Вы тут

Названы пераможцы конкурсу «Трыумф. Героям спорту»


Самыя паспяховыя атлеты краіны атрымалі ўзнагароды. Уладзіслаў Ганчароў і Дар'я Домрачава сталі ўладальнікамі звання лепшых спартсменаў Беларусі.

Конкурс «Трыумф. Героям спорту» ўжо стаў традыцыйным, сёлета ён праводзіцца шосты раз і такім чынам падводзіць вынікі алімпійскага года. Асаблівую каштоўнасць узнагародам, — а гэта не медалі, а статуэткі, вельмі падобныя на тыя, якія ўручаюць на сапраўдным «Оскары», — надае тое, што сваіх герояў выбіраў народ — беларускія аматары спорту.


Суботнім вечарам, на які была прызначана ўрачыстая цырымонія, найлепшых атлетаў краіны і іх трэнераў можна было бачыць не ў звыклай спартыўнай вопратцы, а ў вытанчаным адзенні. Нават мужчыны пераадзяваліся ў элегантныя касцюмы, не кажучы ўжо пра дам, якія горда ішлі па чырвонай дарожцы ў прыгожых сукенках і туфлях на высачэзных абцасах. Можа быць, на сцэне яны не былі такімі ўпэўненымі, як на спартыўных пляцоўках, але менавіта гэта і стварала атмасферу ўтульнага свята.

Звання найлепшых спартсменаў краіны ўдастоіліся Дар'я Домрачава і Уладзіслаў Ганчароў. У 2016-м Уладзіслаў выйграў алімпійскі турнір. Гэта «золата» ў скачках на батуце стала адзіным для Беларусі на летніх Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, а ў конкурсе Ганчароў абышоў такіх знакамітых сапернікаў, як Іван Ціхан, Уладзімір Самсонаў, Вадзім Стральцоў і Васіль Кірыенка.

— Прыемна атрымаць узнагароду, для спартсмена гэта тое самае, што для акцёра «Оскар». Дзесьці я чакаў перамогі, праўда, вельмі хваляваўся з-за прамовы, якую трэба было казаць на сцэне. Ды і прыемна было знаходзіцца ў коле такіх канкурэнтаў па намінацыі, перамога ад гэтага яшчэ больш каштоўная. А за каго галасаваў я сам? Шчыра скажу — за сябе, — прызнаўся Уладзіслаў.

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава сама не змагла прысутнічаць на ўзнагароджанні, але выйшла на відэасувязь з беларускімі балельшчыкамі.

— У час, калі ў вас у Мінску праходзіць грандыёзная спартыўная падзея, я працягваю трэніравацца. Хачу сказаць усім вялікі дзякуй за тое, што аддалі свае галасы за мяне. Напэўна, усе ведаюць, што вялікі спорт — гэта штодзённае пераадоленне самога сябе. Я вельмі рада, што тое, чым я займаюся, знаходзіць водгук у сэрцах людзей. Гэта дае матывацыю і падбадзёрвае да яшчэ больш вялікіх вяршыняў, — сказала Дар'я.

У намінацыі «Лепшы трэнер» перамогу святкавала Вольга Уласава, асабісты трэнер алімпійскага чэмпіёна Уладзіслава Ганчарова.

— Кожны спадзяецца на тое, што выберуць менавіта яго. Калі ўзнімалася на сцэну, думка была адна — хоць бы не спатыкнуцца. Ну а потым ужо гэта эмоцыі радасці. Атрымліваецца, што галасавалі людзі і менавіта яны выбралі пераможцаў, значыць, мы сваёй працай, сваімі вынікамі парадавалі мільёны людзей, гэта вельмі прыемна, — адзначыла Вольга.

Лепшай камандай па выніках 2015 і 2016 гадоў прызнана жаночая каманда байдаркі-чацвёркі ў складзе Вольгі Худзенка, Маргарыты Махневай, Марыны Літвінчук і Надзеі Ляпешка, якая заваявала бронзавую ўзнагароду на летніх Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Дзяўчаты таксама з'яўляюцца чэмпіёнамі свету 2015 года. За ўвесь квартэт узнагароду атрымала Маргарыта Махнева, толькі яна аказалася ў гэты час у Мінску.

— Мы верылі, але не чакалі гэтай перамогі. Я заўсёды казала дзяўчатам, што наш від спорту не вельмі вядомы, нягледзячы на тое, што медалі мы прыносім кожны год. Гэтая ўзнагарода паказала адваротнае, што ў нас ёсць свой глядач і не адзін. Будзем дарыць усе самыя яркія ўражанні і на далейшых спаборніцтвах, — пракаментавала перамогу сваёй каманды Маргарыта.

У намінацыі «Прарыў года» найлепшай стала Марыя Мамашук. Спартсменка стала сярэбраным прызёрам па барацьбе на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра і заваявала залатую ўзнагароду на чэмпіянаце Еўропы 2015 года.

— Вялікі дзякуй балельшчыкам, якія выбралі мяне. Калі атрымлівала гэтую ўзнагароду адчувала радасць і хваляванне, унутры нават быў нейкі мандраж. Вельмі прыемна, што людзі ацанілі маю працу. Увесь 2016-ы склаўся для мяне ўдала, хоць я і прайграла сваю галоўную сутычку на Алімпіядзе, — сказала Марыя.

У намінацыі «За волю да перамогі» прыза ўдастоены Ігар Бокій, які стаў шасціразовым чэмпіёнам Параалімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра па плаванні. А ўсяго на рахунку спартсмена 11 залатых узнагарод Параалімпіяд.

— Атрымаць такую высокую ўзнагароду вельмі каштоўна для мяне. Але самае каштоўнае нават не медалі і не гэтая статуэтка, а ўвага, аказаная мне, менавіта яна ўвасобілася ў гэтай узнагародзе, — адзначыў Ігар.

Самбіст Сцяпан Папоў выйграў у намінацыі «Самы яркі момант». Нагадаем, што падчас фінальнага паядынку ў чэрвені 2015-га на Еўрапейскіх гульнях у Баку ён вынес свайго саперніка з барцоўскага дывана, пасля таго як правёў сілавы прыём.

— Мне прыемна, што сваім учынкам я прыцягнуў увагу да свайго віду спорту — самба, які не з'яўляецца яшчэ алімпійскім, але вельмі спадзяюся, што стане такім, — сказаў Сцяпан, атрымліваючы ўзнагароду.

Пераможцай у намінацыі «Найлепшы вынік» стала лёгкаатлетка Марына Арзамасава. Сама спартсменка цяпер знаходзіцца ў бальніцы: у яе запаленне лёгкіх, таму прыз за Марыну атрымала асабісты трэнер Наталля Духнова.

— Гэта вялікая ўзнагарода, і мы заслужылі яе па большай частцы за 2015 год, за чэмпіянат свету, на якім Марына пацвердзіла званне наймацнейшай у свеце. Мы і надалей будзем рабіць усё, каб дастойна прадстаўляць нашу краіну. Галоўным стартам сёлета будзе чэмпіянат свету ў жніўні, да яго і зведзена наша падрыхтоўка, — адзначыла Духнова.

Уся цырымонія суправаджалася яркімі выступленнямі «зорак» беларускай эстрады. Плануецца, што наступны конкурс «Трыумф. Героям спорту» пройдзе ў 2018 годзе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Спартыўны «Оскар»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.