Вы тут

Вячаслаў Талкачоў: Калі б не аварыя — да 40 бегаў бы


З яго пачыналася наша гісторыя ў біятлоне

Вячаслаў Талкачоў стаў першым беларусам — страляючым лыжнікам, хто ўвайшоў у зборную Савецкага Саюза. Менавіта ён заваяваў першую для Беларусі залатую ўзнагароду ў гэтым відзе спорту. 20-гадовым хлопцам Талкачоў выступаў побач з ужо майстрамі сваёй справы, алімпійскімі чэмпіёнамі Аляксандрам Ціханавым, Віктарам Маматавым, Мікалаем Пузанавым і Рынатам Сафіным. У юніёрскім узросце Вячаслаў Ільіч стаў чэмпіёнам свету ў эстафеце (1969), а пазней — неаднаразовым прызёрам Кубкаў свету і чэмпіянатаў СССР, уладальнікам «золата» Спартакіяды народаў Савецкага Саюза. Але гучных алімпійскіх перамог па волі лёсу так і не дамогся.


Учора Вячаславу Ільічу споўнілася 69. Сёння ён усё яшчэ ў страі — выкладае фізкультуру і з'яўляецца загадчыкам кафедры ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва, а яшчэ па-ранейшаму «хварэе» на спорт, толькі цяпер ужо ў іншай форме. Сустракаючы мяне ў сваім кабінеце, былы атлет пачынае з агляду ўзнагарод.

— Усе біятлонныя кубкі, медалі захоўваюцца дома, — расказвае Вячаслаў Ільіч. — Дарэчы, спартсменаў у мой час узнагароджвалі не толькі імі: дарылі хрустальныя вазы, сервізы, тэхніку. А кубкі ў працоўным кабінеце з розных турніраў па дартсе, іх тут каля 60. Вось гэтыя ўзнагароды, — кажа Талкачоў, паказваючы на іншую паліцу, застаўленую кубкамі, — выйгралі мае студэнты. Яшчэ пару гадоў таму ў нас былі вельмі добрыя студэнцкія каманды па футболе, валейболе, заўсёды трымаліся ў тройцы наймацнейшых у раёне сярод ВНУ.

— Бачу, што чалавек вы па-ранейшаму да сваёй справы неабыякавы...

— А як жа, люблю размаўляць са студэнтамі, вучыць іх. Я выкладаю не па праграме, а па душы. Спачатку года гуляем ва ўсе віды і тут вызначаемся, чым канкрэтна будзем займацца ўвесь астатні час. І я разам з імі гуляю, ды яшчэ як! Я яшчэ з той плеяды спартсменаў, якія гуляюць ва ўсё: і настольны тэніс, і валейбол, і футбол. Некаторыя студэнты кажуць, што дзеля фізкультуры толькі і прыходзяць...

— Але біятлон усё роўна для вас, напэўна, раднейшы?

— Гляджу па тэлевізары пастаянна. Крыўдна за нашых, крыўдна, што яны да гэтага часу не бягуць тэхнічна і тактычна правільна. Трэба ж умець раскласці сілы па дыстанцыі, недзе дадаць, недзе адпачыць на трасе, прадумаць дзе, якім ходам лепш прайсці. Зараз усе лідары ўзялі тэхніку, падобную на манеру Алега Рыжанкова. Памятаеце, як ён пераадольваў уздымы? Такія падаючыя рухі. Паглядзіце на Мартэна Фуркада: ён жа пырхае, ляціць па трасе.

Аляксандр Сыман — мой першы вучань (цяпер — трэнер мужчынскай беларускай зборнай), пачынаў у мяне страляць. Тады быў у класе 5—6, яшчэ вінтоўку трымаў з цяжкасцю. Я хацеў бы папрасіць яго аб сустрэчы з камандай, пагаварыць з імі, штосьці растлумачыць. Бо калі спартсмен не разумее тэхніку, то яму вельмі складана прыходзіцца. Я бачу, што нашы біятланісты  функцыянальна гатовыя, і не думаю, што трэніруюцца яны дрэнна, а прайграюць канкурэнтам шмат.

— Прычына, лічыце, у саміх спартсменах?

