Вы тут

Міфы і чуткі віцебскага моргу


І пастараўся праверыць міфы і чуткі, зняпраўдзіць стэрэатыпы.


Так бу­дзе вы­гля­даць но­вы морг згод­на з пра­ект­ным ра­шэн­нем.

«Як у кіно»

У Віцебску ствараецца першы ў краіне «экспертны гарадок». Пра гэта «Звязда» расказвала. На яго тэрыторыі плануецца і будаўніцтва новага морга.

— Цяперашні 1995 года пабудовы. І гэта «не тыпавы» морг, а прыстасаваны пад канкрэтныя мэты будынак. Для параўнання, у Магілёве новы морг пабудавалі гадоў 10 таму... Згодны, што Віцебску неабходна сучасная спецыялізаваная ўстанова, — расказвае Дзмітрый Рабаў, галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Віцебскай вобласці, намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.

Суразмоўца паказвае праект. Будынак будзе двухпавярховым (цяперашні мае адзін паверх). З дзвюма рытуальнымі заламі. Прадугледжаны і «спецыялізаваны адсек» для трупаў з небяспечнымі інфекцыямі. Халадзільнікі будуць высоўныя, як паказваюць у замежных кінакарцінах. Пакуль жа целы ляжаць на стэлажах, а па перыметры памяшкання — халадзільнае абсталяванне.

— «Ячэйкі» касетнага тыпу — вялікі плюс. У прыватнасці, калі чалавек прыйдзе на апазнанне, яму не спатрэбіцца глядзець на ўсе трупы. «Касеты» для нябожчыкаў спросцяць і санітарную апрацоўку памяшкання. Выключаецца і магчымасць перадачы біялагічнага матэрыялу. Напрыклад, калі рука забітага нябожчыка падчас пераноскі выпадкова зачапілася за суседні труп, генатып памерлага можа патрапіць на іншае цела. На другім паверсе размесціцца адна з лабараторый. Фінансуецца будаўніцтва з рэспубліканскага бюджэту. Пра канкрэтныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю пакуль сказаць не магу, — працягвае Дзмітрый Міхайлавіч.

Без даведкі ён жывы!

Штогод ён і яго падначаленыя даследуюць 1200—1300 трупаў. Морг абслугоўвае Віцебск, Гарадоцкі, Лёзненскі, Бешанковіцкі і Сенненскі раёны. Аналагічны — у Наваполацку і Оршы. Раней полацкі морг знаходзіўся каля Сафійскага сабора. Але, зразумела, суседства было не на карысць помніку архітэктуры. Трупы цяпер адвозяць у Наваполацк.

У морг судовых экспертыз прывозіць трупы «хуткая», ратавальнікі, міліцыя.

Бывае, што сваякі прынцыпова не дазваляюць ускрыццё. У такім выпадку немагчыма аформіць даведку пра смерць. І нябожчык фармальна «жывы» — да рашэння суда аб прызнанні памерлым. А як хаваць без адпаведнай паперы, выпісаць з кватэры, уступаць у правы спадчыны?

Бывае, не забіраюць трупы

У моргу абавязаны трымаць труп 45 сутак. Эксперт гарантаваў, што выключаецца магчымасць накіравання сюды жывога чалавека. І ў чуткі прасіў не верыць. Трупныя змярцвенне і плямы, напрыклад, не выклікаюць сумненняў у смерці.

Калі няма сваякоў, цела пахавае спецыялізаваны камбінат пры ЖКГ. Як і незапатрабаваных нябожчыкаў.

Пасля агляду трупа, калі няма падазрэння на крымінальны характар смерці, лекар складае эпікрыз. Экзэмпляр бярэ ўчастковы, другі — сваякам. Бывае, блізкія пасля наведвання паліклінікі, дзе выдаецца даведка пра смерць, атрымліваюць грошы з бюджэту на пахаванне. Але пахаваць «забываюць». Так здараецца з тымі, хто злоўжывае спіртным. Калі цяжар па пахаванні бяруць на сябе знаёмыя нябожчыка, суседзі, яны, як правіла, робяць гэта добрасумленна...

Ва ўпраўленні 15 экспертаў. Праца нядрэнна аплачваецца. Конкурс вялікі. З дыпломам медыцынскай установы неабходна прайсці навучанне ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Хаця 11 месяцаў вучобы не гарантуюць добры вынік. Трэба старанна на месцы вучыцца ў калег, разумець адказнасць работы. Не з усімі, хто адпрацаваў па размеркаванні, працягваюцца кантракты. Не ўсе вытрымліваюць нагрузкі. Пры гэтым ёсць ахвотныя працаваць. Такіх морг судовых экспертыз залічвае ў рэзерв.

