Вы тут

Як моладзь спакушаюць застацца пасля адпрацоўкі размеркавання


На слова «размеркаванне» студэнты апошняга курса рэагуюць нервова. Бо вольніца скончылася і прыходзіць «расплата» за бюджэтнае навучанне. Для многіх гэта стрэс — пасля вучобы ў вялікім горадзе ехаць адпрацоўваць, як той казаў, у вірах на юрах. Многія маладыя спецыялісты, адбыўшы там свае два гады, імчаць назад: да ўлюбёных кавярняў, гіпермаркетаў і дзелавітай мегаполіснай мітусні. Не паспее адзін учорашні студэнт набрацца досведу, як на яго месца прыходзіць чарговы. Як спыніць гэты кругазварот? Ці рэальна затрымаць моладзь у маленькім горадзе пасля адпрацоўкі? Якія сацыяльныя «пернікі» патрэбныя, каб яна заставалася на перыферыі? І чаму многія з'язджаюць нягледзячы ні на што? Адказ на гэта пытанне мы шукалі ў Ельску.


Хата, крама і більярд

Ускраіна Беларусі, далёка ад абласнога цэнтра Гомеля і тым больш ад сталіцы. Плюс ёсць забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі. Насельніцтва горада і раёна — усяго 15 тысяч чалавек. Сукупнасць гэтых фактараў робіць праблему «затрымання» маладых спецыялістаў надзвычай актуальнай для Ельска. «Штогод да нас прыбывае па размеркаванні 70—100 чалавек. Пераважна ў сферы адукацыі, медыцыны, сельскай і лясной гаспадаркі, — расказвае Вікторыя БАКЛАН, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама. — Мы іх запрашаем на сустрэчу з кіраўніцтвам горада і раёна, прапаноўваем кансультацыйную дапамогу. І кожны можа звярнуцца са сваімі пытаннямі. Свае метады работы з маладымі спецыялістамі ёсць і на кожным прадпрыемстве або ва ўстанове».

Адзін з галоўных «козыраў», якімі карыстаюцца кіраўнікі тутэйшых арганізацый, каб затрымаць моладзь, — гэта жыллё. Нехта выдзяляе ведамасныя кватэры, нехта кампенсуе работніку кошт здымнай «хаты». Расцэнкі на арэнду ў параўнанні са сталіцай проста смешныя: аднапакаёўку можна зняць за $25—30 плюс камунальныя. Будуюцца і новыя шматкватэрныя дамы: у іх жывуць пераважна сем'і, што атрымалі льготны крэдыт на будаўніцтва. У горадзе ўзнік цэлы мікрараён, які так і называецца — «Маладзёжны».

Дах над галавой — гэта важна. Ды пасля працы хочацца і недзе адпачыць. І пажадана культурна, а не ў завуголлі за крамай ці ў парку на лаўцы. «І ў горадзе, і ў вёсках у нас ёсць установы культуры, — расказвае Вікторыя Баклан. — А ў Ельску таксама працуюць кінатэатр з більярднай залай, спартыўны комплекс, аматарская танцавальная студыя. Ёсць рэстаран, тры кавярні, буйны сеткавы гастраном. Гандаль нехарчовымі таварамі даволі развіты за кошт прыватнага прадпрымальніцтва. А яшчэ моладзь актыўна карыстаецца інтэрнэт-крамамі».

Меншы горад — большыя перспектывы?

Што да кар'ерных перспектыў, то ў невялікім горадзе талковы хлопец або дзяўчына можа «прабіцца» хутчэй: тут меншая канкурэнцыя. «Гэта нармальная практыка, калі доктар, адпрацаваўшы 2—3 гады і набраўшыся вопыту, ідзе на павышэнне, — тлумачыць Наталля ЦІШКОВА, галоўны ўрач Ельскай цэнтральнай раённай бальніцы, — і атрымлівае больш адказную пасаду. Дый на «старце» сярэдняя зарплата маладога спецыяліста-ўрача ў нашай установе — 950 рублёў. Як нам гэта ўдаецца? Падцягваем усе рэсурсы: «кантрактныя», прэмія, даплата за інтэнсіўнасць і г. д. Хоць і нагрузка даволі вялікая. Але заробак многіх заахвочвае заставацца. Плюс даём службовае жыллё».

Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Святлана Васілеўская яшчэ не так даўно лічылася маладым спецыялістам. Сама родам з вёскі ў Калінкавіцкім раёне, а медуніверсітэт скончыла ў Гродне. Святлана ўжо была замужам, калі атрымала размеркаванне ў Ельскі раён. «Муж на той момант працаваў у Гродне інжынерам-праекціроўшчыкам, — расказвае доктар. — Свайго жылля там у нас не было, а я ўжо чакала дзіця. А тут далі службовую кватэру. І мы з мужам вырашылі пераехаць у Ельск. Ён уладкаваўся на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод: і калектыў добры, і зарплата задавальняе. Купілі машыну — і муж ездзіць на працу ў Мазыр».

