Вы тут

Ад банкруцтва да аздараўлення — адзін крок?


Сенатар аб тым, што варта зрабіць, каб адказ на гэтае пытанне быў станоўчым.

У крызіс самыя стойкія прадпрымальнікі не тонуць, а выплываюць на паверхню па свежае паветра, пераарыентоўваючы вытворчасць пад новыя патрэбы рынку. І па жыцці так: хтосьці ў неспрыяльных абставінах апускае рукі, а хтосьці да апошняга шукае выйсце — у залежнасці ад светапогляду. Так і з банкруцтвам. На першы погляд, адмоўная з'ява мае прыхаваныя магчымасці. Але, каб іх атрымаць, сёння трэба прыкласці нямала намаганняў. Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах ужо не першы год аналізуе, наколькі эфектыўна працуе інстытут банкруцтва ў нашай краіне. Пра гэта і тое, з якімі праблемамі можа сутыкнуцца неплацежаздольнае прадпрыемства, расказаў спецыяльна для «МС» старшыня Пастаяннай камісіі Уладзімір ПАНЦЮХОЎ.


— Уладзімір Іванавіч, наколькі вострай для нашай краіны з'яўляецца тэма банкруцтва дзяржарганізацый?

— Па даных Міністэрства эканомікі, у першым паўгоддзі мінулага года меры па фінансавым аздараўленні прымяняліся да 875 дзяржаўных арганізацый, а гэта 68% ад усіх неплацежаздольных арганізацый па даных на пачатак мінулага года. З іх распрацаваныя меры выканалі 393 арганізацыі, а не справілася, на жаль, большасць — 482. Прытым з першых аднавілі плацежаздольнасць усяго 55, палепшылі яе 477 прадпрыемстваў. Асноўныя прычыны фінансавых няўдач — рост крэдыторскай запазычанасці, тарыфаў на сыравіну, а таксама недахоп абаротных сродкаў для павелічэння аб'ёмаў прадукцыі і продажаў адпаведна.

Але сёння ад банкруцтва не застрахаваны ніхто. Рэзкае падзенне попыту, немагчымасць расплачвацца па даўгах, складанасць прыцягнення крэдытаў і шэраг іншых прычын здольныя ператварыць у банкрута любое паспяховае і ўстойлівае ў фінансавым плане прадпрыемства... 

— Няўжо ўсё так песімістычна?

— Банкруцтва суб'ектаў гаспадарання можа і павінна несці ў сабе і стваральную сілу. Яго прамой задачай з'яўляецца павышэнне гарантый зваротнасці інвестыцый, а гэта азначае рост іх прытоку ў краіну. Такім чынам, умовы для інвестыцый калі і трэба мяняць, то толькі ў лепшы бок. Рабіць усё, каб інвестар разумеў, што ўкладанні ў Рэспубліцы Беларусь выгадныя і надзейныя. Пры гэтым без банкруцтва не абыходзіцца вядзенне спраў ні ў адной дзяржаве. «Эканоміка, у якой не бывае банкруцтваў, абавязкова збанкрутуецца», — такую думку выказаў расійскі журналіст Максім Званароў. Таму наша прамая задача — накіраваць непазбежны для эканомікі працэс у правільнае рэчышча.

Закон аб банкруцтве прадугледжвае наступныя стадыі працэдуры: спачатку ўласнікі, заснавальнікі і органы ўлады (калі гэта датычыцца дзяржпрадпрыемстваў) прымаюць меры па папярэджанні банкруцтва, другая стадыя — гэта дасудовае аздараўленне, трэцяя — эканамічная неплацежаздольнасць, санацыя (працэдура аздараўлення) і чацвёртая — банкруцтва з ліквідацыяй. Сёння такая сістэма дазваляе падтрымліваць у працэдуры банкруцтва не больш за 100 прадпрыемстваў дзяржсектара.

У той жа час мы задаёмся пытаннем: як зрабіць так, каб паспяховага бізнесу было больш, а прадпрыемстваў-банкрутаў — менш? Што рабіць з горадаўтваральнымі, сацыяльна значнымі прадпрыемствамі, якія маюць патрэбу ў фінансавым аздараўленні? Тут з аднаго боку аказваюцца рынкавыя законы, без выканання якіх немагчымая здаровая эканоміка. З другога — людзі, інтарэсы якіх неабходна ўлічваць.

Падчас наведвання магілёўскай швейнай фірмы «Вяснянка»,  якая зараз праходзіць працэдуру санацыі.

— Як у такім выпадку абараняць інтарэсы людзей?

