Вы тут

Аскепкі мінулага ў люстэрку сучаснасці


Кожнае пісьменніцкае пакаленне ў пэўным сэнсе стварае свой партрэт, і нават зварот да гістарычнай тэматыкі — таксама твар пакалення. З’яднаць гэтыя дзве лініі ў адной апавядальнай манеры — арыгінальнай у сучаснай беларускай літаратуры (прыгадваецца яшчэ хіба толькі сямейная сага Паўла Касцюкевіча «План Бабарозы») — напоўніцу атрымалася ў Марыі Роўда ў кнізе прозы «Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі», выдадзенай у 2015 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор».


Гаворка вядзецца не пра паслядоўнае чаргаванне ў аповедзе двух часавых пластоў, як, прыкладам, у Людмілы Рублеўскай. Гістарычная і генетычная спадчына, гісторыю роду, сямейныя паданні і біяграфіі прадзедаў і прабабак як частка быцця сучаснага трыццаці— саракагадовага інтэлігента. Уцёкі ад гісторыю свайго роду сапраўды дарэмныя, бо нават калі гэтую гісторыю мы не ведаем зусім ці ведаем недастаткова добра, яна ўсё адно прарасце ў нашым лёсе — праз светапогляд, манеру паводзінаў, выбар атачэння…

У кнізе тры аповесці і сямнаццаць апавяданняў. Вельмі шмат у іх — пра «клінічныя» выпадкі кахання. Цалкам гэтаму прысвечана аповесць «1896», якая распачынае кнігу і якая падаецца значна слабейшай за дзве наступныя. Творы размешчаныя ў храналагічным парадку, аднак гэта не было добрай ідэяй: пачаўшы знаёмства з пісьменніцай з аповесці «1896», да астатніх чытач можа і не дабрацца.

Занадта шматслоўная сентыментальная гісторыя кахання, любоўны «квадрат», у якім кожны з герояў знаходзіць ідэальную з пункту гледжання логікі і здаровага сэнсу пару, але ўрэшце перамагае няпростае нелагічнае, жарснае, несправядлівае каханне… Неарыгінальны настолькі, што ўжо можна нават назваць банальным, сюжэт. А галоўнае: так і застаецца незразумелым, чаму перамагло каханне і як героі пераадолелі тыя супярэчнасці, якія іх развялі. Пра гэта — ні слова. Канцоўка плакатная, як у рамантычнай камедыі: вяселле, дзеці і, вядома ж, былыя каханкі становяцца сябрамі і гуляюць на хрэсьбінах першынца галоўных герояў, якія ў свой час папросту выкарысталі іх як утульны часовы прыстанак.

Дзеянне ў аповесці «1896» адбываецца ў Лошыцкім парку, такім чынам уводзяцца ў кантэкст тыя самыя аскепачкі мінулага, шчодра параскіданыя па ўсёй кнізе. Аднак гісторыя тут яшчэ прысутнічае як фон, адасоблена. Нават прывід шляхцянкі-самагубцы, з якім вядзе задушэўныя размовы галоўная гераіня, яшчэ не частка біяграфіі.

Зусім па-іншаму — у другой аповесці «Чорная лінія». Тут шляхецкія прывіды — ужо не рамантычны фон, але рэальная сямейная гісторыя. Успаміны пра навучанне ў Віленскай беларускай гімназіі і пра яе выдатных настаўнікаў, якімі дзеліцца з галоўнай гераіняй другая дзедава жонка Ганна Раманаўна, — не тэма навуковага артыкула альбо гістарычналітаратурных штудый, а толькі памяць пра перажытае. Так, праз герояў найстарэйшага пакалення пастаянна ў прозе Марыі Роўда даводзіцца думка, што беларушчына насамрэч не была вырваная з карэннем, што гістарычную праўду трэба не адкрываць, а толькі пачуць.