«Я выбіраю мегаполіс!»

Аргументы на карысць таго, каб застацца ў Ельску, зразумелыя: цішыня, недарагое жыллё, неблагая інфраструктура. А калі яшчэ і з зарплатай не пакрыўдзілі, то можна жыць як у Бога за плячыма. Аднак у тых, хто з'язджае, ёсць аргументы не менш важкія. Караліна нарадзілася і вырасла ў Ельску. Скончыўшы Мазырскі педуніверсітэт, адпрацавала два гады на малой радзіме. Пасля дзяўчына пераехала ў Мінск, дзе таксама працуе па спецыяльнасці, бо лічыць настаўніцтва сваім прызваннем. Родны Ельск згадвае з настальгіяй, але вяртацца туды не спяшаецца. Больш таго: рашэнне з'ехаць адтуль саспела ў яе яшчэ да паступлення ў ВНУ. «Па-першае, я чалавек амбітны, а ў малым гарадку мне асабліва няма куды расці, — кажа малады педагог. — Па-другое, як і любая дзяўчына, я задумваюся пра сям'ю і дзяцей. А ў Ельску вартыя ўвагі мужчыны даўно жанатыя. У мегаполісе больш магчыма знайсці сваю «палавінку». Па-трэцяе, у маленькім горадзе ты нібы пад лупай. А ў Мінску нікому няма да цябе справы».

Ці ёсць, на думку Караліны, плюсы ў маленькага горада? «У Ельску дзеці і іх бацькі ставяцца да настаўнікаў з большай павагай, — сцвярджае дзяўчына. — А сталічныя школьнікі больш ведаюць пра свае правы, чым пра абавязкі. Акрамя таго, Ельск — гэта пацярпелы ад Чарнобыля раён. Два разы на год я разам з вучнямі ездзіла ў санаторый. Але ў Мінску ў мяне больш прасторы для развіцця. Як класны кіраўнік, я бываю з вучнямі ў тэатрах, музеях, на спартыўных арэнах. І праблема, куды схадзіць у свой вольны час, таксама не паўстае. Таму я выбіраю тлум мегаполіса».

Сярод мінусаў сталічнага жыцця Караліна адзначае дарагоўлю жылля. За арэнду сціплага пакойчыка настаўніца аддае палову сваёй невялікай зарплаты. Дзяўчына суцяшае сябе тым, што не ўсё прыходзіць адразу. «Калі атрымаю катэгорыю, то і заробак вырасце. А пакуль можна і пацярпець крыху. Галоўнае, што ў мяне ёсць мэта».

Незваротныя страты

З аднаго боку, 60—70 працэнтаў ураджэнцаў Ельшчыны, адвучыўшыся ў іншых гарадах, вяртаюцца па размеркаванні на малую радзіму, нараджаюць дзяцей і пускаюць тут «карані». (І гэта добры паказчык для горада з насельніцтвам менш за 10 тысяч чалавек.) Даступнае жыллё і неблагая для райцэнтра інфраструктура — як кажуць, лепей сініца ў руцэ, чым журавель у небе. Дый аднымі «пернікамі» ўчарашняга маладога спецыяліста на перыферыі не затрымаеш. Бо ўсё вызначаецца менталітэтам чалавека. Камусьці даспадобы няспешлівасць правінцыйнага жыцця. Іншых — хоць ты пабудуй ім катэдж з басейнам і верталётнай пляцоўкай — вабяць агні вялікага горада. Таму 30—40 працэнтаў тых, хто з'ехаў, — гэта незваротныя «страты», з якімі варта змірыцца. Правінцыя заўсёды жывіла людскімі рэсурсамі вялікія гарады. І людзі родам з глыбінкі часта дасягаюць у мегаполісах немалых поспехаў. Бо сітуацыя «пан ці прапаў» прымушае варушыцца. Таму перыферыя з яе нібыта адсутнасцю перспектыў — сапраўдная «кузня» маладых і ініцыятыўных кадраў. Кадраў, што імкнуцца даказаць: мы таксама не аборай хлеб кроім. Але для падтрымання ў гэтай кузні «агню» патрэбныя рэсурсы: жыллё, даплаты да заробку і дадатковыя льготы. Каб ствараліся новыя сем'і, нараджаліся дзеці. Аднак ці кожны раён і ці кожнае прадпрыемства на перыферыі можа дазволіць сабе гэткую раскошу — «пернікі» для маладых?

Валянцін БОЙКА

bоіkа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: ЗАГАДАНА ЗАТРЫМАЦЬ!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».