Вы тут

Як працуе жодзінскі Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар»


За 18 гадоў існавання праз Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар», што ў Жодзіне, прайшло больш як тры тысячы падлеткаў

Яны называюць сябе курсантамі, носяць ваенную форму і нават адгукаюцца на воінскія званні. Амаль прафесійна разбіраюць і збіраюць аўтамат Калашнікава, валодаюць воінскім уставам, з лёгкасцю адрозніваюць пагоны і практыкуюцца ў медыцыне — адным словам, гатовыя салдаты! Толькі большасці з іх да паўналецця яшчэ далёка...


Не многія выпускнікі цэнтра сталі афіцэрамі. Але большасць юнакоў адслужылі тэрміновую службу, прычым на сяржанцкіх пасадах, засталіся ў арміі па кантракце. Астатнім засвоеныя ў цэнтры ўрокі патрыятызму і дабрыні спатрэбіліся ў іншых, не менш важных і адказных прафесіях.

Любоў да Радзімы — з маленства

Падобнай установы, у якой ужо са школьнай парты дзеці асвойваюць ваенную навуку, у краіне больш не існуе. Гэта не кадэцкія або ваенна-патрыятычныя класы, у якіх дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка з'яўляюцца профільнымі прадметамі. У «Вектары» навучанне адбываецца па спецыяльнай праграме, распрацаванай заснавальнікам і нязменным кіраўніком цэнтра Ігарам Лазаравым, які летась стаў Чалавекам года Міншчыны.

— Падчас службы ў 30-й асобнай чыгуначнай брыгадзе я зразумеў, што позна юнаку, які прыйшоў у армію, тлумачыць, што такое патрыятызм, — расказвае кіраўнік Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі, які тут і настаўнік, і інструктар у адной асобе. — Пра любоў да Радзімы трэба казаць раней: у школе, а яшчэ лепш у дзіцячым садку. Вось і хадзілі з аддзяленнем узвода аховы па школах, дзе знаёмілі падлеткаў з вайсковай службай. Гэта быў якраз той мамант, калі прыбралі з навучальнага працэсу дапрызыўную падрыхтоўку. І дарэмна, бо я ўбачыў у падлеткаў цікавасць да арміі, да ўсяго таго, што з ёй звязана.

Разважанні доўгімі начамі ў каравуле выліліся ў адукацыйную праграму. Ідэю Ігара Лазарава падтрымала мясцовая ўлада, і неўзабаве ў Жодзіне з'явіўся цэнтр, дзе пачалі ладзіцца першыя заняткі па патрыятычным выхаванні.

Цэнтр як шлях да выпраўлення

У «Вектар» падлеткі прыходзяць пасля школьных урокаў. Заняткі пачынаюцца пасля таго, як выхаванцы пераапрануліся. Прычым не ў спецадзенне, а ў сапраўдную баявую форму! У кожнага з курсантаў ёсць і парадны камплект.

Ніхто прымусова на заняткі не ходзіць. Галоўнае правіла ў цэнтры — добраахвотнасць. Не прымуць у рады курсантаў і тады, калі будуць супраць бацькі. Праўда, падобных выпадкаў за ўсю гісторыю існавання цэнтра не было. Хутчэй наадварот.

— Чаго граху таіць, сёння нямала няпоўных сем'яў, дзе маці самастойна выхоўваюць сваіх дзяцей, — гаворыць Ігар Лазараў. — Адчуваецца, што недахоп бацькоўскага выхавання адбіваецца на фарміраванні асобы хлопчыка. Жанчыны разумеюць гэта, таму прыводзяць сваіх сыноў да нас.

У цэнтры займаюцца пераважна падлеткі, якія плануюць звязаць свой лёс з сілавымі структурамі. Але ёсць тут і іншыя хлопцы. Па просьбе настаўнікаў трапляюць у «Вектар» недысцыплінаваныя вучні. Некаторыя жартам называюць цэнтр ваенізаванай папраўча-працоўнай калоніяй. І трэба сказаць, «рэабілітацыя» адбываецца на вачах.

