Вы тут

Хто такія навамучанікі?


Нічога не можа быць страшней за вайну. Аднак у мінулым стагоддзі шматлікім жыхарам «самай вялікай дзяржавы ў свеце» і ў мірны час штодня даводзілася змагацца за права жыць, права мысліць і права верыць. І ахвярамі гэтай барацьбы сталі мільёны... Не абмінуў трагічны лёс і беларускіх вернікаў і святароў.


Адказ на пытанне, хто з'яўляецца праваслаўным заступнікам горада Мінска, даволі неадназначны. Соф'я Слуцкая толькі з-за таго, што яе мошчы знаходзяцца ў Мінску? Неяк нацягнута. Валянціна Мінская толькі з-за таго, што яна была кананізавана ў Мінску? Таксама. У той жа час толькі ў першай палове XX стагоддзя з нашай сталіцай былі звязаныя лёсы 25 святароў, якія прынялі пакутніцкую смерць за веру.

У якасці навамучанікаў у праваслаўнай царкве ўшанаваныя тыя людзі, якія зазналі рэпрэсіі, не адракліся ад веры, нікога не абгаварылі і неслі свой подзвіг служэння да канца.

Як адзначыла аўтар экскурсіі «Мінск навамучанікаў» і прадстаўніца паломніцкай службы Свята-Елісавецінскага манастыра Таццяна ХАМЯНКОВА, аб мінскіх святых загаварылі ў пачатку мінулага стагоддзя. Тады пры епіскапе Мітрафане (Краснапольскім) быў створаны адпаведны вобраз: на ім выявы святых, у гонар якіх асвечаны прастолы храмаў у Мінску. Дарэчы, гэта далёка не адзіная заслуга епіскапа, які пазней стаў пакутнікам. Ён належным чынам аднавіў у народзе памяць аб свяціцелях Кірылу і Лаўрэнціі Тураўскіх і немаўляці Гаўрыіле Беластоцкім, па яго благаславенні штогод праходзілі хрэсныя хады цвярозасці, нават быў асвечаны вагон, які ездзіў па ўсёй краіне, у ім ладзілі сустрэчы, праводзілі духоўныя гутаркі супраць п'янства і раздавалі спецыялізаваную літаратуру.

Падчас Першай сусветнай вайны епіскап Мінскі і Тураўскі Мітрафан (Краснапольскі) па сваёй ініцыятыве аб'язджаў Беларусь, бываў у месцах баявых дзеянняў, неаднаразова пападаў пад абстрэл, але працягваў падтрымліваць салдат і мясцовае насельніцтва. Ён арганізоўваў у розных гарадах епархіяльныя шпіталі, за што атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду. Да перанакіравання ў Мінск Мітрафан (Краснапольскі) быў першым епіскапам Гомельскім, дзе і да гэтага часу яго вельмі шануюць. На тэрыторыі Мікольскага мужчынскага манастыра яму стаіць помнік, аднак вернікі спадзяюцца, што ён будзе перанесены на адну з плошчаў горада. Выяву ўладыкі Мітрафана можна знайсці ў праваслаўных храмах у Тураве і Мазыры.

Епіскап Слуцкі Іаан Рыжскі (Помер) усяго год быў вікарыем у МІнску, аднак запомніўся вернікам і святарам, дзякуючы ўрачыстым богаслужэнням. З успамінаў вядома, што ён меў вельмі прыгожы голас, значную постаць (вялікі, дужы — ён быў сынам латышскага селяніна). Акрамя асноўных храмаў горада ён правіў службы і ў царкве ў гонар абраза Божай Маці «Усіх тужлівых радасць» пры турэмным замку, што было нетыпова пры яго сане. У Латвіі, у Рызе заўсёды ўрачыста праходзяць дні памяці свяшчэннамучаніка Іаана архіепіскапа Рыжскага і Латвійскага (Помера), зацверджаны ордэн Святога Іаана Рыжскага. У мінулым годзе адбылося гашэнне маркі ў яго гонар.