— Калі спецыяліст нядрэнны, але па-за работай па дробязі нешта парушыць, будзем уважліва разглядаць пытанне аб прыняцці яго на працу, — дадае Дзмітрый Рабаў.

Кандыдаты павінны разумець спецыфіку. Не кожны медык зможа працаваць з трупным матэрыялам, назіраць за людскім горам. Эксперт павінен навучыцца не быць цвердаскурым. І ўмець абстрагавацца, і дадому «груз убачанага» не прыносіць.

Эксперты не толькі займаюцца ўстанаўленнем прычын смерці. Выязджаюць на месцы здарэнняў, аглядаюць пацярпелых, згвалтаваных, выступаюць на судовых пасяджэннях.

Пенсійных ільгот яны не маюць. А вось працоўны дзень у іх скарочаны: 6 гадзін у тых, хто даследуе трупы. Даецца дадатковы водпуск да 21 дня (у залежнасці ад колькасці дзён працы ў шкодных умовах). 24 дні — асноўны адпачынак...

Ган­на Ба­рыш­ні­ка­ва, афі­цый­ны прад­стаў­нік упраў­лен­ня Дзяр­жаў­на­га ка­мі­тэ­та су­до­вых экс­пер­тыз Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь па Ві­цеб­скай воб­лас­ці і Дзміт­рый Ра­баў.

Дамы — найлепшыя санітары

Шмат рознага расказваюць пра санітараў морга.

— Нецвярозы на працы? Нонсэнс! Бяруць гарэлку з родных? Не думаю. Санітарам можа быць чалавек далёкі ад медыцыны. Я лічу, што ў ідэале яны павінны быць па адукацыі таксама медыкамі. Тым больш што падчас даследавання трупаў прыходзіцца рабіць спецыфічныя рэчы. Напрыклад, дасведчаны санітар можа распілаваць пазваночнік, — працягвае Дзмітрый Рабаў.

Знайсці добрага санітара складаней, чым эксперта. Колькі разоў кандыдаты на словах даводзілі, што змогуць працаваць у моргу. Расказвалі, што часта дапамагалі падчас пахаванняў адзець цела і гэтак далей. А як уваходзяць у морг, ім становіцца дрэнна. Адзін літаральна збег на прыпынак аўтобуса.

— Найлепшыя санітары — жанчыны! Яны больш старанныя, маральна ўстойлівыя, акуратней аказваюць тыя ж рытуальныя паслугі. Часта ўспамінаем Марыну Міхайлаўну Мітрафанаву, якая шмат гадоў адпрацавала ў моргу, спраўлялася з усім ідэальна. І ёй можна было даручыць работу па захоўванні рэчыўных доказаў. У прыватнасці, высушвала вопратку з трупа, каб потым перадаць у праваахоўныя органы (мыць адзенне ў такім выпадку нельга). Годна гутарыла са сваякамі памерлых. Канфліктаў у яе не было, — расказвае Дзмітрый Рабаў.

Прэстыж павысіўся

Пра моргі расказваюць многае з таго, чаго на самай справе няма. Гэтыя ўстановы служаць нагодай для чорнага гумару, анекдотаў. Аднойчы ў СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў Чэхіі труп прыгожай дзяўчыны ажыў. Адбылося гэта, маўляў, пасля таго, як яе, мякка кажучы, пацалаваў санітар. Сваякі на судзе прасілі не караць гвалтаўніка... На жаль, міфаў, стэрэатыпаў пра моргі нямала. У прыватнасці, пра тое, што пасля смерці здабываюць органы.

— Мы гэтым не займаемся! Калі ў спецыяльным падраздзяленні Міністэрства аховы здароўя ёсць неабходнасць у органах, могуць прыехаць і ў Віцебск. Нагадаю, калі чалавек пры жыцці не напісаў заяву, што ён супраць выкарыстання органаў, апошнія могуць «забраць» для выратавання людзей. Нашы эксперты прысутнічаюць падчас гэтага. Дазваляюць браць толькі тое, што не паўплывае на вынікі судова-медыцынскай экспертызы, — падкрэсліў Дзмітрый Рабаў.

Дзякуючы стварэнню Дзяржаўнага камітэта судмедэкспертыз прэстыж працы экспертаў значна павысіўся.

У тэму

* У Віцебску плануюць пабудаваць першы сярод абласных цэнтраў крэматорый. Як паведаміў намеснік галоўнага архітэктара горада, гэта будзе інвестыцыйны праект.

* Стваральнік «Яндэкс. Надвор'я» Дзмітрый Геранін запускае мабільную праграму Umer. Яна дазваляе «аўтаматызаваць» працэс пахавання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пасля апошняга ўздыху, або Што з намі будзе, калі нас... не будзе?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.