Вы тут

Уступныя іспыты рэфармуюць?


А ў школах могуць увесці так званыя міністэрскія кантрольныя работы

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА ўпэўнены, што фарміраванне іміджу педагога — задача ўсяго грамадства, а не толькі Міністэрства адукацыі: «Сёння мы часта сустракаем у СМІ спробы супрацьпастаўлення бацькоў і школы, педагогаў і вучняў, у той час як усе яны — удзельнікі адукацыйнага працэсу, якія працуюць на адну мэту. Настаўнік і выкладчык — ключавое звяно ў адукацыі: нават самая дасканалая вучэбная праграма, таленавіта напісаны падручнік не дадуць патрэбнага выніку, калі не акажуцца ў руках прафесіянала».

На выніковай калегіі свайго ведамства Ігар Карпенка агучыў намер стварыць пры Міністэрстве адукацыі Грамадскі савет па пытаннях адукацыі, у які ўвойдуць палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі культуры, сістэмы адукацыі, аховы здароўя і бацькі... Гэта значыць, тыя людзі, якія звязаны з сістэмай, але не працуюць непасрэдна пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі. «Савет стане своеасаблівай пляцоўкай для вызначэння магчымых рызык, якія могуць паўстаць у сістэме адукацыі», — патлумачыў Ігар Карпенка. — Сістэма адукацыі ў Беларусі выбудавана. У той жа час яна павінна развівацца, адаптавацца як да знешніх, так і да ўнутраных фактараў, якія ўзнікаюць у краіне і за яе межамі. Формы і метады работы будуць карэктавацца з улікам рэалій».


На вы­стаў­цы ву­чэб­най лі­та­ра­ту­ры пе­рад ка­ле­гі­яй.

Каб не «біць па хвастах»

— Несумненна, для сістэмы адукацыі ідэалагічная і выхаваўчая работа з'яўляецца адным з найважнейшых кірункаў дзейнасці, — падкрэслівае Ігар Карпенка. — Але нам трэба шукаць новыя падыходы, укараняць новыя формы і метады работы з навучэнскай і студэнцкай моладдзю. Гэта ненармальна, калі непаўналетнія здзяйсняюць злачынствы. Нягледзячы на тое, што летась колькасць такіх выпадкаў зменшылася на 18% у параўнанні з 2015 годам, часта мы не ведаем прычын, якія прывялі да здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў, «б'ём па хвастах». І тут прасочваецца відавочная недапрацоўка сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі. Асабліва гэта тычыцца такіх службаў у ВНУ. Праца толькі па запыце кліента — гэта анахранізм, які павінен быць выкаранены з практыкі работы педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў. Працаваць трэба ў першую чаргу на апярэджанне. Тут вельмі важныя дыягностыка і сістэмны аналіз праблем, на аснове якіх выбудоўваецца ўся выхаваўчая і ідэалагічная работа.

Галоўная задача сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі — не столькі падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, колькі комплекснае асобаснае і сацыяльнае развіццё вучня, якое дазваляе яму быць паспяховым у жыцці і канкурэнтаздольным у сучасным свеце. Вельмі важна дапамагчы кожнаму выпускніку ажыццявіць прафесійнае самавызначэнне, забяспечыць яго сацыяльную і прафесійную мабільнасць.

Праграмы новага пакалення

Сёння ў краіне працягваецца распрацоўка і паэтапнае ўвядзенне па ўсіх вучэбных прадметах абноўленых навучальных праграм, у якіх улічаны міжпрадметныя сувязі і практыкаарыентаванасць адукацыйнага працэсу (у 2016/2017 навучальным годзе па абноўленых праграмах навучаюцца ўжо вучні першых, другіх, пятых, шостых, дзясятых і адзінаццатых класаў). Пасля масавай апрабацыі навучальных праграм цягам навучальнага года па прапановах настаўнікаў-практыкаў у іх уносяцца змяненні і дапаўненні.

На нацыянальным адукацыйным партале арганізавана работа адкрытай інтэрнэт-пляцоўкі, дзе прадстаўлены новыя навучальныя праграмы. Усе зацікаўленыя маюць магчымасць звярнуцца на партал са сваімі пытаннямі, прапановамі і заўвагамі.

У 2016 годзе было выдадзена 46 навучальных дапаможнікаў, 14 з іх — падручнікі новага пакалення: яркія, напісаныя простай, даступнай мовай, з сучаснай электроннай версіяй. Да распрацоўкі кожнага падручніка прыцягваюцца настаўнікі-практыкі.

Падручнік ствараецца разам з комплексам вучэбна-метадычных матэрыялаў да яго — фактычна гэта цэласны вучэбна-метадычны комплекс, які ўключае ў сябе акрамя падручніка вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўніка, пры неабходнасці рабочы сшытак ці іншы дапаможнік для навучэнцаў. «Работа па ўдасканаленні навучальных праграм, стварэнні сучасных падручнікаў будзе весціся і далей у актыўным рэжыме, шляхам пошуку новых цікавых рашэнняў», — паабяцаў міністр.

