23 Верасень, нядзеля

Вы тут

«Што віно, што казіно, А пахмелле ўсё ж адно...»


Тры тэмы, якія хвалююць людзей заўсёды, гэта каханне, надвор'е і...

Кажуць, надоечы на вакзале апытанне было. Навукоўцаў цікавіла, ці ёсць жаданне ў нашых жанчын адкладваць грошы? «Жаданне ёсць, — адказвалі тыя, — а вось грошай...»

Гэта, другая частка іхніх адказаў, апытальнікаў цікавіла менш — у адрозненне ад жанчын, бо яны як разышліся, дык яшчэ ў цягніках пра яе гаманілі. «Без грошай ну зусім нецікава», — скардзілася, прынамсі, адна з маладзіц. «Дык ты б, можа, каханка сабе завяла, — раіла ёй другая, суседка па купэ. — Падкідваў бы рублёў па 500». — «Такога зараз цяжка знайсці» — «Дык тады, можа, двух — па 250?» — «Таксама праблематычна». — «А чатырох па 125?»...

Дзядзька з верхняй паліцы іх размову паслухаў, потым звесіў галаву ды сказаў: «Дзяўчаты, вы як да пяці рублёў дойдзеце, дайце знаць — пабудзіце ці што?».


Вось і гэтых мужчын, з чарговага конкурснага здымка, трэба разумець, таксама пабудзілі. І зусім знянацку, як мяркуе спадарыня Чыгрынава з Мінска. А таму яе подпіс да здымка выглядае так:

Уцякалі кавалеры —

Адчынялі лбамі дзверы.

Добра: убачылі на плоце

Два мяшкі ў бабы Моці...

(Тая, праўда, гаварыла,

Што падлогу імі мыла)...

З думкай зараз: як тут быць,

На анучы што пусціць?

Дробязны клопат, жаночы. А тым больш — у параўнанні з тым, што даймае мужчын, якія (паводле той жа спадарыні Чыгрынавай) адзін другому гавораць:

— Эх шкада не прыхапілі

Нейкіх бурак ці бахілаў...

— А яшчэ б лацвей — валёнкі,

Каб не мерзлі так галёнкі.

А зрэшты, можа, і не мерзнуць яны? Можа, хлопцы з іншага цеста? Цяпер, кажуць, у трэндзе такія. Адкуль цалкам лагічнай выглядае парада (ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска і любому з мінакоў):

Не здзіўляйся, як з ракі

Раптам выйдуць мацакі

Без кашуль і без штаноў —

Зараз мода на «маржоў»!

Яе ж, гэту моду, убачыла на здымку і спадарыня Раіса Васільева з Гомеля:

На Вадохрышча, зімою

Можна змыць усё благое.

Вось і крочаць мужыкі

Да бліжэйшае ракі.

Пад палой нясуць бутэльку,

Каб без страху боўць у пельку,

Бо глынеш таго «наркозу» —

Й нуль увагі на марозы.

Хоць вось так казырыцца спадар Мікалай Старых з Гомеля не раіў бы (ва ўсякім разе многім), бо

Калі ты, як бык здаровы,

На Вадохрышча й Пакровы

Можаш лезці ў рэчку смела —

І ніякай шкоды целу.

Як здароўем слабаваты

(А такіх у нас багата),

Мусіш — верце мне на слова —

Гартавацца паступова.

Бо інакш...

Вынік можа быць самы непрадказальны. Ну, у прыватнасці, і як сцвярджае спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны:

Хлопцы ў пельку акуналіся,

Там вадою абліваліся...

Не думалі:

калі прастынем,

Дык не канькі, — канцы адкінем...

Вось і бягуць дадому шпарка,

Праверыць, як там «гаспадарка»?

Пра яе, дарэчы, пра тую ж «гаспадарку» збалелася душа і ў знаёмай бабулі. Яна, бедная, адна, на хутары жыве: гутарыць хіба з катом ці сабакам, слухае — толькі радыё. Яго сын нядаўна купіў. І якраз у маразы. Факт, што назаўтра ж бабуля нейкія навіны ўключыла. А там — паведамленне, што двое, мякка кажучы, не зусім цвярозых мужчын канечнасці абмарозілі. «Калі б ногі, — думала хутаранка, — то сказалі б, што ногі, калі б рукі, то сказалі б, што рукі, а вось канечнасці... Гэта ж пішы прапала! Бо без іх жа трупам ляжаш, ногі выцягнеш... Без пары.

