Вы тут

Як байцы МААП на адзін дзень сталі вайскоўцамі


Нядаўна ў адной з вайсковых часцей пад Мінскам з'явілася незвычайнае падраздзяленне — два дзясяткі хлопцаў з розных рэгіёнаў Міншчыны жылі армейскім жыццём: спалі і падымаліся па камандзе, праходзілі страявую, тактычную і агнявую падрыхтоўкі, наведвалі заняткі па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне (РХБА). Адна дэталь — «прызыў» доўжыўся ўсяго... суткі. Праект пад назвай «Адзін дзень у арміі» арганізаваў Мінскі абласны камітэт БРСМ з мэтай паказаць хлопцам, што служба ў войску можа быць па-сапраўднаму захапляльнай.


У вучэбным памяшканні адной з казарм ідзе занятак: начальнік службы РХБА капітан Арцём Лаўрыненка тлумачыць «навабранцам» азы ваеннай навукі. Спачатку — тэорыя: як уплываюць на арганізм чалавека рэчывы, што могуць быць выкарыстаны ў якасці біялагічнай зброі, якія існуюць стадыі «прамянёвай хваробы», які парадак дзеянняў салдата ў выпадку атакі праціўніка. Але самае цікавае, вядома, — практыка. Адзін з добраахвотнікаў спачатку вучыцца правільна надзяваць процівагаз, а потым прымярае на сябе і ўвесь універсальны абаронны камплект. Пасля некалькіх хвілін у поўнай выкладцы твар хлопца мокры ад поту, але віду перад таварышамі ён не падае — «усё выдатна».

— Вядома, за адзін дзень усяго не раскажаш, мы абмяжоўваемся самым кароткім курсам, — кажа капітан. — Аднак па ўласным досведзе ведаю, што пяці гадзін хопіць на тое, каб навучыць надзяваць універсальны абаронны камплект, процівагаз, рыхтаваць усе прыборы да працы. Таму гэта не проста азнаямленне, хлопцы нават за гэты час атрымаюць рэальныя веды, якімі змогуць скарыстацца ў любы момант.

Спатрэбіцца веды сапраўды могуць, бо ўсе ўдзельнікі ваенна-патрыятычнай акцыі «Адзін дзень у арміі» — байцы руху Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП). Большасць з іх дапамагае праваахоўнікам, многія нават патрулююць вуліцы сваіх гарадоў разам з міліцыяй. Некаторыя плануюць звязаць сваю будучыню са службай у сілавых структурах. Акцыя БРСМ — выдатны шанц ацаніць перавагі знаходжання ў войску.

— Я родам з Салігорска, вучуся ў Любанскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі, — расказвае ўдзельнік акцыі Глеб Забіяка. — Ужо прыкладна паўтара года ўдзельнічаю ў МААП. З усяго атрада маглі адправіць толькі аднаго чалавека, але мне пашчасціла. Гэта вельмі цікавы досвед, бо хутка я скончу навучанне і хачу планаваць будучыню ўжо цяпер. Мяне вельмі цікавіць служба ў войску, а тут такая шыкоўная магчымасць — адзін дэманстрацыйны дзень. Уражанні самыя найлепшыя. Я, шчыра кажучы, дагэтуль сумняваўся, але цяпер схіляюся ісці служыць — хутчэй за ўсё, буду спрабаваць трапіць у дэсантныя войскі.

Наступны занятак, напэўна, не мог пакінуць ніводнага хлопца абыякавым — зброя цікавіць усіх. У ролі настаўніка — інструктар маёр Андрэй Лаўранюк. Літаральна за паўгадзіны хлопцаў знаёмяць з ПМ і АК-74М, а таксама гранатамётам РПГ-7. Да стральбы справа не даходзіць, а вось няпоўная разборка і зборка «Калашнікава» — абавязковыя элементы праграмы.

