Вы тут

Фільм "Анамія" ставіць дыягназ грамадству


Анаміяй можна назваць развал маральных каштоўнасцяў і арыенціраў. Рэжысёр Уладзімір Казлоў назваў гэтым словам свой плакатны фільм і прыпячатаў яго да сучаснасці. Карціна пра маладых людзей, што ствараюць пэўны любоўны трохкутнік, была паказана ў Арткінатэатры ў рамках праекта «Сваё кіно». Прыкладна штомесяц праект прапаноўвае гледачу беларускія фільмы, якія можна абмеркаваць з аўтарамі.


Магіляўчанін Уладзімір Казлоў сёння жыве ў Расіі і лічыцца расійскім пісьменнікам і рэжысёрам. Нягледзячы на тое, што Беларусь у «Анаміі» згадваецца толькі ў фонавым выпуску навін пра Мінскія пагадненні, ідэя фільма датычыцца нашай прасторы і нашага грамадства таксама. Напэўна, таму арганізатары праекта «Сваё кіно» палічылі магчымым запрасіць Уладзіміра Казлова ў Мінск на свой другі паказ.

Фільм, адзначаны спецыяльнай узнагародай у катэгорыі «Вольны дух» Варшаўскага кінафестывалю, з'яўляецца прыкладам, па-першае, малабюджэтнага кіно, па-другое, так званага «кіно не для ўсіх». А з той прычыны, што карціна ўспрымаецца як прадуманае дарослае бескампраміснае выказванне, дзе няма ніводнай спекуляцыі, відавочных неарганічнасцяў, гульні на пачуццях, а ёсць толькі халодная і цвярозая канстатацыя, чапляцца да наступстваў маленькага бюджэту ўжо неяк не выпадае.

«Анамію» называюць дыягназам сучаснаму грамадству — шчыра, гэта першае слова, што прыходзіць у галаву пасля прагляду. Фільм сапраўды не для ўсіх, бо мы ж ведаем, як кіно масава выкарыстоўваецца грамадствам для таго, каб збегчы ад рэальнасці. «Анамія» наадварот утыкае ў гэтую рэальнасць тварам. Чорна-белы фільм з незвычайнымі ракурсамі, якія нават здольны адцягнуць увагу на сваю якасць, расказвае пра дзвюх сябровак, абыякавых да соцыуму, людзей і нормаў маралі. Галоўнае, пра што яны клапоцяцца, — уласны вольны час. Гэта клубы, тусоўкі, адпачынак. Фільм вытрыманым назіраннем паказвае «разнастайнасць» іх марнення — дзень змяняецца ноччу, падзеі скачуць па лакацыях («Анамію» здымалі ў Калінінградзе), адносіны герояў перарастаюць ад любові да нянавісці. Нязменнае толькі адлюстраванне ў кожным плане жахлівых — прынамсі для мяне — абыякавасці і амаральнасці герояў.

Фільм не з'яўляецца выпадам супраць маладога пакалення, не імкнецца сцвердзіць, што раней «трава была зелянейшай», не навешвае ярлыкоў і адказнасці за такі вобраз грамадства, бо, паўтаруся, «Анамія» — халодная і абстрагаваная канстатацыя. У гэтай канстатацыі няма тлумачэнняў, гісторыі паходжання і ланцужка прычынна-выніковых сувязяў. Ёсць як ёсць, без пачуццяў.

Абедзве гераіні быццам выраслі ў звычайных сем'ях сярэдняга класа. Адна пасля школы пайшла ва ўніверсітэт, другая не здолела паступіць, таму працуе прадаўцом у краме. Хутка да іх далучаецца трэці герой, які спачатку ўступае ў стасункі з першай, потым з другой і не адчувае сябе вінаватым. «Не, ну а што такога?» — здзіўляецца ён у размове з той, якой здрадзіў.

Усё гэта — безыдэйнасць і разбэшчанасць, адсутнасць арыенціраў і прыкладаў, сфармуляваных ідэалаў, прынцыпаў — паступова, але прадказальна вядзе да катастрофы. Ну, а пакуль яна не здараецца, героі выяўляюць сябе як пустоты, інтарэсы якіх абмяжоўваюцца ўласным маленькім светам з півам і цыгарэтамі. Чым больш сцэн з бутэлькамі, недарэчнымі ўчынкамі, жэстамі, словамі, тым больш непрыязнасці гэта выклікае.

Рэжысёр увесь час падсылае да іх прадстаўнікоў іншага тыпу — яны чытаюць Мандэльштама, разважаюць пра духоўнасць, спяваюць песні і становяцца для дзяўчат толькі дзіўным антуражам. У іх сем'ях жа замест Мандэльштама і духоўнасці — тэлебачанне і тыповая незадаволенасць жыццём. Не ўсе ганцы з іншага свету чытаюць паэзію: рэжысёр уплёў у апавяданне таксама герояў, што пэўным чынам характарызуюць сучаснасць. Гэта, напрыклад, бацька адной з гераінь — офісны работнік, што ненавідзіць сваю працу і тэрарызуе сям'ю. Гэта прадстаўнік духавенства ў электрычцы, які пацягвае алкаголь з флягі і дастае пасажыраў сваімі павучальнымі разважаннямі, гэта выкладчык ва ўніверсітэце, што расказвае пра варожы свет.

Нарэшце тыповасць, як ні жудасна, праяўляецца ў героях. Жаданні адной з дзяўчат, напрыклад, абмяжоўваюцца жоўтым Ферары і домам каля мора. Галоўнае, што і самі героі рэжысёрам падаюцца як тыповыя. Таму як гледачу мне хочацца думаць, што інструментарый фільма — гэта мастацкае перабольшванне і ўтрыраванне, а тое, што на экране, — гэта выдуманая планета.

У гэты час публіка Арткінатэатра, здаецца, аказалася з рэжысёрам салідарнай і ўбачыла ў фільме партрэт сучаснага грамадства. Толькі рэальныя прататыпы гераінь, хутчэй за ўсё, «Анамію» не ўбачаць, а калі і ўбачаць, мяняць наваколле не пойдуць. Тым не менш такое мастацтва — узважаны і складаны фільм за сціплы бюджэт — у маёй іерархіі стаіць вышэй па значнасці за высокабюджэтныя казкі, да якіх мы так часта збягаем дзеля забыцця.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Параўнай з рэальнасцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».