Вы тут

Нацыянальнае і асабістае


64 старонкі для класіка ў серыі кніг «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»

Беларусаў часта дакараюць за тое, што яны не ведаюць сваёй гісторыі, мовы, культуры, мастацтва... Часам мы зманліва суцяшаем сябе: усё пералічанае вышэй — толькі для абраных. Аднак праўда ў тым, што пакуль зацікаўленасць уласнай культурай не перастане быць выключна заняткам вузкага кола інтэлектуалаў, мары і спадзяванні беларускіх асветнікаў не спраўдзяцца. Усё больш актуальным становіцца меркаванне, што сучасным дзеячам беларускай культурнай прасторы надышоў час аддаць перавагу папулярызацыі дзейнасці выдатных папярэднікаў.


Культура аб’ядноўвае

Менавіта з гэтай мэтай у 2012 годзе Інстытутам беларускай гісторыі і культуры сумесна з мінскім выдавецтвам ≪Харвест≫ была заснавана серыя папулярных выданняў ≪100 выдатных дзеячаў беларускай культуры≫. Заснавальнік, рэдактар і каардынатар серыі — навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры прафесар Анатоль Тарас. На сёння выйшла ўжо 65 кніг. А. Тарас дапускае, што ў выніку кніг можа быць і болей, а лічба ≪100≫ застанецца ў назве серыі як умоўная.

Кнігі выдадзены маленькім, ≪кішэнным≫ фарматам, кожная мае ўсяго 64 старонкі і разлічана на шараговага чытача. Такія выданні будуць карысныя настаўнікам і школьнікам, студэнтам, проста зацікаўленым асобам. Каштуюць яны нядорага і сапраўды карыстаюцца попытам.

Анатоль Тарас падкрэслівае, што ў выбары герояў кніг кіруецца дакладна вызначанымі прынцыпамі. Па-першае, асоба, якой прысвячаецца кніга, павінна была вызначыцца менавіта ў культурнай сферы, а не грамадска-палітычнай.

«Палітыка раз’ядноўвае людзей, а культура — аб’ядноўвае», — падкрэслівае А. Тарас. Менавіта таму акцэнт робіцца на літаратурных, мастацкіх, мовазнаўчых і краязнаўчых здабытках, нават калі дзеяч вялікую частку жыцця прысвяціў удзелу ў палітычным жыцці краіны. Па-другое, імёны і біяграфіі ўсіх герояў можна знайсці ў ≪Беларускай энцыклапедыі≫. Ну, а трэці прынцып... суб’ектыўны — асабістыя сімпатыі заснавальніка серыі.

Сапраўднае аблічча класікаў

На сёння выйшла ўжо 65 кніг, з іх 20 — пра літаратараў: Уладзімір Караткевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Мрый, Кандрат Крапіва, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Дубоўка, Міхась Стральцоў... Звернем увагу на некаторыя нядаўнія, выдадзеныя ў 2016 годзе, кнігі з названай серыі.

Анатоль Тарас падкрэслівае, што адна з самых вялікіх складанасцей палягала ў пошуку аўтараў. Беларускія літаратуразнаўцы гатовы ствараць аб’ёмныя манаграфіі, а знайсці дасведчанага чалавека, які б змог на 64 старонках распавесці самае галоўнае пра нашых класікаў, аказалася задачай нерэальнай... Менавіта таму ў стварэнні серыі актыўны ўдзел бяруць сваякі, сябры і калегі славутых землякоў.

Напрыклад, кнігу пра Янку Купалу зрабіў сам А. Тарас. У прадмове ён патлумачыў, што не збіраецца паўтараць навуковых выкладак са шматлікіх манаграфій і артыкулаў ці перапісваць з энцыклапедычных даведнікаў біяграфію, але сканцэнтруе ўвагу на тым, што з розных прычын застаецца па-за ўвагай шараговага чытача, не абазнанага ў філалагічных штудыях: «згадаць тых людзей, дзякуючы якім сціплы юнак з літаратурнымі здольнасцямі вырас у вялікага паэта...»; «пазнаёміць чытачоў... з тымі купалаўскімі творамі, што на працягу дзесяцігоддзяў забараняліся савецкай цэнзурай»; «распавесці пра трагічнае завяршэнне творчага і жыццёвага шляху паэта.

Пра тое, як сутыкненне чалавека тонкай душы з трактарам сацыялізму сталінскага ўзору, алегарычна кажучы, загасіла паходню, якой ён асвятляў свайму народу шлях у будучыню. А затым трактар яго раздушыў». Выказванні Анатоля Тараса для многіх літаратуразнаўцаў, хутчэй за ўсё, падаліся абуральнымі і выклікалі нязгоду. Шмат у іх безапеляцыйнага, правакацыйнага, нечаканага... Напрыклад, пра тое, што Купала не нарадзіўся геніем — такім яго зрабіла асяроддзе адукаваных, таленавітых, высокаінтэлігентных людзей, маральная і матэрыяльная падтрымка якіх паспрыялі яго творчаму росту.

