Вы тут

Жывыя прадукты на карысць арганізма і для стымуляцыі ўрадлівасці*


Ігар Забаштанскі — аўтар больш як 50 навуковых работ і амаль 20 вынаходак. Запатэнтаваная ўстаноўка для сушкі дражджэй і спосаб вытворчасці — адны з іх. Пра сваю працу дырэктар кажа: «Дрожджы цікавыя тым, каму гэта падабаецца. Я ўсё жыццё ў харчовай прамысловасці і іншай працы не ведаю і ведаць не хачу. Аўтарытэтаў у гэтай справе быць не павінна. Нельга глядзець, у каго лепшыя дасягненні. Усё трэба вывучаць дадаткова, нават вядомыя пастулаты».

Айчынная якасць

Выраб дражджэй — перш за ўсё біятэхналогія. Гэта жывыя арганізмы, якія спажываюць бялкі, цукры, вітаміны, мікраэлементы, яны «ведаюць», якое надвор'е за вокнамі, на іх «самаадчуванне» ўплываюць геамагнітныя буры. Хоць навукай такі ўплыў і не даказаны, спецыялісты ведаюць гэта на практыцы. Тэхналогія аднолькавая, а вынік учора і сёння можа крыху адрознівацца.

— Каб атрымаць якасны прадукт, пры яго гатаванні трэба вытрымліваць тэхналагічныя параметры і забяспечваць найвышэйшую стэрыльнасць, — зазначыў Ігар ЗАБАШТАНСКІ, дырэктар ААТ «Дражджавы камбінат». — Дражджавыя грыбкі, якія вырошчваюць у пажыўных глебах, можна параўнаць з пародзістым сабакам, схільным да хвароб і патрабуючым несупыннага клопату. А рознага кшталту мікробы і бактэрыі, якія хутчэй захопліваюць пажыўны асяродак, абмяжоўваючы развіццё культурных дражджэй, гэта дварнякі.

Якасць дражджэй ва ўсім свеце практычна аднолькавая. Асноўныя тэхналагічныя працэсы тут поўнасцю адпрацаваны і дадаць нешта новае для паляпшэння можна хіба што фрагментарна, іншым наборам абсталявання, упэўнены на камбінаце. Тут працуюць адпаведна і савецкім ДАСТам, калі патрабуе заказчык, і тэхнічным умовам, якія распрацавалі на прадпрыемстве і ўзгаднілі з адпаведнымі інстанцыямі. Да прадукту заўжды прыкладаецца тэхнічная інструкцыя, якая прадугледжвае вядзенне працэсу пэўным чынам.

У цэ­ху чыс­тай куль­ту­ры. Апе­ра­тар вы­рошч­ван­ня драж­джэй Ма­ры­на Сан­дроз­да­ва —  ад­на з тых, ка­му да­ру­ча­ны кант­роль за гэ­тым ад­каз­ным пра­цэ­сам.

Асноўная сыравіна для гатавання дражджэй — міласа — другасны прадукт перапрацоўкі беларускіх цукровых заводаў. Прабірку са штамам дражджэй прывозяць з Санкт-Пецярбурга. За тыдзень з 1 грама гэтага рэчыва можна атрымаць 50 тон дражджэй.

За выспяваннем дражджэй трэба несупынна сачыць і аналізаваць гэты працэс, каб яны раслі правільна. Уводзіць у рацыён дадатковыя мікраэлементы ці вітаміны, рэгуляваць і падтрымліваць тэмпературу, сачыць за аб'ёмам паветра і г. д.

Для транспарціроўкі «жывых» дражджэй, якія маюць невялікі тэрмін захавання, патрэбны спецыяльны транспарт і адпаведныя ўмовы захавання ў халадзільніку. Таму гэты прадукт рэалізуюць унутры краіны, задавольваючы 92—93% патрэб айчынных спажыўцоў. Тым больш што адпаведнымі машынамі прадпрыемства забяспечана. Замежныя карыстальнікі забіраюць прадукцыю самі.

— Дрожджы — гэта грыбы, якія размнажаюцца не дзяленнем, а пачкаваннем, і ў гэтым прынцыповая розніца, — заўважыў кіраўнік прадпрыемства. — У савецкія часы ў краіне пабудавалі некалькі заводаў бялкова-вітамінных канцэнтратаў, якія працавалі з грыбамі, што размнажаліся дзяленнем. З іх рабілі кармавыя дрожджы для жывёл. Пасля высветлілася, што яны ўбудоўваюцца ў генетычную структуру жывёл, а праз іх мяса — у чалавека, і заводы спынілі. Нашы ж дрожджы абагачаюць хлеб мікраэлементамі і амінакіслотамі, не наносячы шкоды спажыўцу.

Карысныя ўласцівасці дражджэй вядомыя здаўна. Ужываць гэты прадукт навучыліся яшчэ ў Старажытным Егіпце: спачатку з іх дапамогай варылі піва, значна пазней сталі выпякаць хлеб. А сучаснай культурнай тэхналогіі вытворчасці выведзеных дражджэй амаль 200 гадоў. Менавіта па ёй сёння працуюць у харчовай прамысловасці, атрымліваючы прадукты, багатыя на мікраэлементы і амінакіслоты. Па хімічным і біялагічным складзе ніводзін прадукт не мае такога поўнага набору пажыўных рэчываў, карысных для людзей, як дрожджы. Пра гэта добра ведаюць на сталічным дражджавым камбінаце, дзе выпускаюць хлебапякарныя, вінныя і спіртавыя дрожджы.