Карацей, цэлы тыдзень — аж пакуль дзеці не прыехалі — бабуля месца сабе не знаходзіла. І мела рацыю, бо

Што сказаць на гэты конт?

І ўсур'ёз ці жартам?

Мусіць, нам пра генафонд

Забываць не варта?

Дык паслухайце мяне

Тут — ніяк не Сочы:

Калі сом не грызяне,

Дык скулячка ўскочыць.

Папярэджвае аб гэтым спадар Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны.

Ад яго ж і абачлівае:

У жыцці я на ражон

Лез не вельмі часта...

Ды лічу, што быць маржом

Лепш, чым склеіць ласты.

Прычым лепш — непараўнальна, згадзіцеся! Але ж наш чалавек ахвочы пашукаць прыгод: хто — на мазгаўню, хто на іншае месца. Пра вось гэта ў пошце багата радкоў. Ну ў прыватнасці, спадарыня Тамара Аляхновіч са Слуцка лічыць, што хлопцы са здымка

У суседзяў на віду

Святкавалі Каляду...

Калі піць чацвёра сутак,

Дык не трэба і абутак.

(Бедныя канечнасці!).

На думку ж сужэнцаў Астроўскіх:

Хлопцы й праўда — «пад шафэ»,

Але помняць, што ў кафэ,

У стольным горадзе яны

Прапілі свае штаны.

А маглі, паводле спадарыні Чыгрынавай, яшчэ і прагуляць, бо на здымку не хто іншы, як

Бос, што ў пятніцу з шафёрам

Забурыўся ў казіно...

Уцякалі — у аўторак...

З прыбіральні... Праз акно...

Бывае...

Як і ўбачанае спадарыняй Валянцінай Гудачковай з Жыткавічаў:

Гарадскіх пабралі ў жонкі...

Зараз — крочаць да палонкі.

Вася — каб тапіцца,

Ясь — ахаладзіцца.

У любым выпадку, як прызнае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў,

Што віно, што казіно,

А пахмелле ўсё ж адно:

Прыпаўзуць хлапцы да хат

Без штаноў і без зарплат.

Ёсць яшчэ адно месца (праўда, не зусім у кадры...), адкуль (на думку спадарыні Бажок з Бабруйска) можна вось так вяртацца дамоў. Каб убачыць яго, варта яшчэ раз зірнуць на здымак і згадзіцца:

Усё на фота больш чым проста,

Там... інспекцыя за мостам.

Завітай, аддай падаткі

Ды шыбуй сабе да хаткі.

А ўжо ў ёй — спі спакойна, калі, вядома ж, заснеш... І ніхто не пабудзіць.

«Гэты конкурсны здымак міжволі нагадаў мне раннюю п'есу Купалы «Прымакі», — піша спадар Валерый Гаўрыш. — Цяпер увага на іх неяк не акцэнтуецца. Напэўна, таму, што многія маладыя сем'і жывуць разам з бацькамі, у тым ліку — у прымах, з цешчамі».

Што гэта за жыццё, лёгка праілюстраваць анекдотамі. Гаспадыня мітусіцца ля машыны. Зяць ёй з акна: «Куды вы сабраліся, мама?» — «На могілкі, сынок» — «А хто машыну дамоў прыгоніць?»

Альбо яшчэ: цешча — зяцю, гледзячы ў акно: «На дварэ — ні душы...» Зяць (узрадавана): «А дзе можна душыць?»

Званок ветэрынару: «Зараз да вас зойдзе мая цешча з састарэлым сабакам. Дык вы ўжо зрабіце ўкол... Ну, каб лёгенька, без пакут...» — «Добра. А сабака адзін дадому вернецца?»

Невычарпальная тэма, бо (паводле спадара Гаўрыша):

У той вёсцы ля ракі

Не вядуцца прымакі:

Раз жанкі іх не шкадуюць —

Дрэнна кормяць, не абуюць,

Не купляюць нагавіцы...

Яны гужам, каб... тапіцца.

Куды яшчэ могуць гужам адправіцца? Здагадка-дыялог ад спадарыні Чыгрынавай:

— Нешта многа мужыкоў

Стала бегаць без штаноў?

— Дык жа, людцы, трэнд такі

На прыродзе — шашлыкі...

А пасля — бяры адгул:

Трое сутак — рэдкі стул.

