтры еўрапейскай сталіцы з двума мільёнамі жыхароў і сотнямі турыстаў тут павінна быць не два наведвальнікі, а дваццаць два. Ці хаця б дванаццаць. Але іх няма, бо, акрамя ўдалай рэалізацыі ўдалай ідэі, павінна быць яшчэ і яе не менш удалая рэклама. (Як у музея ката, напрыклад, з ім ці не ўвесь Мінск сустракае ўсе сезоны года і святы — аб прымеркаваных да гэтага музейных імпрэзах выявы чатырохлапых «мімімі» паведамляюць з білбордаў у самых людных месцах.)

А пра кнігарню-кавярню мы пачулі выпадкова ад знаёмых. Сам бы век не здагадаўся, нават прайшоўшы пад вокнамі. Ні кідкай шыльды, ні паведамлення на бліжэйшай станцыі метро. Нават у інтэрнэце — усяго некалькі водгукаў ды паведамленняў, што такое месца ў Мінску з'явілася. Зразумела, што кавярня задумвалася як своеасаблівы клуб бібліяфілаў і не разлічвалася на натоўп наведвальнікаў. Але ж і бібліяфілам ды іншым проста зацікаўленым асобам, якія элементарна хочуць выпіць кавы ў спакойнай, прыстойнай і рамантычнай атмасферы, не пашкодзіла б паведаміць аб тым, што такое месца ёсць зусім побач, а не спадзявацца на адно толькі «сарафаннае радыё».

Тым больш у нашым горадзе, дзе і бібліяфілы, і зацікаўленыя, і нават авантурысты — у большасці сваёй зацятыя дамаседы. З працы — дадому, і нікуды больш, хіба па дарозе заскочыць у краму. Раніцай з дому — на працу, вечарам — у адваротным напрамку. У тэатр, на выставу, у тую ж кавярню за вушы не выцягнеш. І справа тут зусім не ў грашах, як запярэчаць зараз некаторыя. Кубак кавы ў кавярні, якую так захоплена апісваю, каштуе тры рублі. Не так ужо і шмат, да таго ж ніхто не прымушае вас тую каву замаўляць, можна проста зайсці, пабыць у новай абстаноўцы, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Але навошта гэтыя клопаты, навошта напружвацца, навошта глядзець па баках, цікавячыся, што і дзе, калі можна па прамым маршруце — да кватэры, а там бухнуцца на канапу, набраць у талерку харчу і ўключыць тэлевізар...

Парадокс, але, трапляючы ў іншую краіну (ці нават проста ў іншы горад), мы нібы з ланцуга зрываемся. Цікавімся ўсім, заходзім усюды. Праз тыдзень афіцыянты ў кавярнях ужо ведаюць нас па імені і робяць зніжку, а мы самі гатовыя вадзіць экскурсіі па гістарычных мясцінах. Калі ж прыязджаюць госці да нас — ніякавеем, пытанне «што ў вас тут можна паглядзець?» прымушае надоўга задумацца, а «дзе тут можна ў цэнтры смачна перакусіць?» уводзіць гаспадароў у стан шокавага здранцвення.

І гэта пры тым, што ў нас усё ёсць — і славутая гасціннасць, якой, дзякуй богу, ніхто не адмяняў, і цікавыя месцы, куды прыемна і самому зайсці і прыезджага турыста прывесці. Толькі чамусьці нярэдка гэтыя складнікі існуюць у нас паралельна, толькі часам (дый тое выпадкова) судакранаючыся.

Як іх сумясціць у асобна ўзятым грамадстве? Можа, у якой разумнай кнізе і напісана, але мы пакуль яе не прачыталі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».