— Шчыра кажучы, у нас навучаюцца не толькі самыя лепшыя вучні ў школе, — прызнаецца Ігар Аляксеевіч. — Ёсць такі Коля, які ў школе — галоўны парушальнік дысцыпліны. На занятках у цэнтры хлопчык дзіўным чынам мяняецца, часам яго нават можна ставіць у прыклад. З Колі не будзе дырэктара, кіраўніка прадпрыемства, але ён абавязкова стане добрым хлопцам, ваеннаслужачым, мужам і бацькам. Добрым быць цяжка, але яму, як і многім выхаванцам, падабаецца быць такім. Паступова гэты вобраз пераносіцца ў рэальнае жыццё.

Ад прысягі да абаронна-спартыўных лагераў

Пераапрануўшыся ў ваенную форму, выхаванцы цэнтра на некалькі гадзін забываюць пра цывільнае жыццё. Тут яны — курсанты.

Праўда, перш яны прымаюць прысягу. Ёсць у выхаванцаў і свой «крапавы» берэт. Але насіць яго мае права толькі той, хто здаў экзамены і двойчы быў у абаронна-спартыўным лагеры. Выхаванцы, якія не вытрымалі выпрабаванні, носяць камуфляваныя берэты.

Цэнтр — унікальная супольнасць абсалютна розных, не падобных адзін да аднаго падлеткаў. З дарослых тут толькі кіраўнік. Астатнія «штатныя» пасады — начальнік штаба, намеснік па тыле, старшына, санінструктар, камандзіры аддзяленняў — займаюць курсанты. Адным словам, дзіцячае самакіраванне.

Акрамя дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, выхаванцы цэнтра асвойваюць ваенную гісторыю, вывучаюць традыцыі свайго краю. Менавіта дзякуючы самім курсантам, а таксама іх кіраўніку ў «Вектары» быў створаны пакой гісторыі, які нагадвае міні-музей.

— У гэтым пакоі дзеці даведваюцца, што такое абарона Айчыны, хто яны, абаронцы, — кажа Ігар Лазараў. — Важна растлумачыць, што абаронца Радзімы — гэта не толькі салдат з аўтаматам у руках. Гэта і настаўнік, які дае чалавеку пуцёўку ў жыццё, і ўрач, які адказвае за наша здароўе, і камбайнёр, дзякуючы якому ў крамах з'яўляецца хлеб, і нават той жа школьнік, які трымае абарону нашай дзяржавы падчас вучобы...

Каб больш паглыбіцца ў армейскае жыццё, на асенніх, зімніх і вясенніх канікулах для выхаванцаў арганізоўваюцца трохдзённыя ваенізаваныя зборы. Для начлегу ў цэнтры ўладкаваны спецыяльны спальны пакой, ёсць і сталовая, якая хутчэй нагадвае палявую кухню. Але ў найбольш прыбліжаныя да арміі ўмовы курсанты трапляюць падчас летніх лагераў, якія ў розны час праходзілі на тэрыторыі 72-га аб'яднанага навучальнага цэнтра, Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», на іншых пляцоўках. Летні лагер — выдатная магчымасць прадэманстраваць выхаванцамі тое, чаму яны навучыліся ў цэнтры.

А для дзяўчат — медыцына

Навучаюцца ў «Вектары» і дзяўчаты. Тут іх называюць сонейкамі, а яны, у сваю чаргу, не карыстаюцца гендарнай перавагай і нароўні з хлопчыкамі выконваюць пастаўленыя задачы. І трэба сказаць, праяўляюць яшчэ большыя поспехі, чым юнакі. Многія з іх, налаўчыўшыся тут аказваць першую дапамогу, улюбіліся ў медыцыну і сталі ўрачамі, медсёстрамі. Хлопцаў адсюль праводзяць у армію. Некаторыя, хто ў свой час займаўся ў цэнтры, ужо даслужыліся да падпалкоўнікаў.

Мараць пра афіцэрскія пагоны і віцэ-яфрэйтар Артур Нарубаў, курсанты Алег Адзінец, Уладзіслаў Сузен і Мікалай Малючэнка. Нягледзячы на агульныя інтарэсы, хлопчыкі вельмі розныя. Улад — спакойны, дысцыплінаваны, поўная супрацьлегласць Колю. На пытанне, чаму прыйшоў у цэнтр, Улад адказвае, што даўно захапляецца ваеннай тэмай, а таксама з двух гадоў — у ботах (носіць дзіцячае абмундзіраванне, якое набыла яму мама).

