Вы тут

У Лідзе з'яўляецца ўсё больш буйных спартыўных аб'ектаў


Гэты горад у заходняй частцы краіны заўсёды славіўся сваёй гісторыяй, архітэктурнымі будынкамі, якія захаваліся з мінулых стагоддзяў, і маштабнымі прадпрыемствамі, а асацыяваўся ў многіх з квасам і кедамі. Апошнім часам усё часцей можна чуць яшчэ і пра Ліду спартыўную. Літаральна днямі там прайшоў буйны міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе імя Валерыя Цыленця і спаборніцтвы дзюдаістаў памяці Віктара Юртава, якія сабралі каля 300 спартсменаў, у тым ліку і замежных. На красавік прызначаны яшчэ адзін буйны турнір — па валейболе.


Праца 14 гадзін на суткі

Усе гэтыя мерапрыемствы прыняў і яшчэ будзе прымаць спартыўна-аздараўленчы комплекс «Алімпія», які за свае няпоўныя 6 гадоў стаў адным з улюбёных месцаў жыхароў Ліды. Будаўніцтва аб'екта пачалося ў 2010-м, а ўжо праз год спартыўны цэнтр адкрыў свае дзверы. У ім размясцілася дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 1, якая ажыццяўляе падрыхтоўку рэзерву па валейболе, баскетболе і гандболе. Цяпер у школе вучыцца каля 400 хлопцаў і дзяўчат, рэгулярна выхаванцы трапляюць у склад зборных камандаў вобласці, перамагаюць на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

Сам комплекс уключае ў сябе басейн, універсальную спартыўную залу, трэнажорную і залу для барацьбы. «Алімпія» працуе ўвесь год, выключэнне не складаюць выхадныя і нават святочныя дні — звычайна гэта 14 гадзін на суткі. Наведваць спартыўны цэнтр могуць не толькі выхаванцы школы, але і ўсе аматары актыўнага адпачынку.

— Мы прапануем шэраг платных паслуг, якімі могуць скарыстацца ўсе жыхары Ліды, — расказвае дырэктар «Алімпіі» Ігар Саўрас. — Калі ўніверсальная і барцоўская залы ў асноўным выкарыстоўваюцца для трэніровак і збораў прафесійных спартсменаў, то басейн і трэнажорная зала большую частку часу ў распараджэнні гараджан. Часта абанементы закупляюць прадпрыемствы для сваіх работнікаў, так што наш аб'ект загружаны заўсёды, — адзначае Ігар Канстанцінавіч.

Ён удакладняе, што гэта і складае асноўную частку пазабюджэтнай дзейнасці. Акрамя таго, многія расійскія спартыўныя клубы выбіраюць лідскі спарткомплекс для правядзення збораў, што таксама дапамагае аб'екту выжываць у не самыя простыя часы.

— Вядома, выйсці на самаакупнасць неймаверна складана, але сёння мы можам пакрываць 15—20% бюджэтных выдаткаў. Перш за ўсё трацім заробленыя грошы на дзяцей, забяспечваем ім удзел у розных спаборніцтвах. Калі дазваляюць сродкі, то імкнёмся ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу комплексу, павышаем заработную плату нашым супрацоўнікам, — расказвае Ігар Саўрас.

Трэба адзначыць, што комплекс прыстасаваны і для гараджан з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, у басейне ёсць спецыяльнае крэсла для спуску ў ваду і спецыяльны выхад на дарожку, у гульнявой зале выдзелены глядацкія месцы для размяшчэння інвалідных калясак, у раздзявальнях прадугледжаны спецыяльныя месцы для пераапранання і наведвання душавых.

Вядома, не абыходзіцца «Алімпія» і без відовішчаў. Тут базіруецца наймацнейшы ў краіне міні-футбольны клуб — «Лідсельмаш», неаднаразовы чэмпіён Беларусі рэгулярна збірае на сваіх трыбунах не адну сотню аматараў футбола.

