Вы тут

Кірмаш вырабаў ручной работы прайшоў у Мінску


У рамеснікаў і аматараў хэндмэйду вясна на працягу апошніх сямі гадоў пачынаецца з «Млына». Кірмаш вырабаў ручной работы пад такой назвай прайшоў у Мінску. Прымеркаваны ён быў да 8 Сакавіка. Таму людзі прыходзілі выбіраць падарункі маці, бабулі, сястры, каханай...


Падарункі для блізкіх у мяне ўжо ёсць. Таму я вырашыла прагуляцца па «Млыне», каб выбраць штосьці для сябе любімай. Пакуль гуляла — набралася столькі пазітыўных эмоцый! Чаго варта толькі радасць нашага фотакарэспандэнта Анатоля Клешчука. Ён сустрэў разьбяра з Кобрына, якога здымаў больш як 30 (!) гадоў таму.

— Я тады быў зусім малады, — усміхаецца ў светлы вус Уладзімір Чыквін у льняной кашулі. — Стругаў нешта на свяце. А карэспандэнты фатаграфавалі. Быў сярод іх і спадар Анатоль. Памятаю, як я вазіў яго ў сваю родную вёску, паказваў майстэрню...

Драўляныя анёлкі Чыквіна адразу ж прыцягваюць увагу. Яшчэ і таму, што майстар выразае іх на вачах у прысутных з бярозавага палена.

— Двух анёлаў сёння выразаў. Такім чынам рэкламую свае вырабы. Людзі бачаць, што сам раблю, не перапрадаю. Ды і сумна сядзець проста так. Вось гляджу на свайго суседа — сядзіць пануры, без справы — мне яго шкада. Ну вазьмі ты хоць нешта рабі: малюй, запісвай, з людзьмі размаўляй...

— А чаму вы пачалі выразаць анёлкаў?

— У Віцебску на «Славянскім базары» быў конкурс разьбяроў. Я таксама ў ім удзельнічаў. Нейкая бабулька падышла і кажа: «Ой, сынку, некалі мой дзед мне рабіў сякеркай анёлка. Вось бы ты мне такога вычасаў!..» Ну, я ўзяў палена і паспрабаваў... Тая, калі ўбачыла, што атрымалася, нават расчулілася: «Божачкі, як быццам у дзяцінства вярнулася». Я ўспрыняў гэта як знак. І дагэтуль выразаю анёлкаў.

Прыглядаюся, на кожным анёлку — арнамент. Аздобленыя імі і лыжкі, і куфэрачкі самабытнага майстра. На многіх вырабах беларускамоўныя надпісы: «Камароў адганяю, адну цябе, мілую, кахаю», «Толькі з песняй цябе параўнаю», «Дай мне руку і пойдзем ціха за крокам крок». На развітанне спадар Чыквін падарыў мне неймаверна прыгожую лапатку для ежы з надпісам «Смачненька».

Я на «Млыне» таксама сустрэла шмат знаёмых. У тым ліку і каляжанку — Вераніку Пуставіт з маці.

— Зірні, што мне матуля падарыла на 8 Сакавіка, — усміхаецца шчаслівая Вераніка і дастае з пакунка вытанчаны пінжак з воўны, аздоблены кветкамі. Якраз пад сумачку, што набылі на мінулым «Млыне».

Зэ­длі­кі Кан­стан­ці­на Па­ціп­кі што­год раз­ля­та­юц­ца на «Млы­не», як га­ра­чыя пі­раж­кі. Гэ­тым ра­зам ра­мес­нік з За­ла­то­га Ро­га (вёс­ка ў Вет­каў­скім ра­ё­не, дзе Кос­ця жы­ве са сва­ёй сям'­ёй) пры­вёз яшчэ і ін­тэр'­ер­ныя до­шчач­кі з чыр­во­ны­мі ўзо­ра­мі свай­го сяб­ра. «Фа­то­граф «Звяз­ды» (мае на ўва­зе Ана­то­ля Кле­шчу­ка. — Заўв. аўт.), ка­лі ўба­чыў іх, па­ра­іў мне вы­ка­рыс­тоў­ваць вет­каў­скі аў­тэн­тыч­ны ар­на­мент і пры вы­ра­бе зэ­длі­каў, — ка­жа ра­мес­нік. — Я ўжо за­га­рэў­ся гэ­тай ідэ­яй. Ха­чу ска­пі­я­ваць узо­ры з ба­бу­лі­ных руч­ні­коў».