Іншае меркаванне ў спадара Гарачова:

Калі платны пераход,

Калі мост з аховай,

Мы й зімою рэчку ў брод

Перайсці гатовы.

І сапраўды: чаго не зробіш, каб лішніх грошай не плаціць:

Пад нагамі снег рып-рып, —

Выганяюць хлопцы... грып.

— Дурні, недарэкі?

— Гляньце кошт на лекі!

Заклікае да гэтага спадарыня Валянціна Гудачкова.

Яшчэ адзін заклік ад спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны:

Ад зграі сабак лягчэй адмахнуцца,

Чым з п'янай басотай,

калі сутыкнуцца:

Аграбяць ды кінуць

на снежнай дарозе

У зімнюю сцюжу,

пры лютым марозе...

Зладзеям ды іншым

такім вось вар'ятам.

Не трэба свабоды, ім —

толькі за краты.

Добра б і «абутнікаў», якія (паводле спадарыні Чыгрынавай)

Абувалі нас у лапці

Ліхадзей ды прайдзісвет...

А цяпер ужо ў сланцы

Абувае інтэрнэт.

Ну і нарэшце:

Для «Звязды» Кляшчук здымае

Экстрэмалаў без канца...

Мусіць, сам жаданне мае

У палонку даць нырца?

Пытае пра гэта спадар Гарачоў. Што адкажа аўтар здымка спадар Кляшчук? Пажывём — пабачым (у тым ліку — на фота). А пакуль трэба падвесці вынікі. Такім чынам, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы да мінулага здымка (на ім, нагадаем, хлопец на... цыраце некуды вёз дзяўчыну («Звязда», 21 студзеня г.г.) даслалі спадарыні Алена Кулік з Валожыншчыны, Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, Любоў Чыгрынава і сужэнцы Астроўскія з Мінска, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны... А таксама спадары Мікола Кісель з Мінска, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Віктар Сабалеўскі з Уздзеншчыны, Мікола Старых з Гомеля і Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны... Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал 2017 года накіроўваецца ў вёску Даўнары Іўеўскага раёна.

Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады парады ранейшыя: афармляйце падпіску, купляйце выданне ў шапіках альбо ўважліва глядзіце на чарговы (ніжні) конкурсны здымак, прыдумвайце подпісы (кароткія — не больш за восем радкоў, дасціпныя, на беларускай мове) і дасылайце ў рэдакцыю. Шанцы на выйгрыш ёсць у кожнага. Сведчаннем таму... «бухгалтэрыя», якую, як высветлілася, на грамадскіх пачатках і каторы гадок вядзе наш падпісчык спадар Мікалай Старых. «У 2016 годзе на старонках «Звязды» было змешчана сем здымкаў, да якіх трэба было прыдумаць подпісы. Паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, у гэтай справе найбольш вызначыліся 18 аўтараў: па 6 разоў сужэнцы Астроўскія і спадар Гаўрыш, па 5 — спадарыня Гудачкова, па 4 — Васільева, Чыгрынава і спадар Гарачоў, па 3 — Кусянкова і калектыў СШ №3 з Вілейкі.

А вось малое рэдакцыйнае журы, — працягвае аўтар, — двойчы прызнавала пераможцамі спадара Гаўрыша. Спадарынь Васільеву, Кулік, Кусянкову, Чыгрынаву і спадара Кісяля — па адным разе.

За ўвесь час існавання конкурсу ў пераможцы найчасцей выходзілі Анатоль Гарачоў, Любоў Чыгрынава, сужэнцы Астроўскія, Валерый Гаўрыш, Раіса Васільева...

І напрыканцы ветэранская дзясятка. З 2002 і па сёння ў конкурсах бралі ўдзел Любоў Чыгрынава, Мікалай Старых і Уладзімір Томкавіч, з 2003 года — Валянціна Пабягайла і сужэнцы Астроўскія, з 2004 года — Раіса Васільева, з 2005 года — Валерый Гаўрыш, з 2006 года — Валянціна Гудачкова, з 2008 года — Анатоль Гарачоў. Заслугоўвае месца ў гэтым спісе і Сцяпан Нефідовіч, які гуляў з 2003 па 2015 год».

Вось такая арыфметыка. А цяпер скажыце, як жа трэба любіць гэтую гульню, каб вось гэтак, з калькулятарам, за ёй назіраць, каб рабіць такія падлікі?!

Здымаем капялюш, як той казаў!

Пішыце!

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.