Коля не з катэгорыі выдатнікаў. На яго думку, каб стаць сапраўдным абаронцам Айчыны, неабавязкова добра вучыцца. Тым больш хлопчыку ёсць на каго раўняцца: прадзед ваяваў у гады Вялікай Айчыннай, дзядуля служыў у Афганістане, дзядзька — малодшы сяржант.

— І ты будзеш вайскоўцам? — пытаюся ў Колі.

— Абавязкова! Хачу служыць там, дзе і брат: у спецназе.

Улад жа марыць пра пагранічныя войскі. У той час, як іх аднакласнікі гуляюць у камп'ютарныя гульні і праводзяць час за іншымі малакарыснымі забавамі, хлопцы чатыры разы на тыдзень робяць усё дзеля таго, каб наблізіцца да сваёй мары.

Як лічыць кіраўнік «Вектара», сучасныя дзеці вельмі шмат ведаюць дзякуючы камп'ютарным гульням. «Сапраўды, часам там ёсць нешта карыснае, але ўсё гэта ў тэорыі, — перакананы Ігар Лазараў. — Калі ў рэальнай абстаноўцы ім давядзецца падняць люк танка або спатрэбіцца зарадзіць магазін аўтамата, тут тэорыі мала: патрэбны сіла і трываласць. Гэта ў гульні ёсць тры жыцці, на справе ж усё далёка не так...»

Вайсковец па спадчыне

Ігар Аляксеевіч для выхаванцаў — прыклад для пераймання. Ён для іх і настаўнік, і лепшы сябар. Як прызнаюцца курсанты, могуць падзяліцца з ім самым запаветным, а калі трэба, папрасіць парады.

Цэнтр для Лазарава стаў другім домам, а выхаванцы — членамі сям'і. Між іншым, тое, чым ён займаецца, у прамым сэнсе перадалося яму на генетычным узроўні. Бацька — кадравы вайсковец, маці ўсё жыццё адпрацавала ў дзіцячым садку. Ваенная дынастыя Лазаравых увогуле пачалася з дзядоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Бацька служыў у марской авіяцыі, увесь час па ваенных гарнізонах, таму іншага жыццёвага шляху я для сябе нават не ўяўляў, — прызнаецца Ігар Аляксеевіч. — Для мяне ўвогуле было дзіўным, як гэта — хадзіць на работу: у маёй сям'і служылі.

Дарэчы, самога Ігара Лазарава ў ваеннае вучылішча не прынялі па здароўі, але ён знайшоў выхад. Прызваўся на тэрміновую вайсковую службу, пасля чаго гвардыі сяржант застаўся ў арміі па кантракце. Адданая арміі і жонка, старшы сяржант медыцынскай службы. Адслужыў тэрміновую службу старэйшы сын, малодшы — пакуль віцэ-сяржант у цэнтры, дзе пануе атмасфера савецкага часу, калі ўсе былі адзінай сям'ёй.

— Сёння кожны жыве ў сваім тэлефоне, — лічыць кіраўнік цэнтра. — Па вялікім рахунку, падлеткам усё роўна, чым займаецца іх равеснік. У Савецкім Саюзе мала сустракалася такіх выпадкаў, калі кожны быў сам за сябе. Цяпер у дзіцяці, які едзе ў аўтобусе, нават няма думкі аб тым, што старэйшаму трэба саступіць месца. І калі спрабуеш з ім размаўляць, то чуеш, што мама сказала рабіць так, каб добра было толькі яму. Я ж выхоўваю курсантаў у тым ключы, каб добра было навакольным, каб іх учынкамі ганарыліся бацькі, настаўнікі, аднакласнікі...


Сёння ў Цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі — свята. Адзначаючы дзень нараджэння сваёй альма-матэр, выхаванцы збяруцца за салодкім сталом у імправізаванай палявой кухні, абдымуць адзін аднаго і па традыцыі заспяваюць: «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались...»

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

г. Жодзіна

Фота Надзі БУЖАН

Загаловак у газеце: Урокі патрыятызму і дабрыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.