Ігар Карпенка канстатаваў, што шэраг пытанняў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі патрабуе далейшага вырашэння. Напрыклад, удасканальваць нацыянальную сістэму ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі плануецца шляхам увядзення так званых міністэрскіх кантрольных работ. Шмат пытанняў і да гімназічных устаноў. Усе пагаджаюцца: патрабаванні да дзейнасці гімназій трэба павышаць: і праз забеспячэнне конкурсу пры паступленні ў гэтыя ўстановы, і праз устанаўленне абгрунтаваных кантрольных лічбаў прыёму. Яшчэ адно пытанне — наколькі рацыянальна фарміравалася сетка гімназій і сярэдніх школ? І што рабіць дзецям, якія не прайшлі па конкурсе ў пяты гімназічны клас, а ў наваколлі сярэдніх школ увогуле не засталося? Да таго ж менавіта этап здачы экзаменаў у гімназію застаецца зонай самай высокай карупцыйнай рызыкі.

Кні­гу, у якой кар­цін­ка сін­хра­ні­зу­ец­ца са смарт­фо­нам, пра­дэ­ман­стра­ва­ла ві­цэ-прэм'­е­ру Ва­сі­лю Жар­ко і мі­ніст­ру аду­ка­цыі Іга­ру Кар­пен­ку ды­рэк­тар вы­да­вец­тва  «Па­чат­ко­вая шко­ла» Воль­га Ва­ні­на. Тэх­на­ло­гія да­поў­не­най рэ­аль­нас­ці  бу­дзе вы­ка­рыс­тоў­вац­ца пры ства­рэн­ні ву­чэб­ных да­па­мож­ні­каў і ін­шых вы­дан­няў.

Элемент сацыяльнай абароны

У 2016 годзе для рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы ўстановамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі падрыхтавана больш чым 147 тысяч спецыялістаў.

— Звяртаю ўвагу, што прадастаўленне першага працоўнага месца маладым спецыялістам ва ўмовах высокай канкурэнцыі на рынку працы з'яўляецца дадатковым элементам сацыяльнай абароны выпускніка і не супярэчыць прынцыпам Балонскага працэсу пры падрыхтоўцы спецыялістаў у рамках дзяржаўнага заказу, — падкрэслівае Ігар Карпенка. — Больш за тое, дадатковыя сацыяльныя гарантыі, якія дае статус маладога спецыяліста, павінны распаўсюджвацца, на наш погляд, і на выпускнікоў платнай формы навучання, накіраваных на работу, што прадугледжваецца ў новым праекце Кодэкса аб адукацыі.

Для даведкі: летась пажадалі размеркавацца практычна ўсе выпускнікі медыцынскіх універсітэтаў, якія навучаліся на платнай аснове. А ў ВНУ Міністэрства адукацыі колькасць студэнтаў-платнікаў, якія звярнуліся з просьбай іх размеркаваць, складае толькі 2%. Сёлета, можна не сумнявацца, значна больш студэнтаў платнай формы навучання будуць прэтэндаваць на гарантаванае працаўладкаванне, тым больш што на рынку працы сутыкнуцца выпускнікі, якія навучаліся і па пяцігадовай, і па чатырохгадовай праграме вышэйшай школы.

Намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко, які прыняў удзел у калегіі, папярэдзіў: «Задача адна — кожны выпускнік павінен мець першае працоўнае месца. Каб пазбегнуць праблем з размеркаваннем выпускнікоў, кіраўнікам устаноў адукацыі трэба ўжо сёння напоўніцу задзейнічаць многія фактары: актывізаваць працу камісій па размеркаванні, шукаць рэзервовыя варыянты для працаўладкавання, ствараць ва ўстанове базы вакансій, каб кожны выпускнік мог бачыць, дзе ён можа сябе рэалізаваць. Вельмі важнае пытанне — прагназаванне патрэбы ў кадрах. На жаль, мы вымушаны канстатаваць наяўнасць фактаў суб'ектывізму пры вызначэнні кантрольных лічбаў прыёму, у тым ліку на платную форму навучання. Планаванне прыёму павінна быць у цеснай сувязі з вынікамі размеркавання і патрэбамі рынку працы. А ў нас пры зніжэнні кадравай патрэбы галін на працягу шэрагу гадоў значнага памяншэння лічбаў прыёму не адбываецца...»

Створана міжведамасная рабочая група з удзелам прадстаўнікоў Мінэканомікі, Мінадукацыі, перад якой пастаўлена задача павысіць эфектыўнасць прагназавання кадравай патрэбы і аператыўнага планавання. Разам з тым у пытаннях фарміравання заказу, працаўладкавання выпускнікоў і фарміравання зместу адукацыі неабходна павысіць адказнасць заказчыкаў кадраў: пачынаючы ад кіраўніка канкрэтнай арганізацыі, якая заключае дагавор з установай адукацыі, і заканчваючы аблвыканкамамі і міністэрствамі...

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік расказвае віцэ-прэм'еру Васілю Жарко пра падручнікі новага пакалення.

Філіялы ВНУ: час адмаўляцца?

Міністр адукацыі нагадаў, што ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы распачалася работа па ўдасканаленні сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання і механізма правядзення ўступнай кампаніі ў цэлым. Галоўнае ў гэтым пытанні — захаваўшы плюсы і пазітыўны вопыт дзеючай схемы (напрыклад, у частцы мінімізацыі карупцыйных рызык), не ўпусціць з віду прафесійную матывацыю і ацэнку асобасных здольнасцяў абітурыента. «Мяркую, што такія прапановы павінны выпрацоўвацца з прыцягненнем экспертнай супольнасці савета рэктараў і савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і чакаю ад іх ініцыятыўных прапаноў», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

У сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыярытэтнымі задачамі з'яўляюцца ўдасканаленне зместу і аптымізацыя тэрмінаў падрыхтоўкі. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі тэрміны ўжо скарочаны ў сярэднім на паўгода без шкоды вытворчаму навучанню ў 79 установах адукацыі па 74 спецыяльнасцях. Таксама праведзена адпаведная работа па мінімізацыі і дыферэнцыяцыі тэрмінаў атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па 22 спецыяльнасцях са 170 устаноўлены мінімальна дапушчальныя тэрміны, па 54 — яны вар'іруюцца ў залежнасці ад складанасці спецыяльнасці.

У вышэйшай школе Міністэрства адукацыі прапануе скарачэнне тэрмінаў падрыхтоўкі да 4—4,5 года яшчэ па 56 спецыяльнасцях і з 4,5 года да 4 гадоў па 42 спецыяльнасцях.

— Неабходна ліквідаваць дубліраванне падрыхтоўкі кадраў на ўзроўнях сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, — лічыць міністр.— Да таго ж трэба забяспечыць развіццё магістратуры як самастойнай ступені вышэйшай адукацыі з больш выразным вызначэннем мадэлі выпускніка і яго месца на рынку працы. Ёсць магчымасці і для аптымізацыі як саміх устаноў, так і формаў арганізацыі навучання. Прыйшоў час адмовіцца ад філіялаў устаноў вышэйшай адукацыі, тым больш што ў шэрагу выпадкаў навучальны працэс арганізуецца там пераважна за кошт выкладчыкаў, якія туды камандзіруюцца, а падрыхтоўка ідзе па тых жа спецыяльнасцях, што і ў рэгіянальных ВНУ. Лічу, што завочная форма навучання не павінна дамінаваць над дзённай, як гэта назіраецца ў асобных установах адукацыі (пераважна прыватнай формы ўласнасці).

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Каментары

"На нацыянальным адукацыйным партале арганізавана работа адкрытай інтэрнэт-пляцоўкі, дзе прадстаўлены новыя навучальныя праграмы. Усе зацікаўленыя маюць магчымасць звярнуцца на партал са сваімі пытаннямі, прапановамі і заўвагамі." Прабачце, на гэтым сайце аніякай новай праграмы, прыкладам, па матэматыцы, не прадстаўлена. Перапісаная старая праграма мінулых гадоў. Пра якую новую праграму можна казаць, калі для профільных класаў няма самага элементарнага - падручніка. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка скачуць па падручніках для базавых класаў у хаатычным парадку. Профільны ўзровень у гэткай сістэме немагчыма рэалізаваць. Звярнуцца на партал са сваімі прапановамі і заўвагамі таксама нерэальна, бо на сайце няма дзеля гэтага адпаведнага форуму. Сістэма "адно акно" не дзейсная і не прыдатная для такой мэты. Таму сайт выглядае не "адкрытай", а закрытай "пляцоўкай". Настаўнікі абмяркоўваюць свае праблемы дзе заўгодна, толькі не на сайце НІА.
Антон, на партале adu.by, на галоўнай старонцы справа размешчаны банер “Новыя навучальныя праграмы. Вывучаем і абмяркоўваем”. Націскаеце на яго і трапляеце ў адпаведны раздзел: http://adu.by/ru/2-uncategorised/1082-novye-uchebnye-programmy.html Нацыянальны адукацыйны партал мае таксама афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках. Пытанні ідуць і туды. Праграмы прапануецца абмяркоўваць там у рэжыме адкрытага палілогу.
Дзякуй, я канешне быў і па паказанай Вамі спасылцы, і на фэйсбуку - нідзе абмяркавання праграм няма. Можа хтосьці і задае пытанні, але адказаў няма. Напісаў неяк на так званае "адно акно", adu.by - адказу чакаў месяц - не атрымаў. Але ж, "адно акно" гэта форма зусім не прыдатная для абмяркаванняў.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.