Ад рамонкаў да елак

Пра­дук­цыя кам­бі­на­та  доб­ра вя­до­мая  на хар­чо­вых  прад­пры­ем­ствах  і ў хат­няй гас­па­дар­цы.

Дрожджы з'яўляюцца асновай для яшчэ аднаго прадукту, які выпускае камбінат. Гэта экалагічны, бяспечны і натуральны біярэгулятар і стымулятар жыццядзейнасці раслін «Ростмамент». За некалькі гадоў ён заваяваў прыхільнасць агароднікаў і садаводаў Беларусі і суседніх краін. Прэпаратам можна апрацоўваць літаральна ўсё, што расце на ўчастку: ад аптэчных рамонкаў і руж да яблынь і елак. Гэта ідэальная альтэрнатыва хімічным угнаенням і гною.

— Карысныя рэчывы ў розных хімічных угнаеннях змяшчаюцца ў выглядзе іонаў, і раслінам складана і «нясмачна» спажываць іх. Можна сказаць, што ім гэта так жа агідна, як дзецям рыбін тлушч піць, — растлумачыў кіраўнік. — Карысныя рэчывы і мікраэлементы ў Ростмаменце знаходзяцца ў комплексе і ўбудаваны ў структуру дражджэй. Такім чынам раслінам прасцей і прыемней атрымліваць ежу, якая не мае ніякіх смакавых дадаткаў.

Выпрабаванні Ростмаментам прайшло ўжо больш як 40 культур. Прэпарат даследаваўся ў Акадэміі навук Беларусі, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, Бранскім дзяржаўным аграрным універсітэце (Расія), Вінніцкім нацыянальным аграрным універсітэце (Украіна), і паўсюдна ён атрымаў пазітыўныя водгукі.

Перш чым вынесці вердыкт, спецыялісты два гады сочаць, як угнаенне ўплывае на паддоследную расліннасць у пэўным клімаце і ўмовах. Пасля спецыяльная камісія разглядае вынікі і параўноўвае з паказчыкамі іншых прэпаратаў. Самыя лепшыя ўваходзяць у дзяржаўны рэестр рэчываў, дазволеных для ўжывання.

Дзеянне айчыннага біястымулятара цяпер вывучаюць у Арменіі і Еўропе. З Ізраіля ўжо летам атрымаюць вынікі двухгадовага назірання, а ў сакавіку — адаптацыю да ўжывання прэпарата ў вытворчасці шампіньёнаў. Вынікі праведзеных у палявых умовах выпрабаванняў на 500 гектарах цукровых буракоў паказалі павышэнне цукрыстасці на 1%. Гэта каласальная лічба, бо звычайная колькасць цукру ў гэтым прадукце — усяго 17—18%.

Штогод у рэестр дадаецца па дзве новыя расліны, якія «пакаштавалі смак» дражджавога ўгнаення, і апісваюцца дасягненні, якія яны прадэманстравалі пасля паліву стымулятарам. У ружы, напрыклад, на 50% павялічваецца колькасць бутонаў, ураджайнасць гароху ўзрастае на 100%, памідораў (у цяпліцах) — на 74%, клубніц — больш як на 43%. А па асабістых назіраннях дырэктара, калі пры пасадцы бульбы падсыпаць прэпарат у лунку, бацвінне бульбы не будуць есці каларадскія жукі, якія не нападаюць на моцныя расліны.

На­чаль­нік вы­твор­чай тэх­на­ла­гіч­най ла­ба­ра­то­рыі Крыс­ці­на Куц­ця.

Глядзець наперад

Сушаныя спіртавыя і вінныя дрожджы — прадукт вытворчасці, якую на камбінаце арганізавалі самастойна, — паспяхова экспартуюцца за межы краіны. Пры гэтым у прадпрыемства няма знешняй дэбіторскай запазычанасці, бо яно працуе па папярэдняй аплаце. Асноўны рынак айчынных вытворцаў — расійскі. Найчасцей ужывальны памер фасоўкі дражджэй — 250 грамаў, аднак па жаданні заказчыка зробяць пачкі па 100 і 500 грамаў, і нават па кілаграме, у вакуумнай упакоўцы або не.

— У лічбах пастаўкі не надта вялікія, аднак за апошнія два гады іх аб'ёмы выраслі ў разы, і мы працягваем павялічваць гэтую відавочна пазітыўную дынаміку, — падзяліўся Ігар Забаштанскі.  — Мы паспяхова трымаем у суседзяў сваю нішу, хоць дражджавы рынак запоўнены цалкам і канкурыраваць на ім цяжка.

Невялікія партыі ў мінулым годзе пастаўляліся і ў Англію. Буйная кампанія, якая фасуе дражджавыя прадукты і прадае па ўсім свеце, раней працавала з кітайскімі пастаўшчыкамі. Аднак рытмічнасць паставак прадукту кульгала. Беларусы аказаліся бліжэйшымі і таннейшымі. У камбіната ёсць люфт бяспекі, які дазваляе прадаваць прадукт на 20% танней, чым еўрапейцам.

— Трэба не гнацца за імгненнай выгадай, а глядзець наперад, — каментуе дырэктар. — Мы ўпэўнены ў сваёй якасці і можам даць новым заказчыкам 5–10 кілаграмаў на спробу і выпрабаванні нават дарма. Падыходзіць? Працуем з вамі далей. Цяпер мы развіваем магутнасці, каб пастаўляць на экспарт яшчэ і сушаныя хлебапякарныя дрожджы.

УНП 100104781

* - На правах рэкламы

Загаловак у газеце: Біятэхналогіі на дражджах

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.