Вы тут

Чаму на картах Мінска пазначана вуліца, якой у рэчаіснасці не існуе?


На самай справе, нягледзячы на ўсю абсурднасць сітуацыі, з ёй звязана вельмі асабістая і кранальная гісторыя. Каля месяца таму ў рэдакцыю патэлефанавала пажылая жанчына. У вялікім артыкуле, змешчаным у нашай газеце і прысвечаным вёскам, якія «паглынуў» Мінск, Бараноўшчына згадвалася ўсяго ў некалькіх сказах, але гэтага аказалася дастаткова, каб прыцягнуць пільную ўвагу Ліліі Мяфодзьеўны...


Той са­мы ме­ма­ры­яль­ны ка­мень, які па­ве­дам­ляе, што вёс­ка Ба­ра­ноў­шчы­на  па­ча­ла сваю гіс­то­рыю з фаль­вар­ка яшчэ ў па­чат­ку XІX ста­год­дзя.

А ўсё таму, што яна прачытала: вуліца з такой назвай цяпер існуе. І сапраўды, чалавеку, блізка не знаёмаму з сітуацыяй, цяжка ў гэтым усумніцца. Пошук у інтэрнэце з упэўненасцю выдае карты з дакладным месцазнаходжаннем Бараноўшчыны. Аднак калі вывучыць іх больш падрабязна, аказваецца, што на вуліцы не засталося ніводнага дома. Вось і атрымліваецца такі цуд, але не прыроды, а гарадской гаспадаркі: сама вуліца быццам бы ёсць, а пабудоў на ёй няма, а раз будынкаў няма, то якая ж гэта вуліца?

Але Лілія Мяфодзьеўна не бачыць нічога смешнага ў такім стане рэчаў, бо па справядлівасці гэту назву павінна была б насіць не тое што вуліца — а цэлы мікрараён! Калі мы вернемся на паўстагоддзя назад, то ўбачым, што Бараноўшчына была даволі буйной вёскай. Тут размяшчаліся малочнатаварная ферма, кузня, складскія збудаванні, парнікі, некалькі крам і нават свая школа. Менавіта школа і звязала лёс жанчыны з гэтай вёскай. Нягледзячы на тое, што сям'я жыла ў Мядзведжына, тады яшчэ дзяўчынка Ліля скончыла пачатковую школу ў Бараноўшчыне, а яе сястра і наогул выпусцілася з гэтай навучальнай установы, і самае галоўнае — іх бацька працаваў там дырэктарам.

— Мне б вельмі не хацелася, каб гісторыя вёскі, нават калі яна сама і не захавалася, была бясследна сцёртая з памяці людзей. І гэта не толькі з-за маіх уласных перажыванняў, якія ў першую чаргу звязаны з ушанаваннем майго бацькі, якому сёлета магло б споўніцца 105 гадоў, але і таму, што там жылі і працавалі годныя людзі, лічылі гэта месца сваім домам, яно на ўсё жыццё засталося для іх значным, — разважае Лілія Мяфодзьеўна.

Калі жанчына выйшла на пенсію, яна занялася гэтым пытаннем ушчыльную. Да таго, як у 1978 годзе Бараноўшчына ўвайшла ў склад сталіцы і яе жыхароў напаткалі сур'ёзныя перамены, вёска размяшчалася ў межах цяперашніх вуліц Цімашэнкі і Лабанка, уздоўж вуліцы Прытыцкага, тады яшчэ Ракаўскай шашы. Такім чынам, цяжка растлумачыць, чаму мікрараён, а ў далейшым і станцыя метро атрымалі назву зусім невялікай, на 4—5 двароў, вёскі Кунцаўшчына, якая знаходзілася зусім у іншым месцы — там, дзе зараз Чырвоны Бор, а такое велізарнае селішча было практычна цалкам праігнаравана.

Аднапавярховыя дамкі, якія раней адносіліся да вёскі, а потым да аднайменнай вуліцы, зносілі паступова. Асабліва доўга трымаўся адзін дом — ці не на дзесяцігоддзе даўжэй, чым усе астатнія, — па адрасе Бараноўшчына, 23. Магчыма, менавіта з-за яго блытаніна і ўзнікла. Тым не менш настойлівая жанчына вырашыла разабрацца ў сітуацыі да канца, таму патэлефанавала ў навакольныя паліклінікі і паштовыя аддзяленні, спрабуючы даведацца, ці абслугоўваюцца там жыхары гэтай вуліцы. У адказ усюды пачула — не! Аднак, напрыклад, у анлайн-даведніку паштовых індэксаў да гэтага часу без цяжкасцяў можна адшукаць індэкс Бараноўшчыны. Праўда, пісаць лісты ўжо няма куды...

