Вы тут

Жыў-быў Піглас, або казкі, якія мы выбіраем


“– Дабранач, Бася... – шэптам сказала мама, і дзверы зачыніліся.

Бася ляжала і глядзела на столь. Ёй так карцела з кім-небудзь пагуляць.

Раптам у яе з’явілася ідэя. Дзяўчынка хуценька ўзяла каляровыя алоўкі і намалявала на сцяне вока.

– Чагосьці бракуе, - падумала Бася.

– Ну, вядома! – і ў вока з’явіліся два крылы.

– А ты нішто сабе.

Бася накрылася коўдрай і доўга разглядала створаную ёю дзіўную істоту. Дзяўчынка і сама не заўважыла, як заснула...”


Так пачынаецца першая дзіцячая кніжка мастачкі і журналісткі Надзі Букі. З гэтых слоў  увогуле пачаўся шлях Надзі ў літаратуру. “Бука” – прозвішча сапраўднае, але падчас шматлікіх прэзентацый кнігі ў бібліятэках пераконваешся: новаспечаная пісьменніца – ніякая не “бука”, а надзвычай жыццярадасны, адкрыты і, галоўнае, шчыры чалавек з бязмежнай верай у тое, чым яна займаецца. Напэўна, такі, якім і павінен быць сапраўдны творца.

- Надзя, вы скончылі мастацкае вучылішча, факультэт журналістыкі БДУ. Прыдумалі новы від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – буцінанку (асобны тып выцінанкі, ажурная карціна, выразаная з паперы нажніцамі), арганізавалі персанальныя мастацкія выставы, працуеце карэспандэнтам на канале СТБ... Як атрымалася, што ў гэтым спісе з'явілася яшчэ і пісьменніцтва?

- Любы журналіст, я ўпэўнена, калісьці спрабаваў пісаў вершы або апавяданні, а можа, толькі марыць гэта зрабіць. Таму што журналіст – гэта той, хто любіць сачыняць. Напэўна, вялікі штуршок да напісання першай кнігі – менавіта дзіцячай – дало нараджэнне сына. Спачатку я чытала яму ўголас казкі, а потым стала ствараць свае гісторыі, прыдумляць усялякіх персанажаў. Сын прасіў сачыняць яшчэ і яшчэ, яму надта падабаліся маі фантазіі, і ў пэўны момант я зразумела: трэба іх запісваць. Першай з тых запісаных казак стала гісторыя пра Пігласа, галоўнага персанажа ў маёй творчасці, якая з цягам часу “ператварылася” ў кнігу. Малюнкі да яе я стварала сама: натуральна, калі ты мастак, то не хочацца давяраць сваю кнігу нейкаму “чужому” ілюстратару. Мне было важна, каб маіх герояў бачылі менавіта такімі, якімі я іх сабе ўяўляю.

- Галоўны герой вашай першай казкі – чароўная істота Піглас – з'яўляецца не толькі ў кнізе, але і на многіх вашых буцінанках. Адкуль узяўся такі незвычайны персанаж?

- Піглас “нарадзіўся” у мяне гадоў 6 таму. Я гуляла ў парку і заўважыла, як у паветры лётаюць мыльныя бурбалкі, але пры гэтым вакол нікога не было. Нешта адразу ў галаве пстрыкнула, я ўявіла незвычайную істоту і падумала: гэта Піглас, ён размаўляе мыльнымі бурбалкамі, харчуецца прышчэпкамі, і ўбачыць яго можа далёка не кожны. Прыйшла дадому і намалявала яго: атрымалася такое вочка з крыльцамі.

Піглас – бясконца мілае стварэнне. Нам у сучасным свеце вельмі не хапае дабрыні, і хацелася прыдумаць такі персанаж, які нёс бы людзям цяпло і станоўчыя эмоцыі. Ён дапамагае тым, хто ў гэтым мае патрэбу, вучыць добрым учынкам, указвае людзям на іх прамашкі і недахопы. Напрыклад, калі закаханыя пасварыліся, ён "пранікае" ў галаву да віноўніка разладу і пачынае лёгенька яго дзяўбці – быццам такія згрызоты сумлення. Пасля кепскага ўчынка свайго “гаспадара” Піглас можа і адляцець. Як ён пакінуў Басю, галоўную гераіню кнігі, калі тая не дапамагла бабулі сабраць рассыпаныя мандарыны. Але не хвалюйцеся, калі вы зразумееце свае памылкі і пастараецеся іх выправіць – Піглас абавязкова вернецца.

А яшчэ ён слухае якасную музыку, добра разбіраецца ў жывапісе і дорыць людзям натхненне. І, як я паспела заўважыць, вельмі падабаецца дзецям, якія прыходзяць на прэзентацыі кнігі.

- Можа быць, у Пігласа ёсць “калегі” – фантастычныя істоты з прыдуманага вамі свету, якія пакуль што жывуць толькі ў планах, але гатовыя ў будучыні пасяліцца на старонках новых кніг?