Аднак спыняцца на дасягнутым — значыць страціць усе былыя заваяванні, таму Ігар Канстанцінавіч адзначае, што самае галоўнае ў далейшым развівацца, захаваць школу і працягваць яе спартыўныя традыцыі.

Міжнародны турнір па валейболе.

Хакей дзецям у радасць

За некалькі дзясяткаў метраў ад «Алімпіі», прыкладна ў аднолькавы час з комплексам, з'явіўся ў Лідзе і Лядовы палац. Гэта мясцовая мека хакея, тут усе акцэнты зрушаны менавіта да гэтага віду спорту.

Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, якая працуе на базе Лядовага, месціць сёння каля 300 вучняў — гэта 27 хакейных груп. Выхаванцы першых набораў ужо падбіраюцца да юнацкага ўзросту і пачынаюць паказваць годныя вынікі, звяртаючы на сябе ўвагу спецыялістаў са сталіцы.

— Школа ў нас маладая, а рост і прагрэс ужо прыкметныя, — адзначае намеснік дырэктара Мікалай Тарабрын. — Гэтаму спрыяе добры падбор спецыялістаў, у нас працуюць падрыхтаваныя, адукаваныя трэнеры.

Абсалютная большасць з іх — гэта прыезджыя, добрыя ўмовы і дастойная заработная плата дазваляюць настаўнікам надоўга затрымлівацца ў горадзе. Былы гулец сталічнага «Кераміна» Дзяніс Ламека набіраў адну з першых груп маленькіх хакеістаў у Лідзе, а сёння ўжо расказвае пра поспехі сваіх выхаванцаў.

— Я тут ужо 6 гадоў, таму можна сказаць, што ўсе змены адбываліся на маіх вачах. За гэты час з'явілася шмат таленавітых дзяцей, якімі сёння цікавяцца самыя моцныя школы нашай краіны — «Юнацтва», «Дынама», а таксама клубы з Расіі. Цікавасць да хакея ў Лідзе вялікая і, як не дзіўна, яна не знікае з часам. На трэніроўкі прывозяць дзяцей не толькі з самога горада, але і з навакольных раёнаў. У мяне ёсць хакеісты з Дзітвы, Воранава, гэта 10—30 км ад Ліды, — адзначае Дзяніс Паўлавіч.

Юнацкі чэмпіянат Еўропы  па сумо.

Усе заняткі праходзяць на бясплатнай аснове, нават выдаткі на экіпіроўку і інвентар часткова спрабуе пакрываць сама ДЮСШ.

— Мы можам зарабляць нейкія грошы на паслугах, якія прапануе Лядовы палац, гэта ў асноўным масавае катанне, більярд, арэнда саўны. Таксама ёсць магчымасць праводзіць канцэрты зорак нашай і расійскай эстрады. За кошт гэтага спрабуем дапамагаць дзіцячым групам, каб ад бацькоў патрабавалася як мага менш укладанняў, — расказвае Мікалай Тарабрын. — Наша галоўная задача — выхаваць усебакова развітых асоб, добрых людзей, а ці стануць яны прафесійнымі хакеістамі, шмат у чым залежыць ад іх саміх.

Кіраўніцтва школы адзначае, што сёння ўжо паўстае пытанне пра недахоп лёду, з кожным годам ён становіцца ўсё больш запатрабаваны. Акрамя дзіцячых камандаў, Лядовы палац з'яўляецца домам для прафесійнай каманды — ХК «Ліда», якая выступае ў экстралізе чэмпіянату Беларусі. Гульні з топ-клубамі, асабліва калі яны прызначаны на выхадныя, збіраюць каля 800 гледачоў (агульная ўмяшчальнасць арэны — 1100 месцаў), што з'яўляецца нядрэнным паказчыкам для чэмпіянату Беларусі.

Акрамя гэтага, у Лідзе яшчэ 5 спартыўных школ, новае футбольнае поле са штучным пакрыццём і нядрэнны футбольны стадыён, усё гэта робіць горад не толькі індустрыяльным, але і спартыўным.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не квасам адзіным

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.