У кнізе багата цытат з вершаў, якія з розных прычын забараняліся савецкай цэнзурай. Так, усе яны надрукаваныя ў апошнім Зборы твораў Янкі Купалы. Але мэтазгоднасць такога шырокага цытавання, на думку аўтара кнігі, выклікана тым, што для звычайнага чытача яны так і засталіся невядомымі, а ў выніку сучасныя беларусы не ведаюць сапраўднага Янку Купалу. Школьная праграма тут не вельмі добры дарадчык.

Усе мы памятаем, які рэзананс у асяродку творчай інтэлігенцыі выклікала эсэ Альгерда Бахарэвіча пра Янку Купалу, змешчанае ў яго кнізе ≪Гамбургскі рахунак Бахарэвіча≫, дзе ён сцвярджаў, што к 1930 году прарок беларускага адраджэння Янка Купала пераўтварыўся ў Каяна Лупаку. А. Тарас бачыць у гэтым вызначэнні сэнс — не абразу класіку, але яго сапраўдную трагедыю: яна не ў заўчаснай фізічнай смерці, але смерці творчай і духоўнай, якая адбылася нашмат раней.

Кніга атрымалася яркай, цікавай, хаця многія выказванні і меркаванні могуць стаць тэмай дыскусіі. Увогуле, бадай усе кнігі серыі можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: адны больш выконваюць выключна азнаямляльна-асветную функцыю, іншыя ўтрымліваюць спрэчныя меркаванні, каштоўныя згадкі, успаміны, правакацыйныя высновы...

Да першых, напрыклад, належаць кнігі, створаныя Алесем Марціновічам: ≪Уладзімір Дубоўка. Выдатны паэт дрэнных часоў≫, ≪Змітрок Бядуля. “Будзь сам сабою, беларус...”≫, ≪Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Патрыярх беларускага Адраджэння≫, ≪Аляксандр Ельскі. Першы беларускі энцыклапедыст≫ ды інш. У гэтых кнігах паслядоўна выкладаецца біяграфія героя, шырока цытуюцца навуковыя манаграфіі... і ўслед за гэтым паўтараюцца пэўныя недахопы даследчыцкіх прац савецкіх часоў. Выклікае пытанні асвятленне кнігавыдавецкай дзейнасці Вацлава Іваноўскага ў кнізе пра Б. Эпімаха-Шыпілу.

Зразумела, што ў 1950 — 1980-х гадах даследчыкі не маглі нават згадваць у сваіх працах імя аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў выдавецкай суполкі ≪Загляне сонца і ў наша аконца!≫, Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні Вацлава Іваноўскага, бо яго жыццё ў перыяд 1942 — 1943 гадоў ≪перакрэслівала≫ ўсю плённую дзейнасць на карысць беларускай выдавецкай справы ў пачатку ХХ стагоддзя. І Алесь Марціновіч адзначае гэта, але ўслед піша: «абсурдным з’яўляецца сцверджанне, што Іваноўскага спецыяльна замоўчвалі. І гэта ў 1920-я гады! Што пасля 1945 — зразумела... А тады... Не трэба займацца нашым беларускім самаедствам».

Аднак папраўдзе тут няма ані абсурду, ані самаедства. У В. Іваноўскага быў не адзін грэх перад савецкай уладай: у 1918 годзе ён быў абраны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі міністрам асветы, а ў 1919 годзе арыштаваны савецкімі ўладамі і сасланы ў Смаленскую турму, у якой правёў некалькі месяцаў. Ужо толькі гэтага было больш чым дастаткова, каб ≪замоўчваць≫ яго ў 1920-я гады...

Тут хацелася зрабіць зацемку адносна патэнцыяльнай чытацкай аўдыторыі, на якую разлічана серыя ≪100 выдатных дзеячаў беларускай культуры≫, а менавіта — шараговага чытача. З аднаго боку, ствараючы тэксты не для спецыялістаў, аўтар можа пачувацца больш вольна — дазваляць сабе адвольныя інтэрпрэтацыі, узгодненыя не з навуковай канцэпцыяй, а толькі з асабістым досведам. Аднак з другога — на стваральніку папулярнай кнігі, якую будуць чытаць школьнікі і студэнты, вялікая адказнасць за праўдзівасць інфармацыі, бо неабазнаны чытач успрымае яе як ісціну.

