Вы тут

Кірыл Мяцеліца. Жыццё яўрэйскага мястэчка


Жыццё яўрэйскага мястэчка

Для многіх сёння штэтл («гарадок» на ідыш) з’яўляецца сімвалам даўно мінулай эпохі, апошнія акорды якой усё яшчэ можна пачуць на старонках кніг Шолам Алейхема, Мендэле Мойхер Сфорыма і Ісаака Башэвіса Зінгера. У агульнапрынятым сэнсе штэтл — гэта невялікі населены пункт, большасць жыхароў якога з’яўляліся яўрэямі і які мы традыцыйна называем мястэчкам. Стагоддзямі беларусы і яўрэі жылі побач адзін з адным, але многія з нас нават не ўяўляюць той дзіўны свет яўрэйскага мястэчка, які назаўжды быў знішчаны ў агні Другой сусветнай вайны.

Вядома, што яўрэі сталі актыўна сяліцца на тэрыторыі ВКЛ яшчэ ў часы Ягайлы, аднак згадкі пра першыя яўрэйскія мястэчкі на беларускіх землях адносяцца да XV—XVI стагоддзяў. Мясцовыя арыстакраты, зацікаўленыя ў ажыўленні гандлю і развіцці рамяства ў сваіх уладаннях, сталі запрашаць яўрэяў у падуладныя гарады і вёскі. Мігрантам гарантавалася бяспека і свабода веравызнання.

Ісаак Аскназій "Яўрэйскае вяселле"

Першапачаткова гэты «зыход» з Еўропы не насіў масавага характару, аднак усё змянілася ў другой палове XVII стагоддзя. Сумна вядомы Крывавы патоп, падчас якога большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў была альбо знішчана, альбо вывезена ў Маскоўскую дзяржаву, паставіў беларускія землі на мяжу дэмаграфічнай і эканамічнай катастрофы. Гэты вакуум сталі запаўняць менавіта яўрэі. Ужо ў наступным стагоддзі прадстаўнікі Богам выбранага народа складалі значную частку жыхароў правінцыі. Калі ж пасля падзелаў Рэчы Паспалітай царскі ўрад увёў мяжу аселасці і пачаў праводзіць палітыку высялення яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі, наш край ператварыўся ў самую сапраўдную краіну штэтлаў. Ужо да канца XIX стагоддзя каля 65% ад усяго местачковага насельніцтва беларускіх губерняў былі яўрэямі.

Перасяленцы вялікімі групамі прыбывалі ў ВКЛ з буйных еўрапейскіх гандлёвых і эканамічных цэнтраў і прыносілі ў глухую правінцыю традыцыі самакіравання, якое ажыццяўлялася асаблівым органам — кагалам. У яго ўваходзілі найбольш аўтарытэтныя члены абшчыны. Менавіта кагал займаўся зборам падаткаў, аказваў дапамогу хворым, беднякам, сіротам і строга сачыў за арганізацыяй рэлігійнага жыцця штэтла. Нават пасля таго, як у 1844 годзе па ўказе Мікалая I кагальная сістэма была скасаваная, розныя формы самаарганізацыі ў штэтлах захаваліся аж да рэвалюцыі.

Яўрэйскія абшчыны жылі сваім ізаляваным жыццём, старанна ахоўваючы абрады і традыцыі. З часам у местачковых яўрэяў нават сфарміравалася ўяўленне, згодна з якім штэтлы з’яўляліся своеасаблівым «Ізраілем у выгнанні». Тут, у межах гэтай маленькай радзімы, жыццё яўрэяў праходзіла па вуглах няхітрага трохвугольніка: дом — сінагога — рынак. Вядучую ролю адыгрывала, вядома ж, менавіта сям’я. Тут выконваліся рэлігійныя абрады, шанаваліся старажытныя традыцыі, а дзецям прышчапляліся галахічныя нормы. Наўрад ці будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што за некалькі стагоддзяў «местачковага» жыцця інстытут яўрэйскай сям’і практычна не зведаў змен, застаўшыся ў пачатку XX стагоддзя такім жа кансерватыўным, як і сотні гадоў таму. Дастаткова прыгадаць апавяданне Міхася Лынькова «Гой», дзе расказваецца пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся чырвонаармеец, закаханы ў дзяўчыну з патрыярхальнай яўрэйскай сям’і.