Праўда, даступна гэта не кожнаму — нават адукаванаму, выхаванаму і таленавітаму чалавеку ў гэты куфэрак спадчынных скарбаў не зазірнуць, калі ён дбайна не захоўваўся стагоддзямі памяці ва ўласнай сям’і. Нездарма аповесць мае прысвячэнне: «Тым, хто быў, і тым, хто мог быць». Тут — і сімвалічнае знітаванне пакаленняў, і трагічнае адчуванне перарваных традыцый, страчанай будучыні. «1896» і «Чорная лінія» падаюцца своеасаблівымі занатоўкамі да трэцяй аповесці «Настаўнік заўжды вінаваты», дзе ўсе абазначаныя тэмы раскрыліся напоўніцу.

Галоўная гераіня Вера — выкладчыца ва ўніверсітэце, мама дваіх дзяцей, жонка, дачка і ўнучка. Яна жыве ў сучаснасці, але ўвесь час адчувае сваю… несучаснасць. Глядзіць у люстэрка і бачыць: «Усё як раней — усё той жа твар. Не сучасны. Няправільны. У карцінных галерэях у Вільні такія ёсць, а па вуліцах з гэткімі тварамі не ходзяць. Бабчын авал твару, шэрыя каціныя вочы. Дзедава валявое падбароддзе. Профіль як на рымскай манеце». Вера так і жыве на скрыжаванні светаадчуванняў, двух светаў. Дапамагае тое, што яна — гісторык, таму можа дазволіць сабе паяднаць навуковую працу і даследаванне ўласнага радаводу. У аповесці вельмі шмат рэтраспекцый-адступленняў, якія часам чытаюцца больш цікава, чым апісанні штодзённана клопату гераіні.

Прысутнічае і ў гэтай аповесці, і ў многіх апавяданнях «жаночая тэма» — тэма загружанасці жанчыны побытам, што замінае творчым і кар’ерным планам. Аднак гэтая тэма толькі абазначаная, як многія іншыя: спажывецкае стаўленне маладога пакалення да працэсу атрымання адукацыі; адзінота старога чалавека, у якога «на могілках болей радні, чым на гэтым свеце»; пошукі магчымасцей самарэалізацыі маладым навукоўцам і, вядома, праблема двухмоўя ў межах адной сям’і; адсутнасць паразумення паміж бацькамі, народжанымі ў 1950-х, і дзецьмі, народжанымі напрыканцы 1970-х (галоўная гераіня часам пачуваецца сіратой, а бацькі адчуваюць, што дзеці глядзяць на іх як на «непародзістых сабак»).

Сапраўды, ва ўсіх творах Марыі Роўда галоўныя героі значна больш камфортна пачуваюцца ў кампаніі дзядоў-бабуль, а не бацькоў. Магчыма, таму, што пакаленне бацькоў было ўзгадаванае на савецкай прапагандзе, з замкнёнага кола якой дзецям усё-ткі ўдалося вырвацца. У той жа час прысутнічае вельмі важная думка: нягледзячы ні на што, сямейныя традыцыі маюць значна большы ўплыў на фарміраванне асобы, чым школа, сябры, універсітэт, калегі. І менавіта ў гэтым — сакрэт таго, што карані беларушчыны цягам не аднаго стагоддзя прарастаюць нават пасля, здавалася б, грунтоўнай «праполкі»…

Прысутнічае ў прозе пісьменніцы і сацыяльная, і геаграфічная беларуская сучаснасць, якая апісваецца то з горкай іроніяй, то са скрушнай безвыходнасцю. Як, напрыклад, у апавяданні «Беларускі бальзам», дзе выразна чуецца сімвалічнае рэха прозы Віктара Казько — вобраз Вялікага Злодзея, якому заманулася абрабаваць пакінутую без гаспадара вясковую хату. Гераіня так балюча перажывае, што «згвалцілі ейны родны дом, у якім яшчэ ніколі за жыццё ўсіх пакаленняў не адбылося ніводнага злачынства».