— Асабліва вострае сацыяльнае напружанне ўзнікае, калі на мяжы банкруцтва аказваюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы ў гарадах і пасёлках, калі гаворка ідзе пра затрымкі зарплаты. Падае якасць жыцця, адбываецца дыскваліфікацыя і дэмаралізацыя асобных груп работнікаў. Пратэрміноўкі зарплаты не толькі адмоўна ўплываюць на сацыяльную абстаноўку, але і наносяць удар па ўзнаўленні працоўных рэсурсаў, гарантыях пенсійнага забеспячэння.

З пункту гледжання сацыяльных гарантый беспрацоўны мае права на дапамогу пры страце заробку. А працаўнік, які страціў сродкі для існавання ў выніку банкруцтва, падобнага права пазбаўлены і павінен чакаць кампенсацыі ад работадаўцы. Больш таго, чалавек, які працуе без зарплаты на арганізацыю-банкрута, фармальна прызнаецца працуючым. А жыць жа яму на штосьці трэба!

— Каму варта накіроўваць вырашэнне гэтага пытання?

— Савет Рэспублікі ўжо накіраваў яго да профільнага міністэрства — Мінпрацы. Мы лічым, што менавіта гэтай структуры неабходна клапаціцца пра такую жыццёва важную для многіх работнікаў праблему і выступаць ініцыятарам распрацоўкі механізма безумоўных выплат за працу. Спагнанне даўгоў — доўгая і працаёмкая працэдура. Працоўныя калектывы не павінны наймаць адвакатаў або іншых спецыялістаў, каб разбірацца ў прычынах пратэрміноўкі зарплаты. Такім чынам, без спецыяльных кампенсацыйных механізмаў не абысціся. Пытанне ў тым, якімі ім быць і на якіх умовах яны павінны стварацца?

Сёння варыянты вырашэння праблемы запазычанасці па аплаце працы можна разглядаць як своеасаблівую мадэль карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Будучы механізм павінен знізіць узровень сацыяльнай напружанасці і працоўных канфліктаў, палепшыць фінансавую дысцыпліну, узмацніць адказнасць работадаўцы перад работнікам і, галоўнае, рэалізаваць цывілізаваны падыход да ўрэгулявання адносін паміж работнікамі і работадаўцам, а не карыстацца гвалтоўным спыненнем працы, правядзеннем акцый пратэсту ці іншымі радыкальнымі мерамі.

— Якія яшчэ праблемы ў сферы банкруцтва пакуль не вырашаны?

— Па-першае, дагэтуль існуе несвоечасовая ініцыяцыя праблемным прадпрыемствам свайго банкруцтва, што прыводзіць да значных страт дзяржавы і супрацоўнікаў установы, а таксама зніжае магчымасці захаваць арганізацыю. Тут яшчэ належыць распрацаваць дадатковыя стымулы. Для гэтага трэба актывізаваць работу камісій па папярэджанні эканамічнай неплацежаздольнасці. Але ў аднаўленні плацежаздольнасці павінны быць зацікаўлены, перш за ўсё, самі прадпрыемствы.

Па-другое, вялікая колькасць крэдытораў ад дзяржавы робіць выплату даўгоў больш складанай, заблытанай. Прапанаванае камісіяй рашэнне — вызначэнне кансалідаванага (адзінага) крэдытора ад імя дзяржавы ў асобе падатковых органаў. Усё гэта мусіць адбывацца з урэгуляваннем механізма перадачы яму фіскальных патрабаванняў, што дазволіць скараціць тэрміны і працэсуальныя выдаткі.

Па-трэцяе, мы падтрымліваем падыход да прадстаўлення кандыдатур антыкрызісных кіраўнікоў і іх прызначэння ў канкрэтныя справы выпадковым спосабам. Але прапаноўваем асноўны аб'ём кантролю за імі перанесці на сходы крэдытораў.

Па-чацвёртае, трэба перавесці таргі па продажы маёмасці даўжніка (коштам звыш вызначанай мяжы) выключна ў электронную форму.

Усе гэтыя прапановы — вынікі аналізу, які мы праводзім не першы год. Нягледзячы на тое, што наша галоўная задача — уносіць змены ў заканадаўства, кожную з іх мы бяром з жыцця: гутарым з людзьмі, наведваем прадпрыемствы, улічваем прапановы кіраўнікоў кампаній. Напрыклад, у гэтым месяцы выязджалі ў Магілёў, дзе абмяркоўвалі тэму банкруцтва разам з выканаўчай уладай, Міністэрствам эканомікі, дырэктарамі дзяржаўных прадпрыемстваў. Бо для парламентарыя галоўнае памятаць пра тое, што законы створаны перш за ўсё для людзей і ўнесеныя змены мусяць ісці менавіта ад іх.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.