— У іх павінна быць жаданне змяніць сітуацыю. Я першы біятланіст, які паставіў на вінтоўку круглую мушку, увесь Саюз страляў тады толькі з «пянька». У стральбе стоячы ў мяне не было праблем, а вось лежачы стабільна 1—2 промахі, а вельмі хацелася 5—0. Я шукаў варыянты, ездзіў на вайсковае стрэльбішча, гутарыў з алімпійскімі чэмпіёнамі па стральбе, слухаў іх парады. Аднойчы ўбачыў, што яны выкарыстоўваюць круглыя мушкі, паставіў і сабе такую, так пачаў «касіць» з яе будзь здароў. Але мне самому гэта было цікава — хадзіць, шукаць, пытацца, я змагаўся за кожную секунду, аналізаваў кожны свой старт. Можа быць, зараз спартсмены ўжо не такія.

— Як лічыце, ці правільнае сцвярджэнне, што адной з прычын паспяховай кар'еры Дар'і Домрачавай з'яўляецца тое, што настаўнікі бераглі яе сілы ў юнацтве?

— Так, у гэтым ёсць доля праўды. Нешта залежыць ад таго, як рыхтуюць спартсменаў у дзяцінстве, у юніёрскім узросце. Памятаю, калі быў трэнерам «Дынама», папрасілі ўзяць на зборы Сяргея Чэпікава, у зборную юніёраў ён яшчэ не праходзіў па ўзросце, а вынікі былі вельмі добрыя. Я ўзяў, дык мне даводзілася нават выганяць Сяргея з трэніровак, таму што ў яго было настолькі вялікае жаданне, што хлопец проста мог загнаць сябе. А потым ён два гады запар быў чэмпіёнам свету сярод юніёраў і стаў алімпійскім чэмпіёнам. Яшчэ хацелася б адзначыць, што галоўнае, каб не кармілі маладых усялякімі таблеткамі.

— У ваш час было такое?

— Спрабавалі падкормліваць і нас, праўда, рознымі вітамінамі. Бегалася, можа, з імі і выдатна: раніцай — 20 км, у абед — 30, вечарам яшчэ футбол або крос — і адчуваеш сябе добра. Потым неяк паехалі на выхадны, вярнуліся на збор, першую трэніроўку закладваю пад 50 км, другую тое самае, трэцюю. Потым адчуваю, што ногі быццам не свае, доктар параіў адпачыць, схадзіць у лазню, але ўсё бескарысна. Тут успамінаю пра гэтыя вітаміны, перастаў іх прымаць, а арганізм, мабыць, ужо прывык.

— Сёння часта ўспамінаеце сваю кар'еру?

— Вядома, настальгія — справа сур'ёзная. Вашы калегі задавалі мне іншае пытанне: ці хацеў бы я што-небудзь змяніць у ёй? Тады доўга думаў і не змог адказаць, а цяпер магу.

У складзе зборнай Саюза перад Алімпіядай-1972 у Сапара паехалі ў Італію, там павінен быў быць асноўны адбор на Гульні. У гэты час быў добра гатовы, нават форма на мяне ўжо была пашыта. Але ўмяшаўся выпадак. На самалёт спазніўся адзін з трэнераў Уладзімір Іерусалімскі, ён у нас у асноўным адказваў за змазку лыж. Перад самай галоўнай гонкай пачалі падбіраць мазь, ды зрабілі гэта няправільна, памяняўшы вадкую на цвёрдую. У выніку ўся эліта ў гэтай гонцы правалілася. Маматаў, Ціханаў, Пузанаў аказаліся дзесьці ў хвасце. Выйграў яе юніёр — Георгій Буранаў, я заняў трэцяе месца і, па сутнасці, у алімпійскі склад праходзіў, але кіраўніцтва вырашыла, што спаборніцтвы ў Італіі ўлічвацца з-за гэтага правалу першых нумароў не будуць, будзе яшчэ адзін адбор на Сахаліне.

Прыехалі туды — мароз, вецер страшэнны, а стрэльбішча знаходзіцца на гары. У мяне вінтоўка такая была, што, каб стрэліць, курок трэба было даціскаць. У добрае надвор'е не праблема, а вось у вецер... У рэшце рэшт, настраляў я там на лёжцы тры хвіліны штрафу і дзевяць — на стойцы. Потым аказалася, што алімпійскім чэмпіёнам сказалі, што на стральбу глядзець не будуць, галоўнае — паказаць ход, а нам — не. Так замест Алімпіяды я адправіўся дадому. Потым праз год мяне наогул вывелі з асноўнага складу зборнай.

— А так у Сапара шанцы на медаль былі б вялікія?