Першы мітрапаліт беларускі Мелхіседэк (Паеўскі) не ўваходзіць у Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай, наогул стаўленне да яго асобы вельмі неадназначнае. Ён памёр пасля серыі арыштаў і турмаў, якія суправаджаліся допытамі і катаваннямі, але адбылося гэта падчас літургіі, што лічыцца вельмі ганаровым.

На мінскай епіскапскай кафедры ён працаваў у перыяд жорсткіх бальшавіцкіх рэпрэсій. Калі ён першы раз служыў у саборы, там стаялі 6 вернікаў, але яго гэта не засмуціла.

Мелхіседэк (Паеўскі) быў вельмі ўшанаваным, аўтарытэтным іерархам, дзякуючы яго асабістай харызме і таму, што яго так паважалі, у мінскай епархіі не адбылося маштабнага Абнаўленскага расколу. Менавіта з-за гэтага яму прыйшлося незаконна абвясціць аўтаномію Беларускай праваслаўнай царквы. Потым ён каяўся ў гэтым акце, які быў праведзены без згоды патрыярха. Але гэта быў вымушаны крок, таму што з аднаго боку ішло супрацьстаянне з каталікамі, з другога — аднаўленцы, яшчэ з іншага — улады, якія імкнуліся выкарыстаць любую магчымасць, каб зачыніць як мага болей цэркваў.

У Мінску ёсць шыльда памяці Мелхіседэка (Паеўскага) на Інстытуце тэалогіі БДУ, леваруч ад увахода ў Дом афіцэраў. Штогод там адбываюцца памятныя паніхіды.

Прападобны мучанік Серафім Жыровіцкі ўпершыню пабываў у Мінску ў 1916 годзе як паслушнік Свята-Духавага мужчынскага манастыра, але ваенны час перашкодзіў яму тут затрымацца. Ужо ў гады Вялікай Айчыннай вайны ён як архімандрыт Жыровіцкага манастыра ўваходзіў у склад місіі па адкрыцці храмаў па ўсёй Беларусі: была адноўлена работа 74 цэркваў. Пасля заканчэння місіі ён пасяліўся ў Мінску, прычыніўся да адкрыцця Свята-Духавай царквы (цяпер — кафедральны сабор), дзе і служыў. Акрамя таго, актыўна наведваў шпіталі, лякарні і прытулкі.

Пасля арышту 6 верасня 1944 года айцец Серафім Жыровіцкі (Шахмуць) разам з айцом Рыгорам Кударэнкам некаторы час быў у мінскай турме. Цяпер ёсць звесткі, успаміны тых людзей, якія былі побач з імі, што знаходзіліся яны ва ўнутранай турме, якая ў народзе атрымала назву «Амерыканка». У 1946 годзе Серафім Жыровіцкі прыняў пакутніцкую смерць у лагеры: па афіцыйнай версіі — памёр ад разрыву сэрца, на самай справе яго прывязалі да дзвюх машын, якія раз'ехаліся ў розныя бакі. Святароў абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі.

Храм у гонар Серафіма Жыровіцкага існуе ў Слоніме і зараз будуецца ў Гродне. Штогод 6 верасня — у дзень пачатку пакут — адбываецца хрэсны ход ад Слоніма да Жыровіч. У Мінску пакуль ёсць адзін асобны абраз святара, змешчаны ў Пакроўскім храмавым комплексе ў Вяснянцы. Дарэчы, ніжняя царква там названая ў гонар Сабора навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Адным з першых студэнтаў факультэта грамадскіх навук Белдзяржуніверсітэта, адкрытага ў 1921 годзе, стаў Валяр'ян Навіцкі. Да гэтага ён вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі, якую зачынілі ў 1918 годзе, таму атрымаць адукацыю малады чалавек не паспеў. Пасля вырашыў працягнуць вучобу на аддзяленні права, але і гэтым разам яму не пашанцавала.

У 1923 годзе памёр яго бацька-святар, і Валяр'ян разумее, што ў гэты жорсткі час прэтэндэнтаў на яго месца ўжо не будзе. Са словамі «Трэба ратаваць веру» ён сыходзіць з універсітэта і вяртаецца ў родную вёску Цялядавічы Капыльскага раёна.