У сярэдзіне дня МААПаўцы крочаць на абед. У сталовай вайсковай часці яны ў прамым сэнсе пакаштуюць салдацкага хлеба. У меню — малочны суп, салата з капусты, грэчневая каша з курыным філе ў соусе, кампот і булкі, якія, дарэчы, пякуць тут жа. Пасля абеду — невялікі перапынак: спецыяльна для акцыі на тэрыторыі часці ўсталявалі вялікую штабную палатку. Менавіта тут хлопцы правядуць наступную ноч. Пакуль жа ўсе збіраюцца пагрэцца і падзяліцца ўражаннямі каля пераносных печак, якія ацяпляюць памяшканне.

Яўген Ёрш і Максім Лемеш — аднагрупнікі, прыехалі з Мар'інагорскага агратэхнічнага каледжа. У дзейнасці МААП яны ўдзельнічаюць нядаўна, але адправіцца ў вайсковую часць прапанавалі менавіта ім. Хлопцы сапраўды выглядаюць матываванымі: «Нам хацелася пакаштаваць армейскага жыцця, бо многія думаюць аднымі стэрэатыпамі, калі разважаюць пра службу ў войску. Якія ўражанні? Усё класна! З аднаго боку, тут сапраўды заўважаеш дысцыпліну
і ідэальны парадак, але ніякай залішняй строгасці няма: з намі могуць і пажартаваць, і па-чалавечы дапамагчы, калі нечага не разумееш. З заняткаў пакуль больш за ўсё спадабалася страявая падрыхтоўка: здавалася б, вельмі простая справа, але мы, напрыклад, не ведалі, што аддаючы воінскае прывітанне, трэба дакладна вытрымліваць вугал у 45 градусаў. У такіх дробязях — самае цікавае. Служыць абавязкова будзем, трэба толькі вызначыцца з войскамі, але гэта ўжо будзе залежыць ад здароўя».

Кульмінацыя мерапрыемства — імітацыя хімічнай атакі. Гэтым разам універсальныя абаронныя камплекты і процівагазы надзяваюць ужо ўсе «навабранцы», дадатковая нагрузка — аўтамат Калашнікава. У невялікім ляску запальваюць дымавыя гранаты. Задача хлопцаў — прабегчы і прапаўзці каля 50 метраў на ўмоўна заражанай хімікатамі тэрыторыі. З задачай усе спраўляюцца за некалькі хвілін. Здымаючы процівагазы, хлопцы выглядаюць стомлена, але сёння іх чакае яшчэ некалькі мерапрыемстваў — вольнага часу практычна няма.

— Такую акцыю мы вырашылі правесці ў рамках праекта «Да абароны Айчыны — гатовы!» і ў сувязі з Днём абаронцаў Айчыны, — кажа першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК. — Выдатна, што камандаванне вайсковай часці паставілася да ідэі з разуменнем і змагло прыняць два дзясяткі найлепшых байцоў вобласці. Больш таго, вайскоўцы праявілі ініцыятыву і самі прапанавалі шэраг мерапрыемстваў.

Цікавая дэталь. Ініцыятарам акцыі «Адзін дзень у войску» была дзяўчына — камандзір Мінскага абласнога штаба МААП Кацярына Пышная. Актывістка расказвае, што ідэя нарадзілася ў выніку назірання за байцамі: нягледзячы на членства ў атрадах, многія сумняваюцца наконт сваёй будучыні. Пры гэтым адбор удзельнікаў праводзіўся па спецыяльным конкурсе, бо даць усім магчымасць адчуць сябе салдатам пакуль немагчыма.

— Калі БРСМ звярнуўся да нас з просьбай правесці такую акцыю, мы ўспрынялі ідэю станоўча, — адзначае намеснік камандзіра вайсковай часці па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Уладзіслаў ТРУМПЕЛЬ. — Думаю, хлопцам было цікава, бо яны поўнасцю акунуліся ў атмасферу воінскай службы і пражылі паўнавартасны дзень па распарадку нашых салдат. Мы лічым, што праводзіць такія акцыі для моладзі ў дапрызыўным узросце проста неабходна, бо многія хлопцы сёння баяцца службы. Камандаванне вайсковай часці засталося задаволеным. Калі да нас яшчэ паступіць падобная прапанова, адказ будзе станоўчым.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пакаштаваць салдацкі хлеб

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?