Спрабуючы неяк выправіць сітуацыю, прадстаўнікі гарадскіх улад вырашылі прысвоіць назву Бараноўшчына хоць бы прыпынку грамадскага транспарту. Праўда, прыпынак не самы загружаны, ды і адсутнасць прывязкі да існуючых зараз у мікрараёне назваў, хутчэй, уводзіць у ступар жыхароў сталіцы, чым нагадвае пра гістарычнае мінулае гэтага месца.

Такі вынік Лілію Мяфодзьеўну не задаволіў, таму ў верасні 2014 года яна звярнулася на прамую лінію да кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Ён яе запэўніў, што пытанне ўжо прапрацоўваецца, хутка будзе прынята рашэнне. Праз некаторы час, калі жанчына ўжо нават перастала чакаць, яна атрымала афіцыйны адказ. Выйсце знайшлося: усталяваць мемарыяльны камень у памяць аб вёсцы, якая існавала на гэтым месцы. Адкрыццё помніка прымеркавалі да Дня горада ў мінулым годзе. Праўда, размясцілі яго не зусім там, дзе знаходзілася сама вёска, а, хутчэй, там, дзе было зручна — каля ўваходу ў буйны магазін. На ўрачыстасці далі слова і той, дзякуючы каму ён з'явіўся.

Лілія Мяфодзьеўна адзначае, што ёй як дачцы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны вельмі прыемна, што ў раёне шмат назваў прысвоены ў гонар герояў тых падзей: Якубоўскага, Адзінцова, Ляшчынскага, Бурдэйнага, Прытыцкага... Але гэта не значыць, што трэба забывацца пра іншыя складальнікі гісторыі — такія, як назва вёскі, якая доўгі час існавала на гэтым месцы. Станоўчы прыклад — той жа Зялёны Луг, які пачаў забудоўвацца крыху раней: рэальная гістарычная назва захавалася, што не перашкаджае існаванню вуліц, якія носяць
імёны выдатных дзеячаў. Гэтае пытанне, калі праводзілася праектаванне вуліцы Цімашэнкі, яна паспела абмеркаваць і з прадстаўнікамі раённага ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва. Жанчына прапаноўвала новай частцы вуліцы прысвоіць назву якраз такі Бараноўшчына, бо вуліца Цімашэнкі і так дастаткова працяглая. Аднак такое рашэнне палічылі нерацыянальным, бо новыя вуліцы яшчэ будуць з'яўляцца і цалкам могуць атрымаць такую назву...

Так, могуць, але ж не атрымліваюць! І пакуль Бараноўшчына існуе толькі ў памяці гісторыкаў і неабыякавых да яе лёсу людзей — якраз для іх яна значыць занадта шмат, каб забыцца самім або дазволіць забыцца іншым. І, хто ведае, можа быць, гэта сапраўды толькі «першы камень»?

P.S.

У адным з аддзелаў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, які займаецца арганізацыяй работы камісіі па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складаных частак г. Мінска, нам паведамілі, што на вуліцы Бараноўшчына на цяперашні момант зарэгістравана 7 дамоў, таму няма і гаворкі аб вяртанні гэтай назвы — яна, маўляў, і так існуе. Да таго ж асабістыя прапановы камісіяй не разглядаюцца, яны павінны быць прадстаўлены альбо арганізацыяй, альбо па рашэнні мясцовага рэферэндуму. Такім чынам, нас перанакіравалі ў Нацыянальнае кадастравае агенцтва, дзе нам таксама паведамілі, што па стане на 28 лютага 2017 года ў Рэестры назваў вуліц і дарог у г. Мінску вул. Бараноўшчына мае месца. Аўтар гэтых радкоў нават спецыяльна яшчэ раз з'ездзіў на месца, каб на ўласныя вочы пераканацца: нічога там няма. Вось вам і «Мёртвыя душы» (дакладней, вуліца) на сучасны лад!

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бараноўшчына: вуліца-прывід

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».