— У той час у праграме было толькі дзве гонкі — эстафета і індывідуальная на 20 км. На асабістую гонку мяне б, вядома, не паставілі, таму што там былі Сафін, Ціханаў, Маматаў, а ў эстафету каб трапіць, быў такі парадак — самы горшы з чатырох, хто бег індывідуальную гонку, выбывае, і яго змяняе той, хто не бег. Замест мяне паехаў Бякаў, вось ён і трапіў у эстафету і стаў алімпійскім чэмпіёнам. Тады каманду СССР у гэтым відзе праграмы абыграць было немагчыма.

— Крыўдна, бо калі б вы нарадзіліся ў іншы час і канкурэнцыя ў зборнай СССР, магчыма, не была б ужо настолькі сур'ёзнай, маглі б дамагчыся вялікіх поспехаў.

— Тады проста трапіць у зборную ўжо было гонарам. Юнацкі чэмпіянат свету стаў для мяне прыступкай, каб узялі ў зборную Саюза. Выступаючы за галоўную каманду ў першы ж год, выйграў Кубак СССР. Маладым паехаў на чэмпіянат свету, калі там былі ўжо «зоркі» — Ціханаў, Пузанаў, Маматаў. Потым стаў трэцім у спрынце на Спартакіядзе народаў СССР і першым у індывідуальнай гонцы. Спрынт не выйграў цудам. Калі я пакінуў апошні агнявы рубеж, трэнеры сказалі, што іду лідарам. Думаю, ну добра, для Беларусі медаль ужо ёсць, а які — усё роўна. Дабегаў дыстанцыю не ў поўную сілу, хоць і адчуваў, што магу яшчэ дадаць. Аказалася, усяго некалькі сотых прайграў Аляб'еву і Ціханаву. На індывідуальную гонку выходзіў вельмі злым з-за спрынту і яшчэ да старту ведаў, што яе выйграю.

Тады на ўнутраных спаборніцтвах у СССР канкурэнцыя была вар'яцкая, на старт выходзіла па 120 чалавек. Выступаць там было нашмат складаней, чым на чэмпіянаце свету, таму і гэтыя дасягненні для мяне вельмі каштоўныя. Калі б не аварыя, у якую я трапіў, то да 40 бегаў бы, ход у мяне быў нядрэнны, а стралком я заўсёды лічыўся адным з найлепшых у Саюзе.

— Няшчасны выпадак?

— Быў жнівень, стаяла добрае надвор'е, мы былі на зборах у Раўбічах. У адзін з дзён зарадзіў праліўны дождж, і таму нам далі выхадны. Паехалі з таварышам у Мінск і там трапілі ў аўтамабільную аварыю. Я быў за рулём, не прышпілены — зламаў два рабры і грудзіну. Пасля гэтага ўжо і бегаць было цяжка, а страляць дык увогуле балюча. Бягу аднойчы і думаю: «Слава, навошта табе гэта трэба, ужо 31 год». З такімі думкамі трэніраваўся ўсё часцей, і тут перад першынством СССР мне прапанавалі работу ў «Дынама», я не адмовіўся. А потым на этап Кубка свету ў Аберхофе павёз юніёраў у якасці трэнера, хоць яшчэ і сам бегаў.

— Ці складана было спачатку ў новай ролі?

— Напэўна, я ўжо быў гатовы да гэтага. Яшчэ калі выступаў, сам сабе планы падрыхтоўкі складаў. Вёў спецыяльныя дзённікі, куды запісваў, як што рабіў і якія былі вынікі. Потым аналізаваў, чаму выступіў добра ці дрэнна, параўноўваў сезоны. Пазней, дарэчы, усе дзённікі ў мяне ўкралі. Трэнерам я заўсёды больш працаваў у камандзе, сваіх выхаванцаў у мяне не было.

— Самі даўно на лыжах стаялі?

— Лыжы мае хтосьці са студэнтаў узяў, ды так і не вярнуў. Я ровар кручу, летам плаваю, у валейбол гуляю, тэніс, дартс. Тут у мяне каля 60 прызоў па дартсе. Меткасць засталася ад біятлона, я і зараз біятланістам кажу — у дартс гуляйце, гэта вельмі карысна! На чэмпіянаце СНД па гэтым відзе спорту выступаў, мне тады было ўжо 50 гадоў, і выйграў у майстра спорту з Масквы. На чэмпіянаце рэспублікі яшчэ і цяпер гуляю, але канцэнтравацца ўжо складана.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».