Вы тут

Выстава Кірыла Мельніка працуе ў Мінску


Падчас персанальнай выстаўкі мастак Кірыл Мельнік падзяліўся ўласным светабачаннем

Біблейскія сюжэты і героі міфалогіі, звыклыя беларускія краявіды і экзотыка субтропікаў, знакавыя ў гісторыі асобы і партрэты, вядомыя вузкаму колу людзей... Разнастайнасць у фарбах, памерах палотнаў і нават тэхніках — менавіта такой бачыцца выстаўка маладога мастака, якая экспануецца ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва.


Праўда, маладым яго можна назваць хіба толькі па ўзросце. У творчай скарбонцы Кірыла Мельніка — каля 200 жывапісных і 150 графічных работ.

На трэцяй персанальнай выстаўцы мастака прадстаўлены амаль дваццацігадовы перыяд творчай дзейнасці. Самая ранняя работа ў экспазіцыі — партрэт маці. Гэтую карціну Кірыл Мельнік пісаў яшчэ будучы навучэнцам Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава.

Увогуле першая работа ім была створана ў 13-гадовым узросце. Мастацтвам захапіўся яшчэ раней. У студыю, дзе працавалі беларускія мастакі Віктар Варанкевіч і Валерый Гардзіенка, васьмігадовага хлопчыка прывяла старэйшая сястра. У выніку мастакі сталі для яго першымі настаўнікамі.

Але галоўным настаўнікам для Кірыла Мельніка, безумоўна, быў Міхаіл Савіцкі. Партрэт народнага мастака, падораны майстру пры жыцці, таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Герой Беларусі часу на асабістыя сустрэчы не шкадаваў — у ходзе шматлікіх гутарак, успамінаў і разваг ён уводзіў маладога мастака ў асобны замкнёны свет, дастаткова далёкі ад рэальнасці. Міхаіл Савіцкі звычайна скупіўся на пахвалу, але партрэтам застаўся задаволены.

— Міхаіл Андрэевіч мне настойліва раіў эксперыментаваць, шукаць новыя шляхі ў творчасці, не зацыклівацца на пэўным стылі, — гаворыць Кірыл Мельнік, які, дарэчы, працуе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Менавіта тут на пастаянным захоўванні знаходзіцца і гэты партрэт народнага мастака Беларусі.

Партрэт — адзін з любімых жанраў Кірыла Мельніка. Адлюстроўваючы рысы твару фарбамі, мастак спрабуе перадаць настрой свайго героя, яго характар. А часам і пэўныя эмоцыі — напрыклад, тады, калі Юрый Гагарын ідзе да ўрадавай трыбуны пасля палёту ў космас, ці ў той момант, калі малады Шастаковіч разважае над сваёй першай сімфоніяй. Цікава, што работу асабіста ацаніла трэцяя жонка кампазітара.

Біблейская і міфалагічная тэматыкі прысутнічаюць у больш ранніх работах мастака. Ён па-свойму трактуе вядомыя біблейскія сюжэты, не зусім традыцыйна бачыць місію сваіх галоўных герояў. Па словах Кірыла Мельніка, часам, калі толькі зараджаецца карціна, першы матыў не заўсёды звычайны. Так было з работай «Наш дом». На палатне — выгляд Зямлі з космасу, дзе адлюстраваны яе сімвалы: бацька з сынам, маці з немаўляткам, старая, плён іх працы, ягня, голуб міру.

— У сталым узросце мастак павінен вырашаць больш складаныя задачы, — лічыць мастак. — Савіцкі не раз казаў пра тое, што мастак мусіць адлюстроўваць час, ён нават можа ператварыць імгненне ў вечнасць. Я таксама прытрымліваюся гэтых абстрактных арыенціраў. Фотаздымак — гэта імгненная фіксацыя, карціна ж перадае эпоху.

Дакрануцца да эпох, адлюстраваных Кірылам Мельнікам, можна да 5 сакавіка ўключна. Потым выстаўка «пераедзе» ў Прэзідэнцкую бібліятэку.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Адлюстраванне часу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.