Шмат у чым падобнай сацыяльнай коснасці спрыяў той факт, што ў штэтле (у адрозненне ад вялікага горада, які ў большай ступені гарантуе ананімнасць) усе былі навідавоку. Любая важная падзея ў жыцці кожнай асобнай сям’і (нараджэнне дзіцяці, вяселле, смерць і г. д.) імгненна станавіліся здабыткам галоснасці. Калі яўрэй жыў па нормах грамадскай маралі, то ён заўсёды мог разлічваць на дапамогу і падтрымку іншых членаў абшчыны, але калі ў яго паводзінах заўважалі якое-небудзь адхіленне (напрыклад «парушэнне суботы», дашлюбную сувязь дзяўчыны або пераход у іншую веру), то гэтага чалавека чакала ўсеагульнае ганьбаванне. З аднаго боку, такі татальны кантроль забяспечваў адносны парадак у штэтле, але з другога — падштурхоўваў многіх членаў абшчыны да радыкальных крокаў, такіх як «сыходжанне у рэвалюцыю». Вынік гэтага грамадскага дыктату аказаўся сумным — па даных праведзенага ў 1937 годзе перапісу насельніцтва менавіта яўрэі аказаліся самай нерэлігійнай этнічнай групай у СССР.

Асаблівае месца ў жыцці мястэчка займала сінагога, якая з’яўлялася не толькі месцам засяроджвання духоўнага жыцця, дзе яўрэі маліліся і вывучалі Талмуд і Тору, але і своеасаблівым сацыяльным цэнтрам штэтла. Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў многія сінагогі ўвогуле ператварыліся ў месцы сходаў членаў розных палітычных партый ад сіяністаў да бундаўцаў. Па тым, як размяркоўваліся месцы ў сінагозе, можна было вызначыць сацыяльны статус таго ці іншага члена абшчыны. Так, лаўкі каля ўсходняй сцяны (арыентаванай на Іерусалім) займалі, як правіла, самыя багатыя і шаноўныя члены абшчыны, у той час як каля заходняй сцяны сядзелі беднякі. Бывалі выпадкі, калі багатыя рамеснікі куплялі сабе ганаровае месца каля ўсходняй сцяны, але гэта часта выклікала ўсеагульнае абурэнне. Выскачак тут не любілі.

Ілекс Бэлер "Рамеснікі моляцца ў сінагозе"

Нягледзячы на такую наглядную іерархію, заможныя яўрэі нярэдка займаліся дабрачыннасцю і часцяком шчыра імкнуліся палепшыць жыццё сваіх менш забяспечаных супляменнікаў. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, калі ўлічыць, што дабрачыннасць з’яўляецца адной з запаведзяў іўдаізму. Практычна пры кожнай местачковай сінагозе мелася свая дабрачынная арганізацыя, якая займалася дапамогай бедным, зборам пасагу для сірот, раздачай жабракам мацы на Песах і г. д.

Варта згадаць і наступнае: многія мемуарысты адзначалі, што адной з асноўных рыс штэтла была беднасць. Праўда, у адрозненне ад збяднелых хрысціян, якія жабравалі на вуліцах, бедныя яўрэі свабодна ўваходзілі ў дамы сваіх пабрацімаў і прасілі міласціну. Адмовіць бедняку было нельга. Зразумела, што не ва ўсіх была магчымасць даць няшчаснаму нават паўкапейкі, але местачковыя яўрэі знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі. Яны раздавалі беднякам адмысловую, выразаную з кардону «жабрацкую» манету, якую тыя потым маглі абмяняць на сапраўдныя грошы. «Яўрэй ад голаду памерці не можа — суседзі не дадуць, а калі ўсё ж памрэ, то не ад голаду, а ад ганарыстасці», — адзначаў у сваёй кнізе «Божыя ваданосы» Манэс Шпербер.

Што да стасункаў жыхароў штэтлаў з карэнным насельніцтвам, то беларусы практычна не канфліктавалі з яўрэямі. Нашы продкі ўспрымалі іх не столькі як чужынцаў, колькі як братоў па няшчасці. Таксама як і беларусам, яўрэям давялося да дна выпіць чашу нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Вось што пісаў у сваіх успамінах Абрам Паперна, дзяцінства якога прайшло ў мястэчку Капыль: «У апісаны час (сярэдзіна XIX стагоддзя. — К. М.) Капыль мог мець каля 3000 душ насельніцтва, якое складалі тры розныя па народнасці і веравызнанні групы: яўрэі, беларусы, татары. Гэтыя тры групы, аб’яднаныя адной тэрыторыяй і апекай аднаго начальства, былі абсалютна чужыя адна адной па мове, звычаях, вераваннях і гістарычных паданнях, былі як знешне, так і па духу прадстаўнікамі трох розных светаў і тым не менш жылі паміж сабой мірна. Збліжалі іх непазбежныя суседскія і эканамічныя інтарэсы. Не было паміж імі зайздрасці, таму што не было чаму ім адно аднаму зайздросціць: усе з вялікімі цяжкасцямі здабывалі сабе бедны пражытак, а галоўнае — не было між імі канкурэнцыі, бо кожная з гэтых груп, як па дамове, адмежавала сабе адметнае ад іншых поле дзейнасці. Такім чынам, яны хутчэй дапаўнялі адзін аднаго, чым спаборнічалі паміж сабой».