Адной з адметных асаблівасцей празаічнай манеры Марыі Роўда можна назваць уменне прамаўляць ад імя любога персанажа. Найбольш яскрава выявілася гэта ў апавяданнях. Магчыма, менавіта таму працягам аднаго з іх «Няма Соні паратунку» стала… п’еса «Як мы ігралі». У кароткіх празаічных формах менш гісторыі і значна больш кахання. Паўтоны, паўсюжэты — менавіта па іх чытачу даводзіцца рэканструяваць складаныя гісторыі ўзаемаадносін галоўных герояў, якія блукаюць па сваіх успамінах, заглыбляюцца ў комплексы, робяць памылковыя высновы. Для характарыстыкі большасці апавяданняў падыходзіць адна схема: уладкаванае сямейнае жыццё галоўнай гераіні — патаемны агеньчык былога (першага) кахання, які ўрэшце спакушае і вядзе за сабой, — нечаканы паварот сюжэта — вяртанне гераіні ва ўлонне сям’і. Нягледзячы на тое, што амаль ва ўсіх творах — цікавыя псіхалагічныя дэталі, запамінальныя партрэты і жыццёвыя назіранні, відавочна, для аўтаркі ў такой паслядоўнасці ёсць небяспека стаць аднастайнай і паўтаральнай. Хочацца спадзявацца, што ў наступнай кнізе гэта будзе пераадолена.

Асобную заўвагу хацела б акцэнтаваць на моўных недахопах. Кніга «Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі» — сапраўды яркая з’ява ў сучаснай беларускай літаратуры, Марыя Роўда — таленавіты творца з адметным аўтарскім стылем і ўнікальнай тэмай. Непаразуменне выклікаюць памылкі, што даволі часта сустракаюцца на старонках кнігі, а павінны былі быць выпраўлены пры падрыхтоўцы да друку: прабачыла/даравала яго, а не яму, здзек над, а не здзек з, думала/чытала пра сябе, а не сама сабе, субяседнік замест суразмоўца, накірунак замест кірунак (па-беларуску трэба альбо напрамак, альбо кірунак), заўсёднае меліся/меўся/мелася ў значэнні «былі», што па-беларуску няправільна, дзеепрыслоўныя формы кшталту «ўрадзіўшаяся»… Пра ўсё гэта вельмі падрабязна — у кнізе Юрася Бушлякова «Жывая мова».

На жаль, гэта не адзінкавы выпадак у сучаснай практыцы літаратурнай рэдактуры (ці, хутчэй, яе адсутнасці). Магчыма, сёння ўвесь клопат пра кнігу пакідаюць самому аўтару, а той праз некалькі дзясяткаў разоў прачытання, як гэта часта бывае, проста «перастае бачыць» уласны тэкст. Галоўная небяспека не ў тым, што гэта псуе ўражанні ад кнігі: паслядоўнае ўжыванне ў літаратурных тэкстах памылковых форм можа з цягам часу надаць ім статус нормы. У няпростых умовах функцыянавання вуснага беларускага маўлення, скрозь перасыпанага памылкамі і недакладнасцямі розных узроўняў, тэкст літаратурнага твора павінен заставацца ўзорам. Для таго, каб гэта спраўдзіць, не патрэбна ані вялікіх высілкаў, ані нейкіх асаблівых умяшанняў у аўтарскі тэкст.

Героі кнігі Марыі Роўда — акурат людзі, якія адчуваюць сябе «аскепачкамі славутага мінулага», і гэта можна назваць у нейкім сэнсе новым этапам у эвалюцыі літаратурнага героя беларускага прыгожага пісьменства: героі не блукаюць у пошуках сваёй тоеснасці, пошуках глебы пад нагамі, альтэрнатыўнай той, якую прапаноўвала савецкая школа. Яны ведаюць, што вядуць род ад старажытнага шляхецкага роду, спадчыннікі якога былі пазбаўленыя шляхецтва і маёмасці за ўдзел у паўстанні 1863 года… І ўспрымаюць гэта як належнае, як частку сваёй біяграфіі. Думаецца, менавіта ў гэтым — стварэнні новага літаратурнага героя — і ўнікальнасць творчасці Марыі Роўда, і плённы кірунак развіцця сучаснай беларускай прозы ўвогуле.

Жанна КАПУСТА

Кніга прадастаўленая «Кнігарняй пісьменніка» (вул. Казлова, 2)

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.