Нягледзячы на кошт арэнды (прыблізна 100 рублёў за квадратны метр), з кожным годам колькасць рамеснікаў, што выстаўляюць свае вырабы на кірмашы, павялічваецца. Прынамсі, сёлета іх было каля 700 з усёй Беларусі і з суседніх Украіны і Расіі. Некаторыя, каб сэканоміць, выкупляюць двухметровы павільён удваіх, а часам і ўтраіх. А вось пакупнікоў, заўважыла, гэтым разам было значна менш, чым перад Новым годам. Пацвердзілі маё назіранне і рамеснікі: многім нават не ўдалося кампенсаваць арэнду.

— Любы кірмаш — гэта латарэя, — кажа Сяргей Рак, які прыехаў на «Млын» з Целяханаў Івацэвіцкага раёна. — Ніколі не ведаеш, як пойдзе. Летась шмат прадалі драўляных днечкаў, чарпакоў ды лыжак. А на гэтым «Млыне» практычна ўсе свае вырабы для кухні павязу назад. Выратавала толькі тое, што нядаўна новы кірунак адкрыў: пачаў рабіць дзіцячыя машынкі з дрэва. Яны каштуюць не танна: ад 45 рублёў. Прадаў 4 штукі. Дзякуючы ім не толькі арэнду адбіў, але і трошкі зарабіў.

— Месца дарагавата каштуе для рамеснікаў, — кажа Уладзімір Чыквін. — Яшчэ тым, хто мясцовы, мо і нічога. Такім жа, як я, прыезджым, трэба заплаціць і за дарогу, і за начлег. Добра ў мяне дачка ў Мінску жыве, дык ёсць дзе пераначаваць. Калі б не было тут знаёмых, нават і не паехаў бы.

Хвалюе рамеснікаў і будучыня кірмашу.

— Дзе будзе праходзіць наступны «Млын»? — кажа рамеснік Руслан Шыхаў, што вырабляе этнічныя ўпрыгажэнні з металу. — Шкада, што выставачны цэнтр «Белэкспа» ідзе пад знос... Тут цудоўнае месца, у цэнтры горада, людзі ведаюць...

— Пасля зносу будынка «Млын» нікуды не знікне, — супакойвае куратар выстаўкі Таццяна АНТОНЧЫК. — Галоўнае, каб рамеснікі працягвалі ствараць. А мы паклапоцімся пра годнае памяшканне для продажу.

...Я пакінула «Млын» не з пустымі рукамі. Набыла сhіmes (чаймс — перкусійны музычны інструмент, які нагадвае гук званочкаў) з чароту. Яго зрабіў рамеснік з Палесся. «Я майструю з чароту жалейкі і флейты, — кажа Сяргей Хацкевіч. — Чаймс нарадзіўся выпадкова. Калі нарыхтоўваў сыравіну, быў моцны вецер, і такі неймаверна прыгожы гук атрымліваўся. Тады мне і прыйшла ідэя зрабіць аналаг металічнага інструмента. Ён не толькі гучыць неймаверна, але і будзе цудоўным упрыгажэннем інтэр'ера». У якасці бонусу я атрымала ад палешука пакуначак са скрыпнем, які ён сабраў і ферментаваў уласнымі рукамі. Так што ў мяне вясна пачалася з глытка надзвычай карыснай гарбаткі пад музыку чароту. А вось лапаткай, падоранай спадаром Чыквіным, карыстацца нават шкада. Такая яна прыгожанькая. Пакуль любуюся.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Вясна пачынаецца на «Млыне»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.