У 33 гады ён быў расстраляны. У яго засталося трое дзяцей і маладая жонка. З турмы ён пісаў: «Дзіначка, мне для захавання жыцця прапанавалі зрачыся Бога і сана. Я адмовіўся. Як ты справішся адна з дзеткамі?» — «Валечка, не зракайся ні Бога, ні сана. Мне дапаможа Гасподзь». Гэта былі апошнія словы, з якімі яны звярнуліся адзін да аднаго. Матушку пазбавілі не толькі выбарчых правоў, шанцу знайсці працу, але і магчымасці жыць у роднай вёсцы разам з дзецьмі. У гэтай бязвыхаднай сітуацыі ёй давялося выйсці на скрыжаванне, аддаць дзяцей першым, хто ёй сустрэўся, і паехаць шукаць долі.

Не ўсе дзеці трапілі ў добрыя рукі. Малодшая дачка выкарыстоўвалася ў якасці парабка, яе ўвесь час збівалі, таму памерла яна ў маладым узросце ад фізічных і псіхічных траўмаў. Двое іншых дзяцей сталі годнымі людзьмі, і, калі іх бацьку кананізавалі ў 1999 годзе, яны разам напісалі яго абраз. Пасля чаго штогод хадзілі з гэтым абразом вакол царквы ў хрэсны ход. Сын Яўген складаў вершы, у якіх распавядаў аб складаным жыцці. Месца расстрэлу Валяр'яна Навіцкага дагэтуль невядомае. Яго жонка скончыла свае дні ў Смаленскай вобласці, жыць на Беларусі ёй так і не дазволілі.

Уладзімір Хіраска доўгі час быў настаяцелем царквы ў гонар Божай Маці «Усіх тужлівых радасць». Гэта быў драўляны храм пры вучэльні сляпых, які знаходзіўся там, дзе зараз левае крыло Дома ўрада. Вучэльня для сляпых з'явілася ў Мінску ў 1900 годзе высілкамі Івана Здановіча, таго самага, якому належалі сучасныя Ждановічы. Уладзімір Хіраска, акрамя таго, што быў настаяцелем царквы пры вучэльні, яшчэ і выкладаў у ёй закон Божы і як толькі мог апякаў сваіх падапечных.

За тое, што ён падтрымліваў архіепіскапа Мелхіседэка (Паеўскага), не аднойчы быў арыштаваны. На допытах да яго так «уважліва» ставіліся, што пад канец свайго жыцця ён амаль аслеп, памёр у пакутах.

У Мінску, на вуліцы Матусевіча, існуе храм у гонар Уладзіміра Хіраскі, які і зараз цесна ўзаемадзейнічае з тымі, хто слаба бачыць. У памяць свяшчэннамучаніка праводзяць харавыя вечары, якія ўжо сталі традыцыйнымі, пры прыходзе дзейнічае брацтва, названае ў яго гонар.

Дарэчы, дзякуючы дачцэ Уладзіміра Хіраскі наш тэатр оперы і балета займеў назву Вялікі. Юлія Хіраска была адной з тых, хто адаптаваў беларускія народныя танцы для балета «Салавей». Менавіта праз гэту пастаноўку ў 1939-м тэатр атрымаў высокае званне.

Жанчына нават у замужжы не мяняла прозвішча, імкнучыся «абяліць» свайго рэпрэсаванага бацьку. У архіве захавалася яе біяграфія, дзе яна не хавае, што «бацька служыцель культу»: ніякія абставіны не змусілі яе адрачыся ад яго.

Святкаванне Сабору навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай было ўстаноўлена Сінодам Беларускай Праваслаўнай царквы ў 2011 годзе, яно прыпадае на 28 кастрычніка пры супадзеннні гэтай даты з нядзеляй ці ў наступную нядзелю пасля гэтай даты. Сёлета — 29 кастрычніка.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пакутнікі нашага часу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.