Вы тут

У Магілёве падвялі вынікі дабрачыннага афтальмалагічнага праекта


З сакавіка па снежань мінулага года мабільная брыгада афтальмолагаў праехала па 19 сельскіх раёнах Магілёўшчыны і праверыла зрок у 12 702 дзяцей. У выніку больш чым у 27% школьнікаў былі выяўлены розныя паталогіі, прычым больш чым у паловы з іх гэтыя парушэнні дыягнаставаны ўпершыню.


У Магілёўскай вобласці захворванні органаў зроку сярод дзяцей знаходзяцца на другім месцы сярод іншых захворванняў. Праблема яшчэ ў тым, што выявіць іх не заўсёды атрымліваецца своечасова. Бывае, у сельскай мясцовасці не хапае афтальмолагаў, а ў 6 раёнах вобласці на пачатак мінулага года такіх урачоў не было наогул. Таму карысць ад праекта Беларускага дзіцячага фонду была больш чым значнай. Сродкі на яго рэалізацыю сабралі падчас шостай каляднай дабрачыннай ініцыятывы velcom «Рабіць дабро так проста». У распараджэнні спецыялістаў меўся абсталяваны ўсім неабходным для афтальмалагічных даследаванняў аўтамабіль, і былі аплачаны ўсе выдаткі, звязаныя з іх дзейнасцю. Імкненне дапамагчы дзецям падтрымаў і Магілёўскі аблвыканкам.

— Гэта адзін з сацыяльна значных медыцынскіх праектаў, які дазваляе аказваць эфектыўную медыцынскую дапамогу вялікай колькасці дзяцей, — паведаміў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан. — Ён аб'яднаў намаганні грамадскай арганізацыі, бізнесу і дзяржавы для аказання дапамогі дзецям. І эфект гэтай дапамогі велізарны. Амаль усё дзіцячае насельніцтва вобласці ў сельскіх раёнах агледжана афтальмолагамі. Медыкі прыехалі ў школы, далі дзецям рэкамендацыі, выпісалі рэцэпты, накіравалі на далейшае лячэнне.

Сярод асноўных паталогій, выяўленых у ходзе аглядаў, — парушэнне рэфракцыі (блізарукасць, гіперметрапія, астыгматызм), радзей сустракаюцца касавокасць, кан'юнктывіт.

— Усе дзеці, якія прайшлі агляд у рамках праекта «Я бачу!», атрымалі заключэнне медыкаў і карысныя рэкамендацыі, — паведаміла каардынатар праекта, урач-афтальмолаг Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Марыя Малашка. — Былі выпісаны рэцэпты на акуляры 1723 дзецям, 44 — прызначаны дадатковыя абследаванне і лячэнне ва ўмовах стацыянара, 17 — праведзены аперацыі ў абласной дзіцячай бальніцы. Звесткі па кожным з гэтых дзяцей знаходзяцца ў інфармацыйнай базе нашай бальніцы. І дзеці застануцца пад пастаянным назіраннем і кантролем афтальмолагаў.

Праект «Я бачу!» працягнецца ў Гомельскай вобласці. Дапамагаць дзецям будуць за сродкі, сабраныя падчас сёмай дабрачыннай каляднай ініцыятывы кампаніі velcom «Рабіць дабро так проста». З свайго прыбытку ад кожнага прададзенага смартфона або планшэта ў перыяд з 19 па 31 снежня мінулага года кампанія пералічвала 5 рублёў на спецыяльны рахунак. Агульная сума склала 158 140 рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Я бачу!»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.