Вядома, невялікія непаразуменні паміж беларусамі і яўрэямі перыядычна ўзнікалі, але ўсе яны былі лакальнымі і насілі эканамічны характар. Так, у сярэдзіне 20-х гадоў XIX стагоддзя ў мястэчку Мір разгарэўся канфлікт паміж яўрэйскімі і «хрысціянскімі» ткачамі. Спрэчку спынілі князі Радзівілы, забараніўшы мясцовым яўрэям займацца ткацтвам. Наогул жа падобныя выпадкі былі адзінкавымі. Часта дзелавыя і асабістыя якасці яўрэяў наадварот рабілі іх важным звяном у функцыянаванні эканомікі беларускіх зямель. Пра гэта пісаў і Змітрок Бядуля: «Месты і мястэчкі, у якіх салідную перавагу мела жыдоўскае насяленне, давалі беларускім сялянам мажлівасць нармальнага тавараабмену. Гандляры і рамеснікі таксама былі неабходныя ў гэтым глухім (у бытнасці пад Расеяй) краю, дзе не было ніякай эканамічнай культуры». У адрозненне ад іншых рэгіёнаў былой Расійскай імперыі, беларуская зямля не ведала тых страшных пагромаў, якія скаланалі дзяржаву Раманавых у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. За сваю талерантнасць беларусы былі ўдастоены асаблівай падзякі з боку прадстаўнікоў яўрэйскіх арганізацый, якія прысутнічалі ў 1917 годзе на Першым Усебеларускім з’ездзе.

Яўрэйскія вулічныя музыкі

Галоўным месцам сустрэчы яўрэя і беларуса быў, вядома ж, рынак, без якога цяжка ўявіць сабе штэтл. Аўстрыйскі пісьменнік Ёзэф Рот пісаў: «Як рака, запавольваючы бег, утварае возера сярод пагоркаў, так і вуліца ўліваецца ў базарную плошчу. Тут можна прасачыць зараджэнне мястэчка. Мястэчка — дзіця дарогі. Базар стварыў базарную плошчу, а яна — мястэчка». Менавіта наяўнасць рынку была адной з асноўных вызначальных рыс мястэчка. У базарны дзень сяляне з навакольных вёсак прыбывалі ў штэтл на сваіх павозках і, прадаўшы свой тавар яўрэям, накіроўваліся з заробленымі грашыма ў яўрэйскія ж крамы. Цікава, што арганізаваныя ў мястэчках кірмашы сталі пляцоўкай для выступу многіх беларускіх тэатральных калектываў. Так, летам 1847 года ў турнэ па Магілёўскай губерні адправілася трупа Хмелякоўскага, а ў 1854 годзе ў мястэчку Асвея выступіў калектыў пад кіраўніцтвам віцебскага рэжысёра Чаховіча. Да канца першага дзесяцігоддзя XX стагоддзя выступленні беларускіх артыстаў на рынкавых плошчах мястэчак сталі звычайнай з’явай. Пры гэтым у саміх яўрэяў такія прадстаўленні заўсёды карысталіся вялікім поспехам.

Гарматныя стрэлы ў жніўні 1914 года адзначылі сабой пачатак канца мястэчка. Першая сусветная вайна, рэвалюцыі, савецка-польская вайна і звязаныя з імі рабаванні, рэквізіцыі і пагромы абяскровілі штэтлы. Калі ў СССР мястэчкі вялі даволі сціплае жыццё і павольна рухаліся да свайго знікнення, то ў міжваеннай Польшчы і Літве ў штэтлах усё яшчэ цеплілася жыццё. Па звестках статыстыкі ў 1931 годзе каля 11% насельніцтва Заходняй Беларусі складалі яўрэі. Штэтлаў жа налічвалася каля двухсот. У адрозненне ад іншых частак Польскай дзяржавы, Заходняя Беларусь традыцыйна не ведала антысемітызму. Напрыклад, жыхары мястэчка Мір апісвалі яўрэяў як ветлівых і прыязных людзей, звяртаючыся са слова «пан» нават да самага апошняга басяка. Жыццё ішло сваім ходам, і хто ведае, што стала б з мястэчкамі, каб не пачалася Другая сусветная вайна. На жаль, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу.

Свет мястэчка склаўся ў выніку шматвяковай адчужанасці ад жыцця «гояў», сфарміраванага эканамічнага ўкладу з абмежаванымі магчымасцямі для рамяства і гандлю, даўняй і ўстойлівай прыхільнасці да традыцый і мясцовых супольных аўтарытэтаў. Такі «закансерваваны» лад жыцця праіснаваў некалькі стагоддзяў і змог перажыць шматлікія сацыяльныя катаклізмы. У некаторай ступені штэтлы адыгралі для яўрэяў такую ж ролю ў захаванні традыцыйнай культуры, як вёска для беларусаў. Відаць, і сапраўды ёсць паміж намі нешта агульнае.

Кірыл Мяцеліца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.