А на старонках кніг серыі ўсё ж сустракаюцца факталагічныя памылкі і моўна-стылёвыя недакладанасці, што яўна не на карысць выдатнай задуме.

Тое ж самае хацелася б заўважыць і адносна кнігі пра Змітрака Бядулю, у якой зноў паўтараюцца распаўсюджаныя ў беларускім літаратуразнаўстве савецкага перыяду міфы. Магчыма, варта было б звярнуцца да ўспамінаў і публікацый сына Змітрака Бядулі Яфіма Самуілавіча Плаўніка, якія змешчаны ў перыядычных выданнях і зборніках навуковых канферэнцый. Напрыклад, апошнія хвіліны Змітрака Бядулі вельмі падрабязна і дакладна апісаныя ва ўспамінах сына.

Паводле слоў Яфіма Самуілавіча, яны значна больш дакладныя, чым прыведзеныя ў кнізе згадкі Віталя Вольскага.

Тым не менш такія кнігі — з паслядоўна выкладзенай біяграфіяй і кароткім аналізам асноўных твораў, — безумоўна, будуць, карысныя менавіта як дапаможнікі ў навучальным працэсе. Хаця, вядома, закранае Алесь Марціновіч і больш складаныя праблемы: пра неабходнасць перавыдання спадчыны, ушанаванне памяці выдатных пісьменнікаў. Імпануе, што аўтар прысвяціў шмат старонак разгляду твораў Уладзіміра Дубоўкі і Змітрака Бядулі для дзяцей. Гэта не заўсёды трапляе ў поле зроку даследчыкаў, а звычайнаму чытачу дык і ўвогуле невядома.

Згадкі, адценні, дэталі...

Адметнымі з’яўляюцца кнігі серыі, створаныя рэжысёрам і сцэнарыстам Уладзімірам Арловым. Найперш тым, што аўтар усё-ткі чалавек ≪ад свету кіно≫, а не ≪ад свету літаратуры≫, а гэта дазволіла яму ўбачыць творчасць Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Мрыя, Кандрата Крапівы, Сяргея Грахоўскага пазалітаратуразнаўчым кантэкстам: іншыя адценні, іншыя дэталі....

Бадай, самай лірычнай атрымалася кніга ≪Уладзімір Караткевіч. Прарок беларушчыны≫. Верагодна, таму, што У. Арлоў быў добра знаёмы з легендарным беларускім пісьменнікам, бачыў яго ў жыцці, у стасунках з іншымі людзьмі. У кнізе ёсць і камічныя, і трагічныя моманты. Але самае галоўнае — дэталі, якія нельга вычытаць ні ў якіх навуковых і навукова-папулярных працах, тое, чаму сведкам быў сам аўтар і што належыць цяпер толькі яго памяці. Крыху іначай напісаў У. Арлоў пра Андрэя Мрыя, паводле асноўных твораў якога зняў у 1989 годзе двухсерыйны фільм. У цэнтры ўвагі — няскончаны раман ≪Запіскі Самсона Самасуя≫ і трагічны лёс сям’і Шашалевічаў.

Праблемы развіцця беларускага літаратурнага руху і складаных, супярэчлівых стасункаў у пісьменніцкім асяроддзі — у кнізе Анатоля Астапенкі ≪Міхась Стральцоў. Гросмайстар беларускага слова≫.

Аўтар удала спалучыў паслядоўны выклад біяграфічных дадзеных, апісанне этапаў творчай эвалюцыі і шчымлівыя згадкі асабістых сустрэч і размоў. А. Астапенка прапанаваў паглядзець на творчасць пісьменніка ў кантэксце яго супярэчлівых узаемаадносін з паплечнікамі і сістэмай грамадскага ладу ўвогуле. Менавіта ў гэтым — у немагчымасці ўпісацца ў сістэму, прыняць яе правілы і формы існавання — бачыць аўтар найвялікшую бяду М. Стральцова, што ўрэшце знявечыла і яго самога, і яго талент.

Кнігі серыі вельмі розныя: паводле стылю, адбору і падачы матэрыялу, асабістага стаўлення і ўспрымання аўтара. Што ж — тым цікавей іх чытаць і чакаць з’яўлення новых. Аб’ядноўвае аўтараў гэтых 64-старонкавых кніжак, акрамя агульнай асветніцкай канцэпцыі, імкненне паказаць асобу ў кантэксце ўсёй беларускай культуры — ва ўзаемасувязі пакаленняў і традыцый. Варта адзначыць, што гэта ўнікальны выдавецкі праект, патрэба ў з’яўленні якога ўжо даўно наспела і які ўжо знайшоў сваю чытацкую аўдыторыю.

Жанна КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».