- Ведаеце, з маіх персанажаў хутка можна будзе складаць міфалагічны слоўнік. Адзін з іх – шкодная Гласпія, поўная супрацьлегласць лагоднаму Пігласу. І крылаў у яе няма. Калі чалавек адчувае рэўнасць, злосць, вялікую крыўду, яго "персанальная" Гласпія пачынае расці. І толькі ад нас саміх, ад таго, як мы спраўляемся з адмоўнымі эмоцыямі, залежыць, ці будзе гэта стварэнне павялічвацца ў памерах.

Яшчэ ёсць Бубласы – казачныя фантастычныя расліны, падобныя на кветкі. Яны вырастаюць на тым месцы, дзе нечыя слёзы падаюць на зямлю, і жывуць адзін дзень. Бубласы – гэта вельмі добрыя істоты, да таго ж з лячэбнымі ўласцівасцямі. Калі іх саміх расчуліць да слёз (але толькі не пакрыўдзіць!), назбіраць гэтыя слёзы ў кубачак, а потым выпіць, можна пазбавіцца ад шматлікіх хвароб.

Усе гэтыя героі “паселяцца” ў дзіцячых кнігах, якія я буду ствараць, пакуль мае ўласныя дзеці не пасталеюць. А потым, глядзіш  - даспею і да рамана.

- Пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс, аўтар вядомай кніжнай серыі “Хронікі Нарніі”, лічыў: “Я перакананы, што няправільна пачынаць працу над кнігай з пытання “Што падабаецца сучасным дзецям?” Лепш спытаць: “Што трэба мне?”, бо тое, што не глыбока хвалюе вас, не зацікавіць і вашых чытачоў любога ўзросту”… Кніга “Бася і Піглас” – яна пра вас?

- Мае знаёмыя, якія кнігу ўжо прачыталі, кажуць, што Бася – гэта мой партрэт. Так і ёсць, тая дзяўчынка, якая любіць маляваць, любіць прыдумляць розных істот – гэта я. Нават калі вы паглядзіце на ілюстрацыі, то заўважыце, што Бася вельмі любіць жабак. Я ў дзяцінстве таксама іх любіла, і калі іншыя дзяўчынкі малявалі прынцэс, то я малявала прынцэс-жабак...

Клайв Льюіс, безумоўна, мае рацыю, хоць і выказаўся крыху эгаістычна. Вельмі важна пісаць АД сябе, а не ДЛЯ кагосьці. Калі я пачынаю сачыняць, то раблю гэта не ДЛЯ дзяцей увогуле, а для сябе і для сваёй сям'і. І ў той жа час я разумею, што прыдуманая мной гісторыя зацікавіць многіх. І не толькі дзяцей, але і дарослых.

- Якой жа павінна быць сучасная дзіцячая кніга, каб захапіць?

Першае і галоўнае – яна павінна быць з сэнсам. Навошта чытаць тыя кнігі, якія не пакідаюць нічога ні ўгалаве, ні ў сэрцы? Добрая гісторыя – тая, якая закранае эмоцыі. Калі дзіця будзе чытаць, але не будзе суперажываць героям, не будзе адчуваць радасць, страх, горыч, шчасце, такую кнігу можна смела адкладаць у бок. Ну і, канешне, дзіцячае выданне – не дарослае, тут проста велізарную ролю адыгрываюць ілюстрацыі. Калі я, маленькая, прыходзіла ў бібліятэку, то набірала гару кніг і сартавала іх так: падабаюцца ілюстрацыі – кнігу бяру, мала ілюстрацый або невыразныя карцінкі – кнігу пакідаю ў бібліятэцы. Нават на тэкст не глядзела. Дзеці першапачаткова – візуалы. Ім важна бачыць, каб уяўляць… Ну а задача бацькоў – накіраваць дзіця і дапамагчы яму з выбарам. Не прымушаць, а менавіта дапамагчы. Але час для кнігі – хай не кожны дзень, хай хаця б два-тры разы на тыдзень – заўсёды можна знайсці. Калі дзіця стамілася ці лянуецца самастойна чытаць – вам трэба проста садзіцца і чытаць яму кнігу ўслых, як раблю гэта я. Так, я да гэтага часу чытаю свайму дзевяцігадоваму сыну казкі. Паверце, ніколі дзіця не адмовіцца ад таго, каб мама пачытала яму на ноч.

- А Ваш чытач – які ён?

- Мае чытачы – гэта дзеці ва ўзросце прыкладна ад 3-х да 10-ці гадоў. Гэта дзеці, якія любяць займацца творчасцю. Дзеці, якія імкнуцца пазнаваць ўсё новае. Дзеці-непаседы. Ды і Бася – яна ж такая... зусім не руплівая дзяўчынка. І яшчэ: мае чытачы – гэта тыя, хто можа рабіць памылкі, але заўсёды гатовы іх прызнаць.

- Мастачка, ілюстратар, журналіст, пісьменніца... Якая ж з гэтых праяваў Вам у дадзены момант бліжэй за ўсё?

- Цяпер я ў першую чаргу мама. Мама, якая піша і малюе. І, мне здаецца, нядрэнна з гэтым спраўляецца.

Алена Карпенка

Фота Канстанціна Дробава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.