Вы тут

Максімальная стаўка па валютным дэпазіце - 2.5% гадавых


Аднак пры выбары дэпазітаў трэба звяртаць увагу не толькі на памер працэнтаў.

Днямі мне на электронную пошту трапіў рэкламны ліст ад аднаго камерцыйнага банка, дзе прапанавалася пакласці рублі на безадзыўны ўклад на 18 месяцаў пад 17% гадавых. Цудоўная прапанова, адразу падумаў я, бо працэнты па валютных укладах у разы меншыя, а долар у нас працяглы час «стаіць», або нават таннее. Прынадная прапанова, нават вельмі, таму вырашыў спачатку разабрацца з ёй, так мовіць, з лупаю ў руках непасрэдна на месцы...


Тэрмін вялікі, а стаўка «плавае»?

А ў банку мне паведамілі, што агучаныя 17% гадавых будуць гарантавана «капаць» на мой будучы дэпазіт толькі на старце ўсяго тэрміну захоўвання. А потым умовы дэпазіту дапускаюць змяненне банкам у аднабаковым парадку гэтай стаўкі, пасля папярэдняга апавяшчэння ўкладчыка. Што ў нас тады атрымліваецца? Уклад безадзыўны, таму грошы з банка можна будзе забраць толькі праз паўтара года. Дапусцім, што банк ужо праз некалькі месяцаў істотна паменшыць працэнтную стаўку па ўкладзе. У гэтым выпадку кліент на працэнтную палітыку банка паўплываць ніяк не зможа, бо ў дагаворы недзе там унізе сапраўды прапісана, што стаўка «плаваючая». Але тут узнікаюць слушныя пытанні наконт таго, як моцна тая ці іншая фінансавая ўстанова можа «падрэзаць» абяцаныя ў рэкламе працэнты.

Спецыяліст выбранага мною банка супакоіла, што іх працэнтная палітыка залежыць ад агульнай тэндэнцыі на рынку, рэкамендацый Нацбанка і змянення памеру стаўкі рэфінансавання. Менавіта на апошнюю акалічнасць банкі звычайна і звяртаюць увагу, адзначыла яна. Напрыклад, у іх цяпер існуе такі рублёвы безадзыўны ўклад, па якім працэнты будуць карэктавацца толькі тады (і на адпаведную велічыню), калі рэгулятар знізіць стаўку рэфінансавання. На мой погляд, гэта ўжо больш зразумелы для людзей механізм, але ў гэтым выпадку працэнтная стаўка па ўкладзе нават на старце складае не 16—17%, а толькі 12—13% гадавых. У падобных дагаворах такія ўмовы так і прапісваюць, што ваша стаўка па ўкладзе складае 13% або — стаўка рэфінансавання мінус 2 працэнтныя пункты (СР — 2 п. п.) Сёння СР складае 16%, таму пасля зніжэння яе на 1—2% у адпаведных прапорцыях паменшыцца і даходнасць нашых дэпазітаў.

Часам рублёвыя дэпазіты на тэрмін больш за год маюць камбінаваны механізм працэнтнай стаўкі. Калі па падобным дэпазіце прадугледжваецца 14% гадавых, то ў рэкламе можа быць прапісана, што першыя 6 месяцаў такая стаўка будзе заставацца фіксаванай.

На кароткіх грашах шмат не заробіш

Калі вышэй мы разглядалі безадзыўныя рублёвыя ўклады на доўгія тэрміны, то дэпазіты да года адразу прапануюць меншыя працэнты. Звычайна стаўка на тэрмін да года складае ад 7 да 10%. Гэта пры тым, што і тут стаўка «плавае». Але самае цікавае, што банкі часам прапануюць нядрэнную даходнасць па мэтавых кампактных укладах, якія складаюць 2—3 месяцы. Існуе толькі некалькі сур'ёзных банкаў, якія могуць прапанаваць па дэпазіце на 3 месяцы фіксаваныя 9—12% гадавых. Адзыўныя ўклады тэрмінам да месяца маюць даходнасць ад 5% і ніжэй.

Тут таксама трэба ўдакладніць, што па дэпазітах на тэрмін да года (у айчыннай валюце) дзейнічае механізм падаткаабкладання. Дакладней, дзяржава возьме падатак у памеры 13% з даходаў кліента, якія ён атрымае ад свайго кароткага ўкладу.

У валюце — увогуле мізэр

Па доларавых дэпазітах банкі сёння прапануюць людзям да 2,5% гадавых. Гэта максімум, які прадугледжвае безадзыўны фармат укладу на 2 гады. Часам у невялікіх прыватных банках могуць узнікаць валютныя прадукты з нефіксаванай даходнасцю нават да 3% гадавых, але ў гэтых выпадках існуе вялікая верагоднасць, што ўжо праз месяц працэнты сур'ёзна падрэжуць у аднабаковым парадку. Па валютных укладах на тэрмін каля года ці ў адзыўным варыянце банкамі прапануецца ад 1 да 1,3% гадавых. Кароткія валютныя дэпазіты (ад 35 да 185 дзён) будуць мець даходнасць ужо менш за 1% (звычайна 0,75—0,8%) гадавых.

Увогуле, практычна ўсе мае знаёмыя новыя ўклады ў валюце не адкрываюць. І справа тут не толькі ў маленькіх працэнтах. Асноўная замежная валюта (USD і еўра) за апошняе паўгоддзе нават патаннела.

Знізілася даходнасць і па валютных аблігацыях

Яшчэ летась каштоўныя паперы ў валюце прыносілі іх уладальнікам нядрэнны даход. Уласныя валютныя аблігацыі сістэмных банкаў краіны прадугледжвалі спачатку 5,5%, а потым 5% гадавых. Сёння падобных каштоўных папер з такой даходнасцю ўжо няма. Цяпер існуюць толькі валютныя аблігацыі на прад'яўніка ў некалькіх банках, але ўжо пад 4% гадавых. Праўда, на фінансавым рынку з'явіліся бездакументарныя каштоўныя паперы і інтэрнэт-аблігацыі ў валюце пад 5% гадавых. Аднак у насельніцтва яны пакуль вялікай папулярнасцю не карыстаюцца. Людзей сёння палохае той факт, што па гэтых каштоўных паперах у іх на руках ніякіх папяровых дакументаў не застаецца. А калі няма гэтай самай паперы, то і ў кліентаў часам узнікае ўражанне, што гарантыя вяртання іх грошай не зусім відавочная.

Нерухомасць у інвестараў не ў трэндзе

Падзенне цэн на жыллё летась у нашай краіне прывяло да таго, што інвестыцыі ў нерухомасць былі стратнымі нават без уліку выдаткаў на абслугоўванне здзелак. Эксперты жыллёвага і камерцыйнага рынку нерухомасці прагназуюць, што крызіс у гэтай сферы яшчэ не намацаў канчатковае дно, і тэндэнцыя на зніжэнне цэн можа захоўвацца яшчэ некаторы час. Пераламаць яе можа рост даходаў насельніцтва, з'яўленне даступных крэдытаў на жыллё ці нарастанне дэфіцыту прапановы жылля ў сувязі з пэўнымі праблемамі фінансавання ў будаўнічай галіне. А пакуль атрымліваецца, што ўкладваць грошы ў нерухомасць на другасным рынку не зусім выгадна.

Таму застаецца цалкам абгрунтаваны варыянт з банкаўскімі ўкладамі ў нацыянальнай валюце ці каштоўныя паперы ў тых жа рублях.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Рубель наступае па ўсіх «франтах»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.