Вы тут

Якім павінен быць ідэальны падручнік?


І чаму так мала сярод педагогаў ахвотных стаць класнымі кіраўнікамі? Сваімі думкамі на гэты конт падзяліліся ўдзельнікі выніковай калегіі Міністэрства адукацыі...


— Мяне яшчэ ў пачатку педагагічнай дзейнасці хвалявалі наступныя пытанні: ці ўсіх дзяцей можна навучыць матэматыцы, бо ў іх розныя здольнасці і тэмп навучання? І чаму так часта здараецца, што ў пачатковай школе дзіця добра паспявае па матэматыцы, яго ставяць у прыклад, а ў сярэдніх класах — і якасць навучання, і цікавасць да прадмета знікае? — кажа настаўнік матэматыкі сярэдняй школы №20 горада Оршы, настаўнік-метадыст Валерый ГЕРАСІМАЎ. — Сучасныя дзеці адрозніваюцца ад тых, каго мы вучылі нават дзесяць гадоў таму. Яны сталі менш чытаць, але дзякуючы мабільным прыладам і інтэрнэту магчымасці для атрымання разнастайнай інфармацыі ў іх значна пашырыліся. Варта адзначыць і тое, што ў сённяшніх школьнікаў часта проста не хапае часу, каб паспець зрабіць усё ў сваім школьным і пазашкольным жыцці.

На думку вопытнага педагога, пры стварэнні сучаснага падручніка патрабуецца адбор мінімальна неабходнага, але дастатковага для якаснага засваення зместу адукацыі навучальнага матэрыялу плюс дыферэнцыраваны падыход да навучання праз прыцягненне дадатковага матэрыялу, у тым ліку электронных адукацыйных рэсурсаў.

Ён падкрэслівае: «Абстрактная цікаўнасць да «царыцы навук» саступае месца «рэальнай матэматыцы». Таму адбор і прад'яўленне навучальнага матэрыялу павінны адпавядаць яшчэ і кампетэнтнаснаму падыходу, што ў многім супадае з жыццёвай ідэалогіяй падлеткаў — навучанне для жыцця і праз рашэнне жыццёвых праблем. У гэтым сэнсе матэматыка ператвараецца і ў сродак далучэння да інфармацыйных тэхналогій».

Тыя ж тэкставыя задачы па матэматыцы — выдатная мадэль для вырашэння жыццёвых сітуацый. Яны спрыяюць развіццю ў вучняў мыслення, фарміраванню кампетэнцый і сацыялізацыі школьнікаў.

У бягучым навучальным годзе на базе 22 школ распачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта, у рамках якога плануецца распрацаваць вучэбна-метадычныя комплексы для першых—чацвёртых класаў, якія адпавядаюць патрабаванням сённяшняга часу. Вучэбна-метадычны комплекс для першага класа ўжо распрацаваны і выдадзены.

Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей ПАРОШЫН падзяліўся сваім бачаннем ролі класнага кіраўніка ў выхаваўчым працэсе: «Гэта злучальнае звяно паміж настаўнікамі-прадметнікамі і бацькамі. Ён павінен быць і добрым арганізатарам, і псіхолагам, і сацыяльным педагогам, і проста цікавым чалавекам, да якога цягнуцца дзеці. На жаль, не кожны настаўнік хацеў бы стаць класным кіраўніком, хоць яркіх і цікавых педагогаў у галіне вельмі шмат. Чаму? Прычыны хаваюцца не толькі ў шматгранным спектры іх дзейнасці, нізкай аплаце за гэту працу (у сярэднім 34 рублі ў месяц), але і ў тым, што ніхто не вучыць таму, як быць добрым класным кіраўніком: ні ў ВНУ, ні пасля яе заканчэння.

У Гомельскай вобласці спрабуюць ліквідаваць гэты прабел за кошт павышэння якасці працы раённых метадычных аб'яднанняў класных кіраўнікоў, павышэння кваліфікацыі ў інстытуце развіцця адукацыі, правядзення абласных конкурсаў «Мой клас — мая каманда», «Наш класны — самы класны» і іншых. Думаю, што менавіта падрыхтоўцы класных кіраўнікоў неабходна ўдзяліць больш увагі і на рэспубліканскім узроўні, — падкрэслівае Сяргей Парошын. — Сёння ў школе аднаму псіхолагу з усімі негатыўнымі праявамі не справіцца, таму кожны класны кіраўнік павінен стаць тым чалавекам, якому дзіця верыць і можа падзяліцца з ім патаемным».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рэальная матэматыка для